Увлекательный урок

img_6221Ці можна здзівіць сучасных дзяцей? А калі можна, то чым і як?

Мноства людзей, якім я задаваў гэтае пытанне, адказвалі прыблізна такім чынам:
— Ды гэта ўжо немагчыма! Сучасныя дзеці чаго толькі ні пабачылі і ні пакаштавалі. Апельсіны-мандарыны-ананасы для іх ужо не тая экзотыка, як для нас, дзяцей 1960-1980-х гадоў, калі цытрусавыя з’яўляліся ў продажы ў асноўным толькі на Новы год, а чай з лімонам быў адным з атрыбутаў заможнасці. Раней мы пільна чыталі праграму тэлеперадач, стараючыся знайсці паказ любімага кіно ці мультфільма, а цяпер яны ў вольным доступе ў інтэрнэце — можна ўбачыць у любы час. Ды і з навамоднымі гаджэтамі дзеці ўпраўляюцца лягчэй і прасцей, чым мы, дарослыя людзі з вышэйшай адукацыяй, часам і не адной. Так што, каб здзівіць сучасных дзяцей, трэба вельмі пастарацца.
Думаю, таты і мамы выхаванцаў дзіцячага сада №4, а таксама яго адміністрацыя якраз вельмі пастараліся, бо я бачыў здзіўленыя і зачараваныя вочы дзяцей, якія свяціліся ад шчырай радасці. У госці да хлопчыкаў і дзяўчынак завітала жывая гісторыя — беларускія шляхцічы XVI-XVII стагоддзяў.
Тры групы сабраліся ў спартыўнай зале. Дзеткі пільна сачылі, як шляхцічы ў старадаўніх касцюмах паказвалі правілы валодання мячом і шабляй. Дэманстравалі, як яны трэніруюцца, рыхтуюць сябе да абароны радзімы, якое важнае месца ў іх жыцці мае сяброўства.
— Дзеці, вы бачыце, як сяброўства дапамагала нашым продкам бараніць сваю радзіму ад розных ворагаў. А вы самі сябруеце? Абавязкова трэба падтрымліваць, умець слухаць адзін аднаго, — распавядаў галоўны госць.
А я міжволі перанёсся ў сваё дзяцінства. Эх, калі б да нас у дзіцячы сад ці ў школу прыйшлі такія госці — шляхцічы-воіны з шаблямі, мячамі, баявымі сякерамі, у бліскучых даспехах! Мы б ад іх ні на крок бы не адыходзілі, такая зброя была б для нас марай усяго жыцця, а хлопчыкі б усе сталі рыцарамі.
Госці ж паказалі некалькі прыёмаў фехтавання шабляй, яшчэ болей уразіўшы маленькіх гледачоў. Дзеці ніколькі не спалохаліся!
Мне ж абліччы воінаў, іх касцюмы, зброя падаліся знаёмымі… Так і ёсць! Юрый Усціновіч і яго сябар, які прасіў зваць сябе проста Міраслаў, летам 2018 года прыязджалі пад вёску Верабкі на раскопкі Прыгожай верацяі, выступалі перад юнымі археолагамі. Тое выступленне вельмі спадабалася дзецям, якія пазней неаднаразова ўспаміналі яго, расказвалі, як многія ўпершыню ўзялі ў рукі мячы, шаблі і наўпрост дакрануліся да гісторыі.
Праз некалькі хвілін размову працягнуў дудар Мікалай Дашыневіч. Ён выступаў з інструментам так званага лепельскага тыпу, арыгінал якога захоўваецца якраз праз дарогу ад дашкольнай установы — у раённым краязнаўчым музеі. Дуду для артыста па спрадвечных канонах зрабіў майстар Сяргей Чубрык. Дзеці разам з гасцямі вадзілі карагоды, праводзілі гульні.
— Ці цяжка працаваць з такімі маленькімі дзецьмі? — пытаюся ў Мікалая.
— Мы прывыклі, навучыліся, — адказвае. — Кожная ўзроставая катэгорыя мае свае асаблівасці пры ўспрыняцці, правядзенні падобных сустрэч. Так, для маленькіх дзяцей мерапрыемства павінна доўжыцца не больш за 20-25 хвілін, затым яны стамляюцца. Хлопчыкі і дзяўчынкі любяць гуляць, танцаваць, з задавальненнем удзельнічаюць у інтэрактыве. З дарослымі ж можна працаваць даўжэй, праводзіць для іх міні-лекцыі.
— І даводзілася выступаць перад дарослымі?
— А як жа! Нядаўна былі ў Гродне. Міраслаў так цікава, заўзята распавядаў пра зброю нашых продкаў, як яны ёю валодалі, пра баявую тактыку, што аўдыторыя захапілася. Людзі задавалі ўсё больш пытанняў, мы пераўзышлі ўсе дазволеныя часовыя рамкі. Гледачы нас ледзьве адпусцілі.
img_6218Нарэшце, і нашы дзеткі нагуляліся з гасцямі, прымерылі баявы шлем, патрымалі ў руках меч і шаблю, удосталь патанцавалі і пафатаграфаваліся. Выхавальнікі сабралі іх і павялі па сваіх групах. Я ж застаўся пагутарыць крыху з рэканструктарамі, якія пакрыху сталі збірацца.
— Вы самі вырабляеце зброю, даспехі, вопратку старадаўніх часоў? — пытаюся ў Міраслава.
— Самі мы толькі робім дробныя рэчы, кашталту гаманца, ды рамантуем, а вырабам займаюцца дасведчаныя, спрактыкаваныя майстры, у якіх ёсць адпаведныя вопыт і інструменты. Каля дваццаці таму, калі рэканструктарскі рух толькі пачынаўся, аматары самі для сябе выраблялі шаблі і латы. Затрачвалі на гэта часам па некалькі месяцаў. Зараз жа з’явілася суполка прафесійных майстроў, якія спецыялізуюцца на такім рыштунку, зброі. Нам, рэканструктарам, прасцей і танней будзе заказаць патрэбную рэч, чым рабіць яе самому. Хаця многае можам і самі.
— Як часта даводзіцца выступаць перад аўдыторыямі?
— Па-рознаму, — адказвае Юрый. — Здараецца, да шасці разоў у месяц. Бацькі нас запрашаюць у дзіцячыя сады і школы, каб мы паказалі дзецям, што такое гісторыя, адкуль пайшлі беларусы. Падобныя мерапрыемствы лічу адным з лепшых спосабаў патрыятычнага выхавання.
Часта нас запрашаюць і ў падлеткавыя, дарослыя аўдыторыі.
Вось так няспешна, за размовай сабраліся нашы госці . Іх у той жа дзень яшчэ чакалі школьнікі ў Слабадзе.
Васіль МАТЫРКА.
 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>