Награды — лучшим

fullsizerender-17-02-20-08-04На ўрачыстым сходзе ў канцэртнай зале “Віцебск”, які быў арганізаваны сумесна аблвыканкамам і абласным камітэтам прафсаюза работнікаў АПК, былі ўшанаваны лепшыя працаўнікі жывёлагадоўчай галіны вобласці. Так склалася, што асноўным святам працаўнікоў вёскі ўжо больш за 20 гадоў лічацца “Дажынкі”. Аднак па сутнасці гэта свята аграрыяў, земляробаў. Бо менавіта восенню, калі ўраджай сабраны з палеткаў і закладзены ў свірны і сховішчы, калі нарыхтаваны запас кармоў на наступны зімовы стойлавы перыяд, калі ўзарана глеба пад веснавую сяўбу і забяспечаны пад яе насенны фонд, у працаўнікоў поля заканчваецца гадавы сезонны цыкл.
Зусім іншы рэжым працы ў жывёлаводаў. Яны шчыруюць кожны дзень, даглядаюць жывёлу, кормяць, лечаць яе, выдаляюць гной і робяць яшчэ шмат іншых спраў. І вынікі сваёй працы падводзяць звычайна па заканчэнні каляндарнага года: колькі малака надаілі, колькі прывагаў і маладняку атрымалі.
І тым больш важна ўславіць жывёлаводаў, што Віцебская вобласць, і Лепельшчына ў тым ліку, узяла курс у сельскай гаспадарцы найперш на развіццё малочнай і мясной жывёлагадоўлі, як на крыніцу бесперабойных паставак сыравіны для адпаведных перапрацоўчых прамысловых прадпрыемстваў.
Жывёлагадоўля дае магчымасць атрымаць большы прыбытак. Так, калі за кілаграм збожжа можна выручыць, вобразна кажучы, рубель, то, скарміўшы гэты кілаграм збожжа жывёле, можна атрымаць кілаграм мяса або малака і рэалізаваць яго ўжо за тры рублі. А гатовая мясная і малочная прадукцыя, перапрацаваная на заводах і камбінатах, каштуе яшчэ даражэй, што дазваляе ўсім вытворцам, задзейнічаным у ланцужку, мець яшчэ больш прыбыткаў.
Да таго ж, даходы, якія атрымліваюцца ад жывёлагадоўлі, не сезонныя, а круглагадовыя, што асабліва важна для стабільнага фінансавага стану сельгасарганізацый.
Лепельшчыну на ўрачыстым сходзе прадстаўлялі дзве працаўніцы УП “Пражэктар-агра” і адна — філіяла “Дражна” ЗАТ “Віцебскаграпрадукт”. Аператар па штучным асемяненні жывёлы Святлана Босая дасягнула найвышэйшага паказчыка ў прыплодзе цялятаў. Выхад маладняку на сто кароў і цялушак склаў 106 галоў! Святлана Васільеўна адзначана Ганаровай граматай аблвыканкама.
Аператар машыннага даення Таццяна Міхно адзначана Ганаровай граматай камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама за выдатныя дасягненні ў сваёй справе. За мінулы год жанчына ад кожнай каровы ў сваёй групе атрымала па 7349 кілаграмаў малака. Гэта шмат ці мала? Вядома, да рэкордаў у восем-дзевяць тысяч кілаграмаў яшчэ далёка, але на фоне некаторых іншых гаспадарак, дзе надоі ў разліку на карову ледзь-ледзь дасягнулі пяці тысяч кілаграмаў, гэта сапраўды значна.
Філіял “Дражна” закрытага акцыянернага таварыства “Віцебскаграпрадукт” ужо некалькі гадоў трымае лідзіруючыя пазіцыі ў рэспубліцы па прадукцыйнасці гадавання свіней, дасягненні самых высокіх прывагаў. Аднак і сярод саміх чэмпіёнаў ёсць чэмпіёны, на якіх раўняецца астатні працоўны калектыў. Таццяна Гогалева атрымала ў сваёй групе сярэднясутачныя прывагі ў 1092 грамы. Уявіць сабе нават цяжка — парася кожны дзень прыбаўляе па цэламу кілаграму! На святочным мерапрыемстве Таццяне Ўладзіміраўне ўручана Падзяка ад Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання.
Пасля афіцыйнай часткі для гасцей быў дадзены вялікі канцэрт. У гонар працаўнікоў фермаў і комплексаў выступалі артысты вядучых абласных устаноў культуры і калектываў мастацкай самадзейнасці.
Акрамя пераможцаў спаборніцтваў, ад Лепельскага раёна на святочным мерапрыемстве прысутнічалі больш за дваццаць працаўнікоў жывёлагадоўчай галіны: даяркі, свінаркі, цялятніцы. Называю прафесіі па-старому яшчэ і для таго, каб паказаць, што ў лепельскай жывёлагадоўлі жаночае аблічча — толькі адзін дояр быў сярод прысутных — Віктар Тухта з СВФ “Заазер’е”. А між тым, праца на фермах і комплексах, нават нягледзячы на механізацыю і камп’ютарызацыю апошніх гадоў, па-ранейшаму застаецца фізічна цяжкай.
Дадому жывёлаводы вярнуліся хоць і позна ўвечары, але ў самым прыўзнятым настроі.
Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>