Не нужно останавливаться на достигнутом

   img_4626Афіцэр павінен быць упэўненым, рашучым, справядлівым, заўсёды ўмець арыентавацца ў складаных сітуацыях і, самае галоўнае, любіць сваю Радзіму і быць гатовым абараніць яе, — менавіта так — лічыць начальнік групы тэрытарыяльнай абароны ваеннага камісарыята Лепельскага і Ушацкага раёнаў Яўген Гарнак. Працоўным абавязкам Яўгена Аляксеевіча з’яўляецца арганізацыя тэрытарыяльнай абароны. Сваю работу афіцэр ведае дасканала, і хоць у яго рабоце цяжкасцяў нямала, ён іх практычна не заўважае.

 

Кожны раз пасля правя­дзення заняткаў па баявой гатоўнасці Яўген Аляксеевіч рыхтуе рэпартаж, які тэрмінова публікуецца на старонках раённай газеты. Калі ж афіцэр прынёс у рэдакцыю чарговы матэрыял, я папрасіла яго расказаць пра сябе.

— Служба ва Узброеных Сілах — вельмі нялёгкі, але разам з тым высакародны абавязак кожнага мужчыны. Чаму вы вырашылі звязаць сваё жыццё з армейскай службай?

— Жаданне быць афіцэрам у мяне нарадзілася яшчэ ў школьныя гады. Шмат займаўся фізкультурай, цікавіўся дакладнымі навукамі, таму, скончыўшы сярэднюю школу ў г. Сянно, пра выбар прафесіі ніколькі не задумваўся. Падаў дакументы на факультэт фізічнай культуры і спорту Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. Машэрава і паспяхова здаў уступныя экзамены.

Вучоба ва ўніверсітэце мяне захапіла з першых дзён. Сур’ёзная падрыхтоўка па шэрагу відаў спорту, выкананне нарматываў… Калі ж даведаўся, што адначасова з навучаннем па абранай спецыяльнасці можна атрымаць падрыхтоўку на ваеннай кафедры, вырашыў паспрабаваць свае сілы. Ужо ў час першых заняткаў зразумеў, наколькі блізкая для мяне ваенная служба. Вельмі падабаліся заняткі па агнявой, разведвальнай падрыхтоўцы.

Скончыўшы ўніверсітэт у 2012 годзе, працаваў выкладчыкам на кафедры спартыўных гульняў і гімнастыкі. Паколькі сур’ёзна займаўся валейболам, мне была даручана падрыхтоўка жаночай зборнай каманды ўніверсітэта па гэтым відзе спорту.

У 2016 годзе Яўген Аляксеевіч як афіцэр запасу быў накіраваны на ваенную службу. Быў прызначаны камандзірам разведвальнай групы роты глыбіннай разведкі разведвальнага батальёна 11-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады, якая дыслакуецца ў г. Слоніме. Пасля атрымання глыбокіх практычных ведаў Яўген Аляксеевіч быў прызначаны старшым афіцэрам групы тэрытарыяльнай абароны раённага ваеннага камісарыята г. Віцебска, Віцебскага і Лёзненскага раёнаў.

Жыццёвыя шляхі прывялі афіцэра на Лепельшчыну. З красавіка 2019 года ён з’яўляецца начальнікам групы тэрытарыяльнай абароны ваеннага камісарыята Лепельскага і Ушацкага раёнаў.

— Вядома, што працоўных клопатаў у вас шмат…

— Так, ваенная служба патрабуе поўнай самааддачы. Аднак разам з ёй ідзе пастаяннае самаўдасканаленне, увесь час спасцігаю штосьці новае, карыснае для сябе. Работа заўсёды прыносіць задавальненне, — шчыра прызнаецца суразмоўца. — Правядзенне чарговых вучэнняў — гэта заўсёды важны этап, у час якога набываеш пэўны вопыт. Так, вельмі запомніліся вучэнні ў Бешанковіцкім раёне, якія праходзілі мінулым летам. Адна справа, калі вывучаеш працэс арганізацыі тэарэтычна і зусім іншая, калі ўсё пазнаеш на практыцы. У сваіх старэйшых калег пераняў вопыт арганізацыі тэрытарыяльнай абароны. Наогул, у час правя­дзення вучэнняў і салдаты, і афіцэры спасцігаюць шмат карыснага для сябе.

— Вядома, што, акрамя сваіх непасрэдных абавязкаў, афіцэр у любы момант гатовы затрымаць правапарушальніка. Ці здараліся падобныя сітуацыі ў вашай практыцы?

— Так. Падобны выпадак адбыўся, калі я праходзіў службу ў Слоніме. Аднойчы ехаў на дызель-цягніку да сваіх родных. Заўважыў, што ў вагон увайшоў мужчына ў нецвярозым стане. Калі кандуктар прапанавала яму аплаціць праезд, ён пачаў абражаць жанчыну і нават спрабаваў ударыць. Тут жа спыніў парушальніка. Быў выкліканы нарад міліцыі, і дэбашыр панёс адказнасць перад законам.

Адзначу, што ваенная служба патрабуе пастаяннага самаўдасканалення. Ніколі нельга спыняцца на дасягнутым, неабходна пастаянна паглыбляць свае веды на практыцы. Толькі тады магчыма ў поўнай меры авалодаць важнай і высакароднай прафесіяй ваеннаслужачага.

Вядома, што работа займае шмат часу. Аднак радасць і заспакаенне афіцэр знаходзіць у любімай сям’і. Мужа і тату заўсёды чакаюць дома яго родныя. Жонка Вікторыя працуе медсястрой фізіятэрапіі ў Лепельскім ваенным санаторыі, а сын Цімафей, якому споўні­лася сем год, вучыцца ў першым класе ў сярэдняй школе №3.

— Вольны час заўсёды праводжу разам са сваёй сям’ёй, — кажа афіцэр. — У летні час выязджаем на прыроду, любім разам падарожнічаць.

Яўген Аляксеевіч расказвае мне пра насычаныя будні вайскоўцаў, — і я разумею, якое вялікае значэнне для яго мае абраная прафесія.

— Няхай жа ніколі не згасаюць вашы працоўны запал, жыццёвы аптымізм, імкненне да самаўдасканалення, няхай вашы мужнасць, адвага і адказнасць стануць прыкладам для іншых! — шчыра жадаю перадавому афіцэру з нагоды Дня абаронцаў Айчыны, а Яўген Аляксеевіч спяшаецца ў райваенкамат — наперадзе яшчэ шмат адказных спраў…

Святлана ВАЗНЯК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>