На животноводческих фермах — порядок

img_6271Чарговы аб’езд удзельнікі маніторынгавай групы вырашылі зрабіць па фермах і комплексах камунальнага ўнітарнага вытворчага сельскагаспадарчага прадпрыемства “Лепельскае”.

У склад групы ўвайшлі начальнік Лепельскай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Вольга Бажэнава, галоўны аграном КУВСГП “Лепельскае” Аляксандр Нікітчанка, старшыня Лепельскага сельсавета Васіль Шапка і аўтар гэтых радкоў.

Жывёлагадоўля ў “Лепельскім” сканцэнтравана на трох вялікіх комплексах: у Горках, у Вялікім і Малым Посвіжы, а таксама на невялікіх фермах і цялятніках, дзе ў асноўным вырошчваюцца маладняк і цялушкі. На комплексах сканцэнтраваны сотні, тысячы галоў буйной рагатай жывёлы, таму, натуральна, пытанню вывазу арганікі тут надаецца самая пільная ўвага.
— Адным з галоўных неспрыяльных фактараў для нас апошнім часам з’яўляецца надвор’е, — наракае Аляксандр Васільевіч. — Сёння першы дзень, калі крыху падмарозіла, глеба зацвярдзела, можна выехаць у поле і мець гарантыю, што за першым трактарам з прычэпам, гружаным гноем, не давядзецца адпраўляць другі, з трасамі, каб выцягваць транспарт.
Між тым пад’ехалі да комплекса ў Вялікім Поўсвіжы. Тэрыторыя ў асноўным утрымліваецца ў парадку, хаця ў некаторых месцах, дзе не пракладзена асфальтавае ці бетоннае пакрыццё, засталіся каляіны ад трактара. Зямля ў іх замерзла, па глыбах пераязджаць магла толькі сельскагаспадарчая тэхніка. З хлявоў, дзе ўтрымліваюцца дойныя каровы, вадкі гной кожны дзень выкатваецца транспарцёрамі і вывозіцца на поле. А на пляцоўцы за цялятнікам высіўся акуратна складзены бурт.
— Бачу, хаця месца яшчэ крыху ёсць, але з вывазам зацягваць не варта, — заўважыла Вольга Бажэнава.
У Малым Поўсвіжы звярнуў увагу на поле справа ад дарогі, на пад’ездзе да фермы. Глеба раўнамерна заліваецца гноем.
— Гэта поле некалькі гадоў выкарыстоўвалася пад вырошчванне траў, а таксама пад выпас, — кампетэнтна кажа Аляксандр Нікітчанка. — Вясной плануем пераараць яго і пасеяць кукурузу. Ёсць усе выгоды: глеба адпачыла за некалькі гадоў, потым мы яе дадаткова ўгноім. У якасці станоўчага факта трэба адзначыць блізкасць ад фермы і сілосных траншэй, куды і будзе летам закладвацца кукурузная зялёная маса.
Вось мы наведалі і комплекс. Тэрыторыя абгароджана, на ёй падтрымліваецца парадак, наколькі гэта магчыма на падобных аб’ектах. Аднак асабліва ўразілі высокія бурты арганікі, насунутыя ў гноесховішчы. Бачна было, што яна даўно не вывозілася. Аднак складзена акуратна, няма небяспекі разлівання і забруджвання.
Вырашылі наведаць і астатнія аб’екты. Ферма ў Паддуб’і пустая. Аляксандр Нікітчанка тлумачыць:
— З увядзеннем у строй комплексу ў Малым Поўсвіжы і далучэннем да нас комплексу ў Горках у “Лепельскім” з’явіліся вялікія плошчы для ўтрымання буйной рагатай жывёлы, больш зручныя, сучасныя і выгадныя. А ферма ў Паддуб’і маральна састарэла, там нават раздача кармоў магла ажыццяўляцца толькі ўручную, з конскіх вазоў. Ніякая стандартная тэхніка, не кажучы ўжо пра сучасны кормараздатчык, у хлявы не заедзе. Таму было прынята рашэнне жывёлу з гэтай фермы размеркаваць па комплексах.
Магчыма, рашэнне прадыктавана патрабаваннем рэнтабельнасці і мэтазгоднае, але што далей будзе з фермай? Ці яна не будзе працаваць і потым, як неперспектыўная, будзе разбурана, ці гаспадарка правядзе рэканструкцыю і будзе далей працаваць, развівацца? Час пакажа.
Невялікая ферма ў вёсцы Зялёны Востраў працуе ў штатным рэжыме. Праўда, пад’езд да яе вельмі нязручны, дарога ўся ў выбоінах.
— Дарогі ў вёсках — наша вялікая праблема, — прызнаецца Васіль Шапка. — Рамонт вуліц, пад’ездаў да могілак патрабуюць вялікіх грошай, пры гэтым бюджэт сельвыканкама, па натуральных прычынах, вельмі абмежаваны.
Праз лясную дарогу выехалі да вёскі Адамаўка, дзе працуе ферма па адкорме жывёлы дзяржаўнай сельскагаспадарчай установы “Лепельская сортавыпрабавальная станцыя”. Яшчэ адна ферма знаходзіцца ў вёсцы Людчыцы. Гной з ферм вывозіцца на бліжэйшае поле і складваецца ў бурт. Вясной яго будуць раскідваць па палетках, у асноўным прызначаных пад кукурузу і гародніну.
У Горках КУВСГП “Лепельскае” мае два жывёлагадоўчыя аб’екты: ферму і поўнавартасны комплекс. Ферма ўвогуле пакідае ўражанне ўзорнай у плане падтрымання парадку: устойлівая агароджа, пляцоўка для збору бытавога смецця, заехалі ў адваротнага боку — гною няма, а пад транспарцёрам стаіць трактар з прычэпам, прымае арганіку. Комплекс таксама добраўпарадкаваны, асабліва звяртае на сябе ўвагу прыбранасць тэрыторыі. Уся яна заасфальтавана або выкладзена бетоннымі плітамі, нядаўна падмецена, таму смецця і гразі практычна не было.
Едзем далей. Палі вакол фермы ўжо некалькі гадоў запар аддаюцца пад кукурузу, урадлівасць глебы падтрымліваецца рэгулярным штогадовым унясеннем арганікі, у асноўным з самога ж комплексу. Монакультурнае земляробства (пастаяннае вырошчванне адной і той жа культуры на полі без прымянення севазвароту) тлумачыцца дзвюма прычынамі. Першая — патрэба пагалоўя комплексу ў вялікай колькасці пажыўнага корму, якім з’яўляецца кукурузны сілос. У спрыяльныя гады кукуруза можа даваць ад 300 да 500 цэнтнераў зялёнай масы з гектара. Па-другое, кажучы сучасным тэрмінам, — лагістыка. Вырошчваць ураджайныя культуры выгадна як мага бліжэй да месцаў іх далейшага захоўвання (сілосныя траншэі) і спажывання (малочныя фермы і комплексы). А паколькі ферму на новае поле не перамясціш, то даводзіцца бліжэйшыя палеткі адводзіць пад найбольш выгадныя ў плане нарыхтоўкі кармоў культуры.
Перасякаем дарогу на Заслонава, у вёсцы Зорніца таксама працуе невялікая ферма па вырошчванні цялушак. Там няма такога шыку і бляску, як на новых комплексах, аднак там падтрымліваецца грунтоўны парадак, арганіка вывозіцца своечасова, рэгулярна, не дапускаецца назапашванне яе звыш меры. З іншага боку, у Зорніцы гэта асабліва недапушчальна: блізка ад фермы праходзіць меліярацыйны канал, сцёкі з яго могуць пайсці ў вадаёмы, забруджваючы ўсё на сваім шляху.
— Аляксандр Васільевіч, — звярнулася Вольга Бажэнава да галоўнага агранома па завяршэнні аб’езда, — бурты з Вялікага і Малога Поўсвіжа трэба вывозіць без усялякай затрымкі. Сёння падмарозіла, небяспекі расцякання няма, але вы самі бачыце, якое сёлетняй зімой надвор’е, заўтра-паслязаўтра могуць пачацца дажджы — гной пацячэ.
— Цалкам з вамі згодны, аднак зараз амаль уся наша свабодная тэхніка — пагрузчык і трактары з прычэпамі — занятыя на падвозе саломы. Управімся з гэтай задачай — і накіруем тэхніку і людзей у Вялікі Поўсвіж, а затым — у Малы. Улічваючы аб’ёмы, мяркую, за два-тры тыдні ўправімся.
Агульнае ўражанне ад стану жывёлагадоўчых ферм і комплексаў засталося станоўчым.
Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>