Капризы погоды — под контролем

dsc_0008Хто трымае капрызы зімы пад кантролем, каб на дарогах рэспубліканскага значэння рух не ператварыўся
ў экстрэмальны від спорту? Кожны, напэўна, здагадаўся, што ў нашым раёне гэтай важнай справай
займаецца калектыў філіяла “ДЭУ №37” РУП «Віцебскаўтадар».

Падрыхтоўку рэспубліканскіх дарог да зімовага перыяду яны заўсёды робяць загадзя. Работа ў гэтым напрамку ў нашым раёне праводзіцца не толькі ва ўстаноўленыя тэрміны, але і з улікам напрацаванага вопыту мінулых гадоў.
Пра справы надзённыя на прадпрыемстве гутарым з начальнікам філіяла Ігарам Архіпенкам.
— Ігар Барысавіч, у чым заключаецца асноўная праца вашага калектыву?
— Канечне, ва ўтрыманні і рамонце аўтамабільных дарог рэспубліканскага значэння. Імкнёмся забяспечваць бесперашкодны, бяспечны рух транспарту на аўтамабільных дарогах рэспубліканскага значэння ў Лепельскім, Ушацкім і Докшыцкім раёнах. Працягласць дарожных артэрый — больш за трыста кіламетраў, з іх дзвесце прыпадае на наш раён. Да мая мінулага года было 452 кіламетры, але ў сувязі з рэарганізацыяй Чашніцкую лінейную дарожную дыстанцыю, іншымі словамі — участак, перадалі ў іншы філіял.
Цэнтральная база філіяла знаходзіцца ў нашым раённым цэнтры. Хочацца адзначыць, што ў Лепельскім раёне — тры лінейныя дарожныя дыстанцыі, у іншых раёнах, якія адносяцца да нашага філіяла, — па адной. У кожнай ёсць свой транспарт, персанал, які адказвае за дарогі на месцах. Гэта зроблена для зручнасці і памяншэння транспартных выдаткаў.
Пагаварылі з Ігарам Барысавічам і пра цёплую зіму, калі дарогі чыстыя і амаль сухія. Аднак маю думку, што ў сувязі з пагоднымі ўмовамі ёсць час адпачыць, суразмоўца адразу абверг.
— Міжсезоння ў нашай працы няма. Даводзіцца рупіцца круглы год, а часам і ўначы. Калі няма зімой снегу ці галалёду, не значыць, што няма і занятку для работнікаў. Пагодныя ўмовы, якія мы бачым зараз, дазваляюць рабіць ямкавы рамонт і іншыя важныя работы. Сочым за чысцінёй збочын дарог, якія летам трэба яшчэ і абкасіць, а таксама за парадкам на аўтобусных прыпынках і стаянках.
Акрамя гэтага, выконваем і больш аб’ёмныя работы — бягучы рамонт дарог, на які абавязкова вырабляецца праектна-каштарысная дакументацыя.
Каля пяцідзесяці адзінак тэхнікі задзейнічана, каб нашы падарожжы зрабіць бяспечным і камфортным.
88 працаўнікоў рупіцца на прадпрыемстве, з іх каля 50 чалавек — кіроўцы МАЗаў, трактароў, пагрузчыкаў, грэйдараў і іншых транспартных сродкаў. Можна з упэўненасцю сказаць, што Дзень кіроўцы — гэта іх прафесійнае свята.
З часам мяняюцца тэхналогіі не толькі інфармацыйныя, але і тэхнічныя. Як з гадамі ўдасканальваецца тэхніка, на якой працуюць дарожныя службы? Кіраўнік прадпрыемства выдзеліў з парку аўтатэхнікі Patcher. Гэта спецыяльная ўстаноўка па ямкавым рамонце, якая дае магчымасць на сучасным узроўні рабіць гэтую працу струменева-ін’екцыйным метадам. Універсальнасць мантажу і прастата абслугоўвання — асноўныя асаблівасці абсталявання. Ямкавы рамонт дарогі робіцца без папярэдняй падрыхтоўкі. Акрамя гэтага, можна адкрываць рух адразу пасля выканання работ. З іншай тэхнікай гэтую працу робяць некалькі чалавек.
Каля шасці тысяч тон солі падрыхтавана да бягучага зімовага перыяду. Ніколі не разумела, чаму ў некаторых выпадках пасыпаецца дарога толькі соллю, а дзесьці выкарыстоўваецца пясчана-солевая сумесь.
Аказваецца, выбар рэчыва для апрацоўкі артэрый адбываецца згодна з патрабаваннямі дзеючых тэхнічных нарматыўных актаў.
Ёсць патрабаванні і да тэрмінаў пасыпкі. Да трох гадзін пасля заканчэння ападкаў павінны апрацоўвацца магістральныя і рэспубліканскія дарогі, якія адносяцца да першага ўзроўню. На іх апошнім часам пасыпаецца толькі соль. Яна лепш для чысціні дарог, бо пясок іх забруджвае, а таксама атрымліваецца танней. Адзін аўтамабіль можа за раз апрацаваць большы ўчастак, бо пры выкарыстанні пясчана-солевай сумесі даводзіцца часцей ажыццяўляць дазагрузку сумессю, а гэта вядзе да дадатковага выдаткаў на паліва.
На прадпрыемстве ёсць кругласутачная дыспетчарская служба, якая абсталявана сувяззю з кожным транспартным сродкам прадпрыемства. Гэта дае магчымасць кіроўцам дакладваць абстаноўку на дарозе.
Ведаць сітуацыю на дарожных артэрыях дазваляе і сістэма дарожна-вымяральных станцый, з якіх прадпрыемства атрымлівае розную інфармацыю: пра хуткасць ветру, вільготнасць, тэмпературу, стан пакрыцця. Кожны лепяльчанін бачыў такую на выездзе з Лепеля ў бок Мінска. Таксама яны ўкамплектаваныя відэакамерамі, каб можна было ў рэжыме рэальнага часу ацаніць дарожную абстаноўку, наяўнасць ападкаў. Акрамя гэтага, станцыя кожныя паўгадзіны дае фотаздымак, які бачаць работнікі ДЭУ-37 на камп’ютары. Па рэспубліцы такога абсталявання ўстаноўлена вельмі шмат, выявы з яго таксама могуць праглядзець на прадпрыемстве і нават зрабіць свае прагнозы. Так, напрыклад, калі ў Браславе ідзе вялікі снегапад і вецер у наш бок, зразумела, што падобная сітуацыя хутка будзе ў нашым раёне. У пэўным сэнсе, работнікі, як сапраўдныя сіноптыкі, могуць пралічыць надвор’е.
Па маёй просьбе Ігар Барысавіч паказаў, як працуе гэтая сістэма. Убачыла на здымку зафіксаваныя лепельскія транспартныя сродкі і пахмурнае ў той дзень надвор’е. Паглядзелі і фотаздымак з Бягомля.
А яшчэ да дарожнікаў паступае прагноз надвор’я, дзякуючы якому можна ацаніць сітуацыю на бліжэйшыя гадзіны і нават дні.
Акрамя дарог прадпрыемства ў трох раёнах сочыць за станам мастоў, а іх тут, трэба сказаць, нямала. Дарожнікі рамантуюць як мінімум адзін мост у год. Мастам, увогуле, у нашай краіне ўдзяляецца вялікая ўвага.
Два разы на год праводзіцца камісійнае абследаванне дарог прадстаўнікамі з абласнога цэнтра. Потым па гэтым аглядзе, да дробязяў, складаецца ведамасць дэфектаў. Па мастах складаецца асобная ведамасць.
Прадпрыемства абслугоўвае 42 масты і адзін пуцеправод. Усе яны жалезабетонныя, толькі адзін металічны — праз раку Ула. І хоць ён пабудаваны шмат гадоў таму, па заключэннях спецыялістаў, мае добры стан.
Дарожна-эксплуатацыйнае ўпраўленне было створана 20 гадоў таму. Як адзначыў кіраўнік, у калектыве працуюць адказныя людзі, якія добра ведаюць сваю справу. Многія за рулём з часу стварэння прадпрыемства.
Аднак і моладзь не адстае, выконвае сваю работу на высокім узроўні. Склаліся добрыя стасункі паміж людзьмі розных пакаленняў.
dsc_0009Звярнула ўвагу на вялікую колькасць спартыўных кубкаў, якія атрымала арганізацыя за перамогі ў абласных спартакіядах паміж калектывамі філіялаў, якія ўваходзяць у склад РУП «Віцебскаўтадар», турзлётах, раённых спаборніцтвах. Можна сказаць, што работнікі прытрымліваюцца здаровага ладу жыцця.
Ёсць на тэрыторыі прадпрыемства і абсталяваны спортзал са шматлікімі трэнажорамі і більярдам, дзе таксама можна з карысцю правесці вольны час.
Наталля
ХРАПАВІЦКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>