Ад плошчы да самых ускраін

Пра добраўпарадкаванне горада гутарым з намеснікам старшыні райвыканкама Аляксандрам Шыдлоўскім.

 — Аляксандр Аляксандравіч, планы, намечаныя на бягучы год, былі даволі значнымі. Якія з іх удалося рэалізаваць, а якія не?

 — Сапраўды, планы былі маштабнымі, натуральна, не ўсе іх паспелі рэалізаваць.

Напрыклад, удалося правесці запланаваную рэканструкцыю пешаходных дарожак уздоўж вулі­цы Карла Маркса. Думаю, лепяльчане цалкам ацанілі перавагі новага тратуарнага плітачнага пакрыцця. А вось добра­ўпарадкаванне вуліцы Войкава зацягваецца. Прычына — пракладванне цепласетак. Пакуль яны не будуць укладзены ў зямлю, не правераць надзейнасць мацаванняў і зварных швоў, новы асфальт застанецца толькі ў планах.

 — Наступны важны аб’ект — вуліца Караленкі…

 — Па ёй ад Юбілейнай крамы да скрыжавання з Пышнянскім завулкам пракладваецца новае асфальтавае пакрыццё. Ад вуліцы Веры Маргевіч вя­дзецца ямачны рамонт.

 Хачу засяродзіць увагу на вуліцы Барысаўскі тракт, дварах па вуліцы Ялугіна. У першым выпадку мы плануем завяршыць абуладкаванне пешаходнай дарожкі да скрыжавання з вуліцай Чуйкова да канца года, а добраўпарадкаванне двароў па Ялугіна — да Дня горада, з некаторай дапрацоўкай да канца верасня.

 — Што намячаецца зрабіць у бліжэйшы час у гарадскіх парках?

 — Доўгі час у парках не праводзілася сур’ёзная праца па абнаўленні дрэванасаджэнняў і кустоў, таму ў бліжэйшыя гады гэтым зоймемся ўшчыльную. У абодвух парках прадоўжым выбарачныя высечкі старых дрэў з адначасовай падсадкай маладых. Хачу звярнуць увагу на яшчэ адзін аб’ект — лесапасадкі ля Салдацкага моста. Многія іх не лічаць часткай горада, уяўляючы, што захо­дзяць у дзікі лес, а марна. Пасадкі ўключаны ў межы Лепеля, таму на іх распаўсюджваюцца такія ж правілы догляду, як і на паркі. У бліжэйшы час там таксама будзе праведзена прарэджванне дрэў, бо яны растуць густа, замінаючы адно аднаму.

 — У мінулы раз мы шмат увагі ўдзялялі гарадскому фантану, пісалі пра плануемую яго рэканструкцыю…

 — Тут іншая праблема. Паркі адносяцца да рэкрэацыйных тэрыторый, як, дарэчы, і гісторыка-культурныя помнікі. Там можна рабіць хіба што касметычны рамонт, а вось на любую больш-менш сур’ёзную рэканструкцыю патрабуюцца ўзгадненні паміж Міністэрствамі архітэктуры і будаўніцтва і культуры. Гэты нюанс мы не ўлічылі і не паспелі падрыхтаваць неабходныя дакументы.

 Дарэчы, падобная сітуацыя склалася і з задумай наконт гадзінніка ў франтоне на будынку раённага вузла паштовай сувязі. На маю думку, ён там выглядаў бы вельмі дарэчы, прыгожа. Аднак, паколькі будынак пошты з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю, само аблічча плошчы Свабоды — таксама, на любыя перабудовы там патрабуецца міністэрскае ўзгадненне.

 — Зроблена значная рэканструкцыя на ўчастку плошчы Свабоды перад касай “Беларусбанка”…

 — Гэты ўчастак, калі памятаеце, уяўляў сабой канаву, парослую хмызняком, ён не ўваходзіў у склад тэрыторый плошчы. Правялі там добраўпарадкаванне. Думаю, лепяльчане і госці горада з удзячнасцю прымуць такі падарунак.

 — А як наконт новага помніка? На старонках газеты, у інтэрнэце выказваліся разнастайныя прапановы: помнік цмоку — міфічнаму жыхару Лепельскага возера, помнік ля школы, фантан на Пятачку… Напэўна, былі і іншыя…

 — Палеміку ў газеце, а асабліва ў інтэрнэце, бачыў. Аднак мы прасілі дасылаць заяўкі на адрас райвыканкама, па ўсіх правілах. За некалькі месяцаў, што прайшлі з часу нашай гутаркі, ніводнай прапановы, ніводнай ідэі не паступала. Што ж, перанясём ідэю новага помніка на новае свята горада.

 Дарэчы, кожны гараджанін можа і павінен унесці свой уклад у навя­дзенне парадку і хараства вакол сябе. Дастаткова хаця б на адзін вечар выйсці ў двор з мятлой, граблямі, іншым рыштункам. Прыгажосць, зробленая сваімі рукамі, будзе радаваць яшчэ больш.

Інтэрв’ю правёў

Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>