Рассказ о дедушке

img_6417Максім Карусевіч жыве ў Баброве, а вучыцца ў сёмым класе Старалядненскай базавай школы. Вучыцца хлопчык добра. А нядаўна вызначыўся яшчэ і ўдзелам у творчым конкурсе. У рамках рэспубліканскай акцыі “Я гэты край Радзімаю заву” праводзіўся конкурс даследчых работ “Малая радзіма вялікіх людзей”. Максім у намінацыі “Постаці слаўныя краю майго” атрымаў дыплом трэцяй ступені. Журы конкурсу не пакінула раўнадушнымі даследчая праца, у якой Максім напісаў пра свайго дзеда Аляксея Фёдаравіча.
— Максім, чаму ты вырашыў дасылаць на конкурс менавіта аповед пра свайго дзеда?
— Таму што я лічу яго вельмі цікавым, неардынарным чалавекам.
— Раскажы пра яго.
— Зараз ён жыве ў Баброве, а нарадзіўся і вырас у вёсцы Падаліцы Баброўскага сельсавета. Зараз гэтага населенага пункта няма, засталіся толькі сады. Ведаеце, якія там яблыкі растуць! Дзеду ўжо за 80 гадоў, але колькі ў яго энергіі! Ён рэгулярна наведваецца ў родныя Падаліцы, даглядае могілкі. Аднак дабірацца трэба доўга, ды яшчэ і дарога цяжкая. Аднак мясцовасць, дзе раней была размешчана вёска, стала райскім кутком для дзікай жывёлы — зайцаў, дзікоў… Бабры распладзіліся, перакрылі плацінамі ручаі і рэчкі, ад чаго стала размывацца дарога на Падаліцы і да могілак. Аднак дзядулю і размытая дарога не стрымлівае.
А яшчэ дзед клапоціцца пра ўвекавечанне колішніх населеных пунктаў. Напрыклад, пры пад’ездзе да вёскі Падаліцы ён паставіў вялікі камень, прывезены з поля, на якім напісаў, што тут калісьці стаяла вёска, жылі людзі. Ён жа ўстанавіў памятны камень на месцы вёскі Гарані, дзе нарадзілася і вырасла гераіня партызанскай барацьбы супраць фашыстаў Вера Маргевіч.
— Твой дзядуля вельмі любіць сваю малую радзіму…
— Канечне! Ён можа гадзінамі расказваць пра яе. Напрыклад, дзядуля цікава расказвае пра паходжанне назвы вёскі. Расказаў легенду, нібыта яшчэ ў часы Івана Грознага ў Сушы стаяў замак з моцным гарнізонам. Войска Вялікага княства Літоўскага яго акружыла, але штурмаваць не адважылася. Двойчы захопнікі прысылалі войска на дапамогу акружаным, але на падыходзе іх сустракала войска літоўскае і разбівала. Дзед казаў так: “Была бітва такая вялікая, што “падали лица”, ад таго і пайшла назва Падаліцы”.
— Адкуль у дзядулі столькі энергіі?
— Сам здзіўляюся. Ён пастаянна чымсьці заняты. Колькі яго памятаю, ён пастаянна выконвае нейкія справы, не сядзіць на месцы. Дзед Аляксей Фёдаравіч у 1990-я гады нават быў фермерам, вырошчваў збожжавыя і гародніну.
— Максім, напэўна, твой шлях да поспеху быў нялёгкі?
— Апавяданне перапісваў некалькі разоў. Аднак потым паслаў — і пра яго амаль забыўся. Прыемна было даведацца, што ў конкурсе даследчых работ я заняў трэцяе месца. Мне даслалі дыплом.
Вось такі ён, сямікласнік Максім Карусевіч, які сябруе са сваім дзедам Аляксеем. І такім вось, на першы погляд, простым чынам перадаецца любоў да малой радзімы. За значным поспехам кіпіць вялікая штодзённая праца і дзеда, і ўнука.
Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>