Песни юности наших отцов

dsc_0070Шмат яркіх уражанняў у прыхільнікаў вакальнай творчасці пакінуў раённы
конкурс маладых выканаўцаў
патрыятычнай песні «Песні юнацтва
нашых бацькоў», прысвечаны
Году малой радзімы і 120-годдзю
з дня нараджэння Ісака Дунаеўскага.
Мерапрыемства адбылося
ў раённым Доме культуры.

dsc_0055Дзевяць вакалістаў ва ўзросце ад 16 да 31 года выйшлі на сцэну, каб паказаць сваё выканаўчае і сцэнічнае майстэрства. Першы твор трэба было выканаць з рэпертуару савецкага кампазітара Ісака Дунаеўскага, другім нумарам павінна стаць папулярная песня беларускага кампазітара. Акрамя гэтага, у час выканання кампазіцыі з кінафільма абавязкова трэба выкарыстоўваць відэа па матывах кінастужкі альбо аўтарскі відэакліп, які ўзмацняе і дапаўняе выкарыстаны твор.
Калі казаць пра мэту мерапрыемства, з упэўненасцю можна адзначыць, што яно не толькі павышае ўзровень выканаўчага майстэрства, а і выхоўвае эстэтычна, патрыятычна сучасную моладзь, а таксама знаёміць з творчасцю савецкіх кампазітараў.
Апошнія прыгатаванні зроблены, тэхнічныя работнікі праверылі стан апаратуры, гледачы чакаюць пачатку выступлення, удзельнікі спрабуюць справіцца з хваляваннем…
Першай на сцэну выйшла Ірына Купрыш, вучаніца гімназіі імя І. М. Ерашова. Лепяльчане ўжо знаёмыя з творчасцю гэтай дзяўчыны, якая выступае на розных мерапрыемствах. Кожны раз юная спявачка здзіўляе сваёй шчырасцю ў выкананні. Песня “Куточак Беларусі” ў выкананні Ірыны, якая прасякнута любоўю да малой радзімы, уразіла гледачоў.
А вось Ксенія Хацкевіч, якая прадставіла Каменскі СДК, паўстала перад гледачамі ў цікавым вобразе. Спявачка выйшла на сцэну ў цяльняшцы. Да песні “Жил отважный капитан” артыстка зрабіла выдатную інсцэніроўку і атрымала шчырыя апладысменты гледачоў.
З вясёлым музычным нумарам “Не хадзіце, мае хлопчыкі” з запалам выступіла Святлана Папко, навучэнка аграрна-тэхнічнага каледжа. Пад бадзёрыя спевы нават хацелася прытанцоўваць.
З Наталляй Трывашкевіч неаднаразова сустракаліся на розных конкурсах, дзе гледачы заўсёды адзначалі яе сцэнічнае майстэрства і прыемны чысты голас. Калі Наталля выконвала кампазіцыю “Вазьмі мяне з сабой”, узгадала яе выступленне ў Бароўцы. На беразе возера, падчас конкурсу маладых выканаўцаў эстраднай песні “Белыя росы”, мілагучныя спевы Наталлі ліліся па наваколлі.
dsc_0047З Аляксандрай Семянько чытачы нашай газеты ўжо знаёмыя. Летась дзяўчына пачала сваю актыўную працоўную дзейнасць у раённым Доме культуры. Саша, як прафесійная артыстка, у ваеннай форме выканала песню “Ехаў я з Берліна”.
У час песні “Куплеты вадавоза” Арсенія Жудро з Заслонаўскай вайсковай часці 71327 залу агарнула хваля смеху. На экране можна было ўбачыць яркія эпізоды фільма савецкіх часоў. Пазітыўная кампазіцыя ўсім узняла настрой.
Не шкадавалі далоняў гледачы ў адказ на выступленне Аляксандры Мышко, настаўніцы Заслонаўскай дзіцячай школы мастацтваў. Адчувалася, што ўдзельніца конкурсу займаецца музыкай прафесійна.
Асаблівыя словы хочацца сказаць пра Уладзіслава Жудранка, настаўніка Домжарыцкай дзіцячай школы мастацтваў. Захопленыя крыкі “Брава!” ў зале гучалі на працягу двух кампазіцый. Часам здавалася, што трапіла на канцэрт опернага спевака.
Уразіла гледачоў і кампазіцыя “Беларусь мая сінявокая” ў выкананні Кацярыны Цяпкінай, якая прадставіла Лепельскую дзіцячую школу мастацтваў.
Хочацца адзначыць, што сёлета ўзровень сольнага майстэрства ўдзельнікаў конкурсу быў высокі. Магчыма, з-за таго, што сярод артыстаў былі прафесійныя музыканты, педагогі, якія ўжо знайшлі свой творчы шлях. І гэта вельмі радуе. Члены журы нават не ведалі, каго выбраць для ўдзелу ў наступным этапе. Барацьба за прызавыя месцы паміж некаторымі выканаўцамі мела розніцу толькі ў адзін-два балы.
Першае месца сярод салістаў-вакалістаў заняў Уладзіслаў Жудранок, настаўнік Домжарыцкай дзіцячай школы мастацтваў. На другой прыступцы апынулася Аляксандра Семянько, хормайстар народнай студыі “Святлана” раённага Дома культуры, а трэцяе месца падзялілі паміж сабой Наталля Трывашкевіч, настаўніца пачатковых класаў Слабадской ясляў-сада — сярэдняй школы, і Аляксандра Мышко, выкладчык вакальна-харавых дысцыплін Заслонаўскай дзіцячай школы мастацтваў. Прыз глядацкіх сімпатый атрымаў Арсеній Жудро, які прадставіў Заслонаўскую вайсковую часць 71327.
Усе хваляванні мінулі, лідары ганарацца поспехам і ўжо мараць пра новыя дасягненні ў песенным майстэрстве. Хочацца пажадаць поспехаў таленавітым маладым выканаўцам.
Выдалася магчымасць пагутарыць з пераможцам Уладзіславам Жудранком. Хлопец скончыў Домжарыцкую сярэднюю школу. Здзівіла, што раней, падчас вучобы ў гэтай установе адукацыі, голас хлопца не чула. Аказваецца, у сярэдніх класах ён не вельмі цікавіўся музыкай. Спяваць Уладзіславу даводзілася толькі на прадмеце “Музыка”.
Тры гады хлопец вучыўся ў Домжарыцкай школе мастацтваў па класе вакалу. Калі пачала цікавіцца, адкуль такія вакальныя даныя, Уладзіслаў сціпла адказаў:
— Гэта ўсё набыта штучна, падчас працы над голасам. У Наваполацкім дзяржаўным музычным каледжы спачатку вучыўся на аддзяленні “народны хор”. Было вельмі складана з акадэмічным голасам выконваць кампазіцыі разам з выканаўцамі з народнымі галасамі. Праз два гады навучання стаў займацца ў вядомага музыканта Мікалая Андрэевіча Калацэя. Педагог, дырыжор, сааўтар шматлікіх песень — спіс талентаў гэтага чалавека можна працягваць і далей. Акрамя гэтага, ён з’яўляецца заснавальнікам аддзялення народных спеваў у каледжы і на працягу 30 гадоў — дырыжорам хору народнай песні “Рэчанька”.
Менавіта гэтаму цудоўнаму педагогу Уладзіслаў вельмі ўдзячны за тое, што яго голас стаў гучаць у іншым накірунку.
У 2019 годзе Уладзіслаў пачаў працаваць па размеркаванні ў Домжарыцкай дзіцячай школе мастацтваў. У планах маладога спецыяліста — працягнуць навучанне ў вышэйшай навучальнай установе. Хлопец заўсёды захапляўся операй, таму імкнецца развіць свой голас менавіта ў гэтым жанры.
У бліжэйшы час малады спецыяліст пакіне Лепельшчыну і збіраецца працаваць у Наваполацку, дзе будзе кіраўніком вакальнай студыі гарадскога Дома культуры.
Акадэмічны вакал дае зарад станоўчых эмоцый майму суразмоўцу, а таксама тым, хто яго слухае. Выканаўца імкнецца данесці глыбокі сэнс, закладзены ў класічным творы, шырокай аўдыторыі.
— Заўсёды захапляўся творчасцю Мусліма Магамаева. Люблю слухаць кампазіцыі, якія выконваюцца на высокім узроўні. У свой час захапляўся спевамі Віктара Цоя, бо падабалася яго адкрытасць у спевах. З задавальненнем слухаў і рок. Можна сказаць, што аддаваў перавагу асобным выканаўцам як цікавым асобам. Яны і натхнялі на творчасць.
Падчас вучобы ва Уладзіслава ўжо быў сольны канцэрт, на якім выканаў адзінаццаць класічных твораў. Даводзілася спяваць і ў царкоўным хоры, што таксама дапамагло ў развіцці музычных здольнасцяў.
Сярод вучняў Домжарыцкай школы мастацтваў, кажа мой суразмоўца, ёсць юныя таленты, якія могуць дасягнуць вышынь.
А ў вольную гадзіну пераможца конкурсу любіць маляваць. У апошні час, напрыклад, змалёўвае партрэты, пачаў дэкламаваць вершы, асабліва Ясеніна. Былі спробы і ў напісанні сваіх вершаваных твораў. А вось падчас вучобы ў каледжы разам з сябрам-музыказнаўцам спрабаваў стварыць раманс, аднак справу завяршыць не ўдалося. Магчыма, у будучым пачуем Уладзіслава на вялікай сцэне. Гэтага і хочацца яму ад душы пажадаць. Малады творца марыць стаць прафесійным вакалістам.
* * *
Пагутарыла і з Аляксандрай Мышко, якая прыехала ў наш раён па размеркаванні пасля вучобы. Нарадзілася дзяўчына ў гарадскім пасёлку Варапаева Пастаўскага раёна.
— З дзяцінства я вельмі любіла спяваць і марыла пайсці вучыцца ў музычную школу. І вось, пасля васьмі гадоў навучання ў гэтай установе, паступіла ў Наваполацкі дзяржаўны музычны каледж на аддзяленне «Дырыжыраванне, акадэмічны хор». Разам з вучобай спявала ў вакальнай студыі «Карт-бланш». Як з хорам, так і з гэтай групай часта наведвала вакальныя конкурсы. Зараз, акрамя настаўніцтва, спяваю ў народнай вакальнай групе «Кампанела».
Зараз Аляксандра — выкладчык вакальна-харавых дысцыплін, у іншай прафесіі сябе і не ўяўляе. Малады спецыяліст лічыць важнай справай перадаць сваё захапленне музыкай, сцэнай дзецям, якія робяць першыя крокі ў творчасці.
Наталля
ХРАПАВІЦКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>