Призеры предметных олимпиад

cfc09573fdb763890fda01632b3b4dacНа апошняй абласной алімпіядзе няблага выступілі навучэнцы школ Лепельскага раёна, прывезлі пяць дыпломаў. Пра апошнія падзеі гутарым з намеснікам начальніка аддзела па адукацыі райвыканкама Аксанай Лясун.
— Сёлета на абласны этап па прадметных алімпіядах былі адабраны 13 юных лепяльчан, якія прадстаўлялі пяць школ: першую гарадскую, гімназію, Бароўскую, Стайскую і Слабадскую сельскія, — пачала гаворку Аксана Міхайлаўна. — Гэта прыблізна такі ж самы паказчык, як і ў мінулыя гады. У сярэднім Лепельшчыну на абласных алімпіядах прадстаўляюць па 12 — 15 школьнікаў.
— Адкуль бярэцца такі ліміт?
— Так склалася. А па-іншаму і быць не можа. На абласны этап школьнікі праходзяць па выніках раённых прадметных алімпіяд. Заданні на іх прысылаюцца цэнтралізавана, для ўсіх раёнаў аднолькавыя, максімальна набліжаныя па ўзроўні і складанасці да алімпіяд абласных. Адпаведна, і падвядзенне вынікаў, складанне рэйтынгаў — цэнтралізаванае. Таму бывае так, што па нейкім прадмеце ў сваім раёне школьнік стаў пераможцам, але на фоне пераможцаў з астатніх раёнаў выглядае ніжэй, таму на абласны этап не выйшаў. З іншага боку, колькасць удзельнікаў абласных алімпіяд строга лімітаваная, канкурэнцыя высокая, нават жорсткая. Напрыклад, па большасці прадметаў паміж сабой спаборнічалі па 25 школьнікаў. Уявіце сабе, з 21 раёна вобласці і такіх вялікіх гарадоў, як Віцебск, Наваполацк, Полацк, Орша, з тысяч школьнікаў выбралі толькі 25 чалавек! Натуральна, што прайшлі толькі самыя лепшыя, самыя падрыхтаваныя. А адбор на алімпіяду па замежных мовах быў яшчэ больш напружаным, там было каля 15 месцаў. Самыя ж жорсткія ўмовы былі на алімпіядзе па фізкультуры — 10 чалавек.
— Давайце пералічым прызёраў і пераможцаў.
— З задавальненнем. Дыплом другой ступені на абласной прадметнай алімпіядзе па беларускай мове заваявала вучаніца 11 класа Стайскай сярэдняй школы Дар’я Марчанка — настаўніца Алена Маціеўская. Я за гэтай дзяўчынкай, як і за большасцю алімпіяднікаў, назіраю вельмі ўважліва. Яна вучылася спачатку ў Валосавіцкай школе, затым у Старым Лепелі, а з нядаўняга часу — у Стаях. Даша шмат чытае, што, несумненна, дапамагае ёй у вучобе і ў падрыхтоўцы да алімпіяд. Летась яна таксама ўдзельнічала ў прадметных алімпіядах, атрымала перамогу на абласным этапе і была запрошана на рэспубліканскі. Сёлета дзяўчына на рэспубліканскіх спаборніцтвах будзе адстойваць гонар Лепельшчыны і Віцебскай вобласці.
Таксама ў алімпіядзе па беларускай мове спаборнічала вучаніца 11 класа Слабадской ясляў-сада — сярэдняй школы Анастасія Піскунова (настаўніца Вольга Бабаед). Дзяўчынка заваявала дыплом трэцяй ступені. Хачу сказаць, што ў Слабадзе выкладанне беларускай мовы пастаўлена на вельмі высокі ўзровень, бо яшчэ адна вучаніца гэтай школы, дзесяцікласніца Ганна Кліманская заслужыла дыплом трэцяй ступені. Вучыць яе Наталля Мірановіч.
Дыплом трэцяй ступені на абласной алімпіядзе па нямецкай мове зваяваў вучань 10 класа гімназіі Іван Матырка — настаўніца Ларыса Докіш. Таксама дыплом трэцяй ступені з алімпіяды па фізкультуры прывезла адзінаццацікласніца сярэдняй школы №1 Анастасія Хацкевіч — настаўнік Уладзімір Клундук. Хачу сказаць, што на апошніх спаборніцтвах трэба было паказаць не толькі выдатную спартыўную форму, а і грунтоўныя веды па фізічнай падрыхтоўцы, гісторыі, з чым Насця выдатна справілася.
— Памятаецца, некалькі гадоў таму лепельскія школьнікі паказвалі таксама выдатныя вынікі на алімпіядах па хіміі, перамагалі нават на спаборніцтвах міжнароднага ўзроўню.
— Так, гэта была заслуга настаўніцы хіміі сярэдняй школы №1 Валянціны Вялюгі. Зараз заслужаная настаўніца на пенсіі, маладой змене да яе ўзроўню яшчэ расці і расці. Мы спадзяваліся на прызавыя месцы на алімпіядзе па біялогіі, але не ўдалося, занадта высокай была канкурэнцыя.
— Якім чынам дзеці і настаўнікі рыхтаваліся да алімпіяды?
— Адразу скажу, што ўдалае выступленне на прадметнай алімпіядзе нават на раённым узроўні — вынік працы не аднаго года. Дзеці разам з настаўнікамі, бацькамі ідуць да поспеху паступова, планамерна. Да падрыхтоўкі нават прыцягваліся выкладчыкі вышэйшых навучальных устаноў — адчуваеце, які высокі ўзровень! І ў школах вядзецца актыўная праца па выяўленні здольнасцяў дзяцей і іх развіцці: старэйшыя класы вучацца па профілях, дзеці могуць наведваць факультатывы, стымулюючыя і падтрымліваючыя заняткі, у многім гэта індывідуальная праца настаўнікаў з вучнямі. Думаю, больш падрабязна вам раскажуць пра гэта яны самі.
— Абавязкова пацікавімся. Аднак, ці ведаеце, якім чынам будуць заахвочаны дзеці, бацькі, настаўнікі?
— Гэта абавязкова будзе зроблена. Кожны год у райвыканкаме ва ўрачыстай абстаноўцы мы адзначаем усіх. Акрамя гэтага, настаўнікам, чые вучні паказалі выдатныя вынікі на прадметных алімпіядах усіх узроўняў, выплачваюцца неблагія грашовыя прэміі. Так што ёсць за што працаваць. І для дзяцей-алімпіяднікаў ільготы пры паступленні ў ВНУ — не апошні стымул.
С. БАЗЫЛЬ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>