Празднование Масленицы на Лепельщине

img_4698— Сёння весела ў нас —
Мы зіму праважаем,
І хто на свята
да нас прыйшоў,
Мы ўсіх вас паважаем! — гучыць цёплае прывітанне артыстаў, а да святочнай дзеі далучаецца ўсё больш гасцей. Ва ўсіх — цудоўны, прыўзняты настрой, а ў паветры адчуваецца пах свежаспечаных бліноў. Вось так, радасна і ярка кожны год у вёсцы Бароўка праводзіцца раённае свята — Масленіца.

Трэба адзначыць, што гэта не проста свята, а выдатнае спалучэнне гумару, песень, танцаў і творчасці. Кожны год святкаванне Масленіцы вызначаецца адметнасцю і асаблівым каларытам.
Сёлета свята пачалося з урачыстага шэсця. Ля будынка Бароўскага сельвыканкама выстраілася святочная калона ўдзельнікаў Масленіцы. Гучаць бадзёрыя музычная акорды, а да сцэнічнай пляцоўкі Бароўскага Цэнтра культуры і вольнага часу крочаць разам з героямі свята прадстаўнікі дзяржаўнай установы адукацыі “Бароўская сярэдняя школа Лепельскага раёна”, ДУ “Лепельская дзіцячая школа мастацтваў” філіяла “Бароўская дзіцячая школа мастацтваў”, мастацкага аддзела “Лепельскага раённага цэнтра дзяцей і моладзі”. Шчыра прывіталі гасцей таксама прадстаўнікі камунальнага ўнітарнага прадпрыемства “Дзіцячы рэабілітацыйна-аздараўленчы цэнтр “Жамчужына”, наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту в. Бароўка ТЦСАН Лепельскага раёна і Бароўскай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі ўстановы аховы здароўя “Лепельская цэнтральная раённая бальніца”.
img_1290Паступова да свята далучалася ўсё больш гасцей. Цёплымі вершаванымі радкамі прывіталі ўсіх артысты Бароўскага Цэнтра культуры і вольнага часу Алена Матузава і Наталля Занько. Выдатны святочны настрой падарылі прысутным удзельнікі народнага ансамбля жартоўнай песні “Грымзолі”. Паступова перад гледачамі раскрывалася сцэнічная дзея. Прыгажуня Зіма, ролю якой выдатна выканала Ларыса Кіпарэнка, вельмі не хацела адыходзіць.
— Я сама ў КУВП “Бароўка” яшчэ ў снежні пазваніла і заяўку на снег пакінула. Снегу прасіла, прасіла, званіла… І што? Аднак я хачу застацца, з вясною сустрэцца. Сасватаць бы дзяўчыну — ёсць у мяне тры сыны. З вясною я параднілася б, і сваё ўладаранне прадоўжыла б…”
img_4761Аднак героі свята прапанавалі гасцям развітацца з Зімой, а для гэтага трэба было паўдзельнічаць у цікавых гульнях і конкурсах. Шмат станоўчых эмоцый усім падарыла гульня-забава “Падушкі”. Удзельнікі размясціліся ў двух намаляваных кругах. Ім патрэбна было пры дапамозе падушак выбіць адзін аднаго з кругоў. Ад душы пасмяяліся і дарослыя, і дзеці ў час конкурсу “Но, мяцёлкі!”. Некалькі каманд-удзельнікаў каталіся на мяцёлках, і тая каманда, якая спраўляўся хутчэй, і станавілася пераможцай. А вось у гульні “Перанясі блін” неабходна было праявіць спрыт і асцярожнасць. Атрымалі заданне: перанесці блін. Адзін удзельнік павінен быў пераносіць галоўны масленічны атрыбут узяўшы ў губы, пара — з двух краёў, а таксама можна было праносіць яго ўтраіх. У каго ж блін заставаўся цэлым, той і быў пераможцам гульні. Нямала ўдзельнікаў праявілі свае фізічныя здольнасці ў конкурсах па перацягванні каната і падняцці гіры. А вось у якасці прызоў госці атрымлівалі бліны з варэннем.
Уразілі гасцей цудоўныя выставы, падрыхтаваныя майстрамі і ўмельцамі Лепельшчыны. Немагчыма было адвесці вачэй ад непаўторных твораў работнікаў дзяржаўнай установы культуры “Лепельскі Цэнтр рамёстваў”. Арыгінальныя сувеніры, бранзалеты, паясы, лялькі, вырабы з гліны і саломы… Кожны з твораў прыцягваў увагу сваёй самабытнасцю. Побач была падрыхтавана яркая выстава вядомага ў раёне майстра разьбы па дрэве Анатоля Сімановіча. Прыгожыя пано, сувеніры, свістулькі вельмі спадабаліся гасцям, многія з якіх ахвотна набываліся за прымальную плату.
img_4681Вялікую цікавасць у гледачоў выклікала і выстава сувеніраў, вырабленых майстрыхай Тамарай Мінжулі-
най. Пры стварэнні прыгожых вырабаў майстрыха выкарыстоўвае мыльную аснову, эфірнае масла і харчовыя фарбавальнікі. Са звычайных, на першы погляд, сродкаў атрымліваюцца арыгінальныя рэчы, якія могуць стаць выдатным падарункам для родных і сяброў. Гэтым відам творчасці жанчына займаецца на працягу двух гадоў. Вельмі спадабаліся гледачам таксама цудоўныя кошыкі з лазы і творы, вырабленыя з папяровай лазы, Надзеі Аніферавай. Арыгінальна выглядалі таксама сувеніры, вырабленыя маці і дачкой — Таццянай і Мар’янай Волкавымі. Цудоўныя творы выставілі на суд гледачоў таксама Алена Смірнова і яе дачка Яўгенія.
— Працяглы час мы з сям’ёй жылі ў Мінску. Аднак, аднойчы пабываўшы на жывапіснай Лепельшчыне, былі ўражаны мясцовай прыгажосцю, блакітнавокімі азёрамі, і пераехалі на пастаяннае жыхарства ў маляўнічую вёску Бароўка. Адзначу, што тут жывуць вельмі шчырыя, адкрытыя сэрцам людзі. З упэўненасцю магу сказаць, што Лепельшчына — адзін з самых непаўторных і жывапісных куткоў Беларусі. Сюды ад душы раю прыехаць усім сваім сябрам і знаёмым.
А свята набірала ўсё большы размах. Дзеці з задавальненнем каталіся на святочным вазку, забаўлялілся на арэлях. Работнікі дзяржаўнай установы “Лепельская дзіцячая школа мастацтваў” арганізавалі для юных гасцей цікавыя гульні. Разам патанцаваць запрашалі гасцей сімпатычны Мішка і Дракоша, у якіх пераапрануліся прадстаўнікі “Жамчужыны”. Кожны з гасцей знайшоў для сябе занятак па душы.
А якое ж свята без шчодрых пачастункаў? За прымальную плату гасцям прапаноўвалі пакаштаваць свежаспечаных бліноў з апетытным начыннем работнікі КУП ДРАЦ “Жамчужына”, Бароўскай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі і іншых устаноў.
— Ды што здарылася? Куды вы мяне цягнеце? — выходзіць на сцэну з чарпаком у руках мілая Масленіца, якую сыграла Ірына Крупская. — У мяне ж бліны пякуцца, песні салодкім мёдам ліюцца…
Масленіца цёпла прывітала Зімушка-Зіму:
— Пазнавата ты прыйшла. Нам развітвацца пара.
— Нікуды я не пайду! Правоў сваіх не аддам! Свайго сына я з Вясной ажаню!
А для таго, каб прагнаць настойлівую Зіму, Масленіца паклікала на дапамогу камаеда Мішу, з роляй якога справілася Алена Несцерава. Прыйшлося Зіме адысці…
— Што ж, па-вашаму няхай будзе, не хачу я шкодзіць людзям! Аднак на развітанне вам скажу: пра мяне не забывайце, у снежні мяне сустракайце!
img_4693Шчыра весяліліся ў гэты дзень і дарослыя, і дзеці. Мілагучнай плынню са сцэны ліліся песні ў выкананні вакальнага калектыву “Ваколіца”, удзельніц калектыву сольных спеваў “Івалга” Алены Матузавай, Тамары Каваленкі, Наталлі Занько, вакальнага калектыву “Сударушкі”. Парадавала сваім выступленнем і прадстаўніца аддзялення дзённага знаходжання для людзей пажылога ўзросту Любоў Палудненка. Нікога не пакінулі раўнадушным выступленні вядомых выканаўцаў Таццяны Невядомскай, Ігара Вішнеўскага, Віталя Конева і Ганны Шаркоўскай. Сваімі яркімі выступленнямі ўразілі гасцей таксама юныя адпачывальнікі дзіцячага рэабілітацыйна-аздараўленчага цэнтра “Жамчужына” — навучэнцы сярэдняй школы №25 г. Гомеля і Ленінскай СШ Магілёўскай вобласці.
Шчыра запрасіла ўсіх гасцей пачаставацца духмянымі блінамі з варэннем Масленіца.
Старшыня Бароўскага сельвыканкама Валерый Кляшторны цёпла прывітаў гасцей, выказаў у іх адрас словы віншаванняў і ўручыў памятныя падарункі прадстаўнікам арганізацый, якія сталі прынялі ўдзел у конкурсе на лепшы “Сімвал Масленіцы”. Гэта калектывы КУП ДРАЦ “Жамчужына”, ДУА “Бароўская сярэдняя школа Лепельскага раёна”, дзяржаўнай установы адукацыі “Лепельская дзіцячая школа мастацтваў” філіяла “Бароўская дзіцячая школа мастацтваў”, мастацкага аддзела ДУДА “Лепельскі раённы цэнтр дзяцей і моладзі”. Заслужаныя ўзнагароды атрымалі таксама прадстаўнікі аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту вёскі Бароўка ТЦСАН Лепельскага раёна і Бароўскай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі ўстановы аховы здароўя “Лепельская цэнтральная раённая бальніца”.
І вось надышоў яркі і хвалюючы момант — госці свята паклікалі Вясну, у ролі якой выступіла Людміла Казлоўская. З сабой яна прынесла цяпло, асаблівую свежасць, а таксама ажыццяўленне светлых мараў і надзей.
— Вучыць Бог
людзей дараваць
І крыўду не трымаць,
Міласэрнасці адкрыцца,
З добрым сэрцам
памаліцца…
Героі свята ад душы павіншавалі ўсіх гасцей з Даравальнай Нядзеляй, якая адзначаецца ў апошні дзень Масленіцы. Затым усім было прапанавана ўстаць у дружны карагод і праводзіць Зіму. Па традыцыі гэта адбываецца пасля спальвання Лялькі.
Ляльку з тканіны хутка агарнула полымя, паўсюдна не сціхаюць радасныя воклічы… Вясна прыйшла! І няхай кожнаму з нас гэта светлая непаўторная пара абавязкова прынясе асаблівую радасць, шчасце, дабрабыт і ажыццяўленне запаветных мар!
На здымках: падчас святкавання Масленіцы.
Святлана ВАЗНЯК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>