В честь защитников Отечества

img_6546 Урачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя Дню абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, пачаліся з ускладання вянкоў да магіл партызанаў і чырвонаармейцаў на плошчы Свабоды.
Гэта вельмі сімвалічна — людзі, якія аддалі свае жыцці за тое, каб мы жылі ў свабоднай, мірнай краіне, пахаваны на плошчы Свабоды. У цырымоніі ўдзельнічалі намеснік старшыні райвыканкама Віктар Азаронак, старшыня раённага Савета дэпутатаў Ігар Урбан, а таксама прадстаўнікі шэрага прадпрыемстваў і арганізацый. Ускладанне адбывалася пад урачыстую музыку ў выкананні духавога аркестра Заслонаўскага гарнізона і залпы салютацыйнай групы.
Падчас урачыстасці была праведзена яшчэ адна ганаровая місія — узята зямля з вайсковага пахавання. Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Алена Барадзейка адзначыла:
— У рэспубліцы стартавала акцыя “На славу агульнай Перамогі!”. У яе рамках праводзяцца заборы зямлі з месцаў пахаванняў воінаў Чырвонай арміі, партызанаў, падпольшчыкаў, якія загінулі падчас Вялікай Айчыннай вайны, а таксама мірных грамадзян, знішчаных акупантамі. Заборы будуць праводзіцца з усіх магіл Лепельшчыны, ва ўрачыстай абстаноўцы, бо адной з мэтаў акцыі з’яўляюцца ўмацаванне сувязяў пакаленняў, фарміраванне цікавасці да гісторыі ў маладога пакалення і адказнага стаўлення да гістарычнай праўды, фарміраванне культуры памяці. У далейшым забраная зямля з адпаведнымі запісамі будзе закладзена ў нішы крыпты храма-помніка ў гонар Усіх святых і памяць ахвяраў, якія паслужылі ўратаванню нашай Айчыны. Урачыстасць плануецца прымеркаваць да 75-годдзя Вялікай Перамогі. Чакаецца, што ў ёй прымуць удзел першыя асобы Беларусі і Саюзнай дзяржавы.
img_6570— Аднак на Лепельшчыне налічваюцца дзясяткі, калі не сотні месцаў пахаванняў герояў і простых людзей, бо наша зямля тры гады была пад акупацыяй, і кожны дзень быў адзначаны не толькі гераічнай барацьбой, а і шматлікімі крывавымі ахвярамі…
— Так, пахаванняў мноства, але і акцыя маштабная. Яна разлічана не на адзін дзень. За гэты час мы павінны агледзець стан пахаванняў, дзе трэба, правесці добраўпарадкаванне. Так што забор зямлі — гэта толькі вяршыня вялікай працы, якая ажыццяўляецца па ўвекавечанні памяці.
Святочныя мерапрыемствы працягваліся ў актавай зале раённага Дома культуры. З прывітальным словам да гледачоў звярнуўся Ігар Урбан:
— Сёння мы вітаем абаронцаў Айчыны — салдатаў і афіцэраў, якія стаяць на варце мірнага неба. Мы памятаем, якой цаной дастаўся мір. Удзячная Лепельшчына ніколі не забудзе подзвігу салдатаў, партызанаў і падпольшчыкаў — усіх, хто ўнёс уклад у Вялікую Перамогу. Зараз мы жывём мірнай працай, прымнажэннем дабрабыту людзей. У многім гэта заслуга тых, хто нават сёння, у сваё прафесійнае свята, нясе службу, выходзіць на баявое дзяжурства. Хачу ўсіх шчыра павіншаваць з Днём абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, пажадаць моцнага здароўя і надзейнага сямейнага тылу.
Яркім завяршэннем мерапрыемства стаў святочны канцэрт. На сцэне РДК парадавалі гасцей цудоўнымі выступленнямі Дзмітрый Міхно, Таццяна Невядомская, удзельнікі ўзорнага духавога аркестра Лепельскай дзіцячай школы мастацтваў і іншыя творцы. Узнагародай жа для артыстаў сталі шчодрыя апладысменты гледачоў.
Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>