Деревообрабатывающий цех

img_6198Калі заходзіш у галоўны корпус адкрытага акцыянернага таварыства “Лепельскі рамонтна-механічны завод”, у цэхі былога завода шасцерань, адразу адчуваецца спецыфічны заводскі водар (менавіта водар, а не пах). Яго даюць метал і машыннае масла, з дапамогай якога першы і апрацоўваецца. Гэты пах нагадвае пра людзей, якія атрымліваюць заробак штодзённай цяжкай працай.
Аднак на тэрыторыі прадпрыемства ёсць цэх і з зусім іншым водарам — участак дрэваапрацоўкі. Увайшоўшы сюды, адразу ўзгадаў яшчэ ў дзяцінстве завучаныя радкі верша Джані Радары ў перакладзе Самуіла Маршака:
“Мимо столярной
Идешь мастерской, —
Стружкою пахнет
И свежей доской…”
— О, так! — з усмешкай пагаджаецца майстар дрэваапрацоўчага ўчастка Сяргей Пшанко і дадае. — Я ў цэху настолькі прапітваюся гэтым водарам, што нават дома ад мяне пахне драўнінай.
У цэху на момант прыходу карэспандэнта Наталля Курто наждачнай паперай шліфавала дошкі, а Сяргей Пшанко з дапамогай шрубавёрта збіраў дзіцячыя пясочніцы. У далейшым выраб пакрыюць спецыяльнай прапіткай, якая засцеражэ ад вільгаці і цвілі. Атрымліваецца даволі арыгінальная канструкцыя: пасля гульні яна зачыняецца, закрываючы доступ для бадзяжных жывёл і птушак, пясок застаецца чыстым. А ў адчыненым стане крышка трансфарміруецца ў дзве лавачкі са спінкамі, на якія вельмі зручна прысесці. Такія пясочніцы паступова з’яўляюцца ў дварах, на гульнёвых пляцоўках дзіцячых садоў і школ.
А побач ляжаў цэлы стос новых снегавых рыдлёвак. З аднаго боку, нармальны маркетынгавы ход. Што павінна карыстацца попытам зімой? Вядома ж, рыдлёўка, з дапамогай якой людзі будуць расчышчаць снег з двароў, тратуараў і парковак. Таму ў цэху загадзя вырабілі іх некалькі соцень. Аднак зіма сёлета бясснежная, а таму змяніліся ўсе планы — снегавыя рыдлёўкі застаюцца непатрэбнымі. Але гэта прадукцыя не сапсуецца, не прыйдзе ў нягоднасць нават і праз пяць гадоў захоўвання на складзе. Застаецца спадзявацца, што наступная зіма будзе снежнай — і тавар знойдзе свайго пакупніка. Аднак жа грошы, якія павінны абарачацца і прыносіць даход, некалькі месяцаў будуць знаходзіцца на складзе гатовай прадукцыі. Шкада…
Усяго на ўчастку дрэваапрацоўкі працуе шэсць чалавек, ім кіруе майстар Сяргей Пшанко, з якім, дарэчы, самым першым і пазнаёміўся, як толькі ўвайшоў. Нягледзячы на пасаду кіраўніка, ён разам з рабочымі бярэ ў рукі шрубавёрт, становіцца да станка і выконвае ўсе аперацыі нароўні.
— Як бачна, для работнікаў створаны выдатныя мовы працы: светлы цёплы цэх, дзейнічае вентыляцыя…
— Магчыма, і так, — спачатку пагадзіўся Сяргей. – Аднак зірніце з іншага боку. Драўніна паступае да нас тоўстымі шасцімятровымі бярвеннямі, якія згружаюцца на складзе, а далей — усё наша праца. Бярвенне даводзіцца самім распілоўваць на пілараме. Можаце сабе ўявіць, колькі сіл патрэбна, каб іх паварочаць? Дошкі распілавалі — загружаем у аўтамабіль, які перавозіць іх у наш цэх. Тут іх складваем належным парадкам, каб не сырэлі, не пакрываліся цвіллю — і ўсё ўручную. Самі можаце зразумець, як цяжка ўпраўляцца з шасцімятровымі дошкамі таўшчынёй па 50 міліметраў і больш. І гэта толькі адзін этап. А яшчэ мы працуем з ламінаванымі ДСП — драўнінна-стружкавымі плітамі, робім з іх корпусную мэблю. Гэтым якраз займаюцца іншыя работнікі ў другім цэху.
— Асабіста мне ўсё ж такі больш даспадобы мэбля з масіву дрэва —сталы, крэслы, табурэты… Памятаю, калісьці ў адным з гандлёвых памяшканняў на скрыжаванні Валадарскага і Будзённага бачыў падобную. Ды і ў інтэрнэце ў апошні час можна ўбачыць шмат адметных узораў.
— І мне таксама масіў больш падабаецца. Ён захоўвае натуральнасць, спрадвечнасць. З такімі матэрыяламі прыемна працаваць.
— Раскажыце пра свой выраб, пра які можна было б сказаць — выдатнейшы.
— Адразу і не прыгадаю, за гады ўжо шмат чаго зроблена. Хіба што крэсла-качалка… У нас у цэху ў якасці ўзораў ёсць некалькі садовых крэслаў з масіву. Год таму на іх аснове зрабілі крэсла-качалку. Спінка там, натуральна, вышэйшая, прымайстравалі палазы для раскачвання — выдатна атрымалася. Дошчачкі змацаваныя без выкарыстання цвікоў ці самарэзаў так, што бачна толькі дрэва. Нясучыя канструкцыі скручаны дэкаратыўнымі балтамі.
— І як рэалізоўвалася гэта прадукцыя?
— Некалькі разоў паказвалі яе на розных выставах, змясцілі фотаздымак на сайце завода. Спадзяёмся, што зацікавяцца патэнцыйныя заказчыкі, але пакуль што такіх няма.
— Чаму ж крэсла не купілі?
— Напэўна, па прычыне высокай цаны. Звычайнае садовае крэсла з масіву ў нас каштуе 174 рублі. Можаце ўявіць, колькі будзе каштаваць крэсла-качалка?! З іншага боку, штучны тавар ручной работы з масіву дрэва не можа каштаваць танна, гэта аб’ектыўная рэальнасць.
Варта заўважыць, што дрэваапрацоўчы ўчастак у ААТ “Лепельскі рамонтна-механічны завод” у асноўным выконвае канкрэтныя заказы. Тут імкнуцца, каб прадукцыя не ляжала на складах, а адразу накіроўвалася спажыўцам. Шмат заказаў у апошні час паступае ад работнікаў КУВП “Бароўка”. Кожны лепяльчанін, госць горада звярнуў увагу, колькі з’явілася ля ўстаноў лавачак, арэляў і альтанак. Металічныя элементы для іх вырабляюцца на ўчастку РМЗ, што па вуліцы Партызанскай, а драўляныя — на ўчастку дрэваапрацоўкі па вуліцы Барысаўскі тракт.
У папярэднія гады рамонтна-механічны і электрамеханічны заводы, а ў далейшым — аб’яднанае прадпрыемства — актыўна ўдзельнічала ў выставах, гарадскіх святах, раённых кірмашах… Нікога з гасцей не пакінула раўнадушным запамінальная выстава падчас апошняга свята горада, калі адзначаўся 580-гадовы юбілей Лепеля. Там былі прадстаўлены ўзоры як металічных, так і драўляных вырабаў.
— Сяргей, а дзе вы атрымлівалі адукацыю цесляра?
— У Віцебску раней дзейнічала ПТВ-147, якое рыхтавала да выпуску спецыялістаў у галіне народных рамёстваў. Установа была адной з лепшых ва ўсёй Беларусі. Зараз гэта каледж, навучэнцы і выпускнікі не апускаюць узятую раней высокую планку.
Прашу зрабіць некалькі фотаздымкаў і шчыра жадаю работнікам участка дрэваапрацоўкі поспехаў у нялёгкай справе.
Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>