Комфорт детей — на первом месте

sadik-9Як мы ўжо паведамлялі ў канцы 2019 года, у яслях-садзе №9 пасля рамонту адкрылася група, з якой проста не хочацца выходзіць. Мяккі тон афарбоўкі сцен, прыемныя рознакаляровыя шафы для адзення, светлае памяшканне — усё гэта надае ўтульнасці і камфорту. Напэўна, усе бацькі жадаюць, каб іх дзеці праводзілі час у такіх групах.

Заўсёды лічыла, што па месцы размяшчэння гэтая дашкольная ўстанова займае выйгрышныя пазіцыі. З акна відаць парк, блакітнае вялікае возера. Можна сказаць, што дзеці заўсёды знаходзяцца на свежым паветры. Машын тут не надта многа, толькі на гарадскія святы гэтае месца становіцца шматлюдным.
Вырашыла даведацца, якая яшчэ праведзена работа ва ўстанове адукацыі, бо многія знаёмыя, чые дзеці наведваюць яе, захапляліся рамонтам не толькі ў групах, а і ўвогуле ва ўсіх унутраных памяшканнях.
Тэлефаную загадчыцы ясляў-сада №9 Святлане Шкіндзер, якая адразу згадзілася распавесці пра ўсе пераўтварэнні ва ўстанове. Адчувалася, што жанчына яшчэ пад уражаннем ад перамен. Такі ж настрой заўважыла і ва ўсім калектыве. Так, на самой справе, вялікае значэнне для нашага душэўнага стану маюць камфортныя ўмовы працы.
Ведаю, што за кастрычнік — снежань праведзена вялікая праца ў старэйшай групе, і ўжо яе бачыла. Толькі на мэблю сродкаў з раённага бюджэту зрасходавана каля 14 тысяч рублёў. А на ўсе работы выдаткавана каля 50-60 тысяч рублёў.
А як жа выглядаюць іншыя памяшканні, дзе знаходзяцца дзеці каля дзевяці гадзін у суткі? Нават не здагадвалася, што таксама прыгожа.
Як паведаміла Святлана Уладзіміраўна, рамонтныя работы ў іх установе вядуцца з 2015 года за лік сродкаў раённага бюджэту. Хоць дашкольнай установе ўжо больш за 50 гадоў, аднак спецыялістамі было адзначана, што фундамент, перакрыцці (дзякуючы скатнаму даху), вонкавыя сцены яшчэ трывалыя. Патрабаваў будынак толькі ўнутраных работ. Спачатку быў адрамантаваны калідор, пазней адно групавое памяшканне набыло прыгожы сучасны выгляд, у якое мы таксама зайшлі з кіраўніком дашкольнай установы. Калі хтосьці думае, што гэта толькі памяшканне, дзе гуляюць дзеці, то глыбока памыляецца. На самой справе гэта цэлы блок: раздзявальня, групавое памяшканне, умывальня, туалетны пакой, буфетная для мыцця посуду і невялікае складское памяшканне. Не змяніліся падчас рамонту тут хіба толькі сістэма ацяплення і сцены — такія работы касметычнымі не назавеш. Прайшло чатыры гады з таго часу, аднак усё мае прывабны выгляд, аб чым вельмі клапоцяцца выхавальнікі. У іншых групах таксама адчуваецца, што гаспадараць там клапатлівыя работнікі.
У кожнай групе цяпер маюцца магнітна-маркерныя дошкі, а яшчэ ў адну бацькі набылі тэлевізар. Ёсць у яслях-садзе і мультымедыйная ўстаноўка, набытая за сродкі ад пазабюджэтнай дзейнасці. Гэтую тэхніку можа выкарыстоўваць кожны выхавальнік.
Спальныя месцы прадстаўляюць сабой трох’ярусныя ложкі, прыйшоў час забыць пра раскладушкі.
Кожны год, пачынаючы з 2015-га вяліся работы па добраўпарадкаванні, здаваліся ў эксплуатацыю памяшканні. Змянілі свой воблік таксама кладоўка і пральня, складскія памяшканні. На працягу ўсёй размовы з кіраўніком ясляў-сада адчувалася вялікая ўдзячнасць мясцовай уладзе. І гэта зразумела, бо рамонтныя работы ва ўстановах адукацыі нашага раёна знаходзяцца на асаблівым кантролі райвыканкама. Неаднаразова наведваў яслі-сад у гэты перыяд старшыня райвыканкама Міхаіл Кісялевіч, частым госцем таксама быў намеснік старшыні райвыканкама Віктар Азаронак. Яны зазірнулі ва ўсе куткі і разам з загадчыкам дашкольнай установы абмеркавалі, якія работы трэба правесці. На кантролі трымаў гэтую работу і начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Анатоль Карпіцкі.
Асаблівую ўвагу прадстаўнікі ўлады звярнулі на працоўнае месца настаўніка-дэфектолага. Кабінет крыху павялічылі, каб дзеці маглі ў камфортных умовах займацца развіццём мовы. Вялікая адказнасць за гэту справу ўскладаецца ў сучасным свеце на работнікаў дашкольнай установы, бо тут выхаванцы праводзяць шмат часу.
Трэба заўважыць, што без увагі не застаўся і харчблок. Новыя сталы, сучасныя пліты для прыгатавання ежы. Ёсць усе магчымасці, каб ежа атрымлівалася карыснай і смачнай. Менавіта такімі словамі яе і характарызуюць выхаванцы і іх бацькі. Вельмі дапамагла тут галоўны санітарны ўрач раёна Вікторыя Міхно, якая кансультавала па ўсіх пытаннях, якія ўзнікалі.
У 2018-2019 годзе за сродкі раённага бюджэту, спонсарскія, а таксама асабістыя сродкі работнікаў заменена ўся агароджа па перыметры. Старую сетку-рабіцу замяніў дыхтоўны сучасны плот.
Свой уклад унёс і апякунскі савет, за іх сродкі набыты сталы, стулы, пасцельная бялізна і іншыя неабходныя рэчы. Дадаткова сям’я Глазко падарыла пясочніцу і лаўкі для групы, дзе выхоўваецца іх дзіця.
— Хочацца адзначыць рабочага па рамонце і комплексным абслугоўванні будынкаў і збудаванняў Аляксея Ноўскага. Дзякуючы яму былі з’эканомлены пэўныя сродкі. Установа набыла матэрыялы, а Аляксей рабіў з іх пясочніцы, плот для ясельнай групы і іншыя неабходныя рэчы, — кажа мая суразмоўца.
Як аказалася, установа і сама зарабляе грошы, якія таксама ідуць на ўмацаванне матэрыяльнай базы. Хоць і невялікія, аднак у добрага гаспадара капейка рубель беражэ. Акрамя гэтага, апякунскія сродкі ў абавязковым парадку ідуць на цацкі для дзяцей.
Удзячная Святлана Уладзіміраўна і бацькам сваіх выхаванцаў:
— У нашых выхаванцаў самыя лепшыя бацькі. Яны не толькі грашыма дапамагаюць, а і не адмаўляюць пасля сваёй працоўнай дзейнасці парупіцца на карысць установы адукацыі. Мэблю перанесці, папрацаваць на тэрыторыі, штосьці адрамантаваць… Падчас сумеснай працы нават завязваюцца сяброўскія адносіны паміж бацькамі.
За гады працы і ў калектыве склалася прыязная атмасфера. Ніхто не баіцца працы, за якую, па магчымасці, кіраўнік установы імкнецца фінансава аддзячыць. Кожны з выхавальнікаў стварае на сваім працоўным месцы ўтульнасць. Слова “калектыў” у Святланы Уладзіміраўны асацыіруецца з такім паняццем, як сям’я, дзе ёсць свае святы і радасці, часам — і праблемы.
Пацікавілася і ў дзяцей пра ўражанні ад “новых” груп. Калі яны ўпершыню ўвайшлі ў памяшканне, эмоцыі былі вельмі вялікія. Так, напрыклад, выхаванка Юля Стродава паведаміла: “Гэта штосьці чароўнае!” Ягор Ермалаеў адзначыў, што яму вельмі спадабаўся колер сцен. Сашы Пчолцы спадабаліся шафкі, у якія яна з задавальненнем расстаўляла цацкі, а потым дзяўчынка з канструктара пабудавала любімы садзік.
Трэба адзначыць, што спонсарскую падтрымку аказала і раённая арганізацыя грамадскага аб’яднання “Беларускі фонд міру”, якая падарыла ўстанове стэнды. У будучым плануецца адкрыць ва ўстанове групу юных міратворцаў. У раёне па гэтым праекце ўжо працуе некалькі школ.
Шмат раённых прадпрыемстваў і індывідуальных прадпрымальнікаў таксама дапамагалі ў гэтай карыснай справе.
Такім чынам, у канцы 2019 года ўнутраныя работы былі поўнасцю выкананы.
Выходзячы з памяшкання, заўважыла на тэрыторыі ўстановы маладыя дрэўцы, якія былі набыты за лік сродкаў раённага суботніка. Устаноўлены і трывалыя парапеты для бяспекі дзяцей. У планах — абуладкаванне тэрыторыі і фасаду будынка.
Наталля ХРАПАВІЦКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>