В технике одностороннего перебора

dsc_0105Магчыма, у хуткім часе спіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцяў нашага раёна папоўніцца асаблівым відам ткацтва.

Калі наведаць дзяржаўную ўстанову культуры “Лепельскі Цэнтр рамёстваў”, то можна заўважыць на ганаровым месцы сярод іншых экспанатаў “адзіяла накладанае”. Нашыя продкі ткалі яго ў тэхніцы аднабаковага перабору, якая вядома ў нашым краі з ХІХ стагоддзя.
“Адзіяла накладанае” — гэта мясцовая назва, і атрымаў яе выраб хутчэй за ўсё за тое, што посцілка клалася на нешта. Аднак і іншая версія таксама існуе: рознакаляровы ўзор пры ткацтве накладваецца на аснову — льняное палатно чорнага колеру. Выкарыстоўвалі посцілку ў якасці покрыва альбо коўдры.
Лепельскія «адзіялы накладаныя» маюць і свае характэрныя асаблівасці. Часцей яны складаліся з двух частак з-за вузкіх кроснаў. Тканіна на іх атрымлівалася па 60 — 80 сантыметраў. Потым гэтыя часткі сшываліся паміж сабой, таму маглі мець розны арнамент. З адваротнага боку посцілкі падшываліся іншай тканінай, каб не было відаць вузельчыкаў.
Рабілі такую падшыўку з ільняных і ваўняных нітак, але сустракаліся вырабы і са змешаных валокнаў, ды самых разнастайных колераў.
Асабліва распаўсюджаным такое рамяство было ў 20-30-я гады ХХ стагоддзя. У гэты цяжкі для краіны перыяд насельніцтва не было забяспечана неабходнымі таварамі, бо гаспадарка пасля Першай сусветнай вайны была амаль цалкам разбурана.
У канцы 50-х амаль перасталі ткаць палатно для адзення, сталі карыстацца папулярнасцю посцілкі, абрусы.
Работнікі Цэнтра рамёстваў правялі вялікую пошукавую работу, каб аднавіць гэты від ткацтва. Трэба было знайсці рэшткі вырабаў, а потым іх рэканструяваць.
– У час экспедыцыі мы знайшлі толькі некалькі вырабаў, бо многае з часам згубілася. Аднак на Лепельшчыне ёсць сталыя жанчыны, якія займаліся гэтай справай, — кажа майстар па ткацтве Святлана Залатуха.
У сям’і Святланы Мікалаеўны такія вырабы заўсёды мелі кошт, бо яе бабуля Марыя Быкава ўмела ткаць і нават у тагачасным Доме рамёстваў ужо ў сталым узросце запраўляла станок, іншымі словамі — стаяла ля вытокаў адраджэння ткацтва на Лепельшчыне. Посцілкі ручной работы ў доме бабулі засцілаліся толькі на святы, а ў будні выкарыстоўваліся вырабы з крамы. Кацярына Смажэўская, цёця Святланы Мікалаеўны, таксама мела дачыненне да гэтай карыснай працы, бо займалася ткацтвам у Доме рамёстваў. Па слядах родных і Святлана Залатуха прыйшла ва ўстанову. Спачатку займалася ў розных гуртках, а потым гэтая справа так захапіла, што цяпер сама навучае дзяцей ткацтву.
Адзін з фрагментаў этнаграфічнай посцілкі набыты падчас экспедыцыі ў лепяльчанкі Ганны Стэльмах. Посцілка выканана ў тэхніцы перабор з выбарам.
Мы, недасведчаныя ў ткацтве, узор лічым добрым, калі ён нам падабаецца. І нават не задумваемся, што кожны элемент малюнку нясе пэўнае сімвалічнае значэнне. Часцей за ўсё ў такім мастацтве сустракаюцца матывы ўраджаю. Так, напрыклад, матыў хлеба набыў выгляд шматграннікаў-кругоў ці ромбаў, устаўленых адзін у адзін. Гэты матыў распаўсюджаны не толькі ў ткацтве, а і вышыўцы, аздабленні бытавых вырабаў, народнага адзення.
Сімвал зерня ў мастацкай творчасці мае выгляд крыжыка, які заўсёды дапаўняецца рознымі элементамі. Сімвал агульнага продка (дзеда, прадзеда) паказваецца двума перакрыжаванымі прамавугольнікамі ці чатырма лініямі. Унутры змяшчаўся крыжык.
На жаль, не ўсе разумеюць каштоўнасць старажытных вырабаў, якой працай яны даваліся нашым продкам. Некаторыя фрагменты “адзіяла накладанага” ў вёсках проста віселі на плоце, а дзесьці на такія нематэрыяльна каштоўныя рэчы зграбалі лісце.
Але ў некаторых гаспадынь беражліва захоўваецца спадчына і зараз.
dsc_0111Работнікі Цэнтра рамёстваў рэканструіруюць рэчы, якія з часам страцілі эстэтычны выгляд, папросту забыліся грамадствам. Акрамя гэтага, яны робяць уласныя тканіны, паясы і іншыя рэчы і, што вельмі прыемна, навучаюць усяму гэтаму маладое пакаленне, праводзяць майстар-класы. Лічу, што каштоўнасць працы гэтых людзей проста немагчыма пераацаніць.
Н. МІЦЬКІНА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>