Медаль «За боевые заслуги»

za-bayavyya-zaslugiМедаль “За баявыя заслугі” — узнагарода СССР, якая існавала яшчэ да пачатку
Вялікай Айчыннай вайны.
Яна была заснавана 17 кастрычніка 1938 года. Гэта ўзнагарода разам з медалём
“За адвагу” сталі першымі ва ўзнагароднай сістэме Савецкага Саюза. Медаль
“За баявыя заслугі” ўручаўся за актыўнае
садзейнічанне паспяховаму вядзенню баявых дзеянняў, а таксама ўмацаванне боегатоўнасці часцей і падраздзяленняў.

У гады Вялікай Айчыннай вайны медалём “За баявыя заслугі” ўзнагароджвалі масава, пераважна салдатаў і сяржантаў. Радзей — малодшых афіцэраў Чырвонай арміі.
Сярод лепяльчан адным з першых медалём “За баявыя заслугі” быў узнагароджаны Андрэй Крыцкі з Окана. Ён вызначыўся ў зімовых баях 1941-га. У пачатку снежня з поля бою вынес цяжкапараненага камандзіра эскадрона. Праз некалькі дзён выратаваў жыцці дзевяці чырвонаармейцаў.
Румынія, Венгрыя, Чэхаславакія — праз гэтыя еўрапейскія краіны пралягаў баявы шлях санінструктара 169 стралковага палка Андрэя Крыцкага. За плячыма — дзясяткі выратаваных жыццяў чырвонаармейцаў. Часта пад градам варожых куль і асколкаў, рызыкуючы сабой, прабіраўся ён да параненых у самае пекла бою. У красавіку 1945 года камандаванне палка прадставіла Андрэя Крыцкага да ўзнагароджання медалём “За адвагу”. Пакуль дакументы знаходзіліся ў штабных кабінетах, узнагарода зменшылася да медаля “За баявыя заслугі”. Двойчы медалём “За баявыя заслугі” адзначаны яшчэ трынаццаць лепяльчан.
З 1941-га да пачатку 1944 года Сяргей Стэльмах ваяваў у артылерыйскім супрацьтанкавым палку, які ўваходзіў у склад Волхаўскага, а затым — Ленінградскага фронту. Удзельнічаў у прарыве блакады Ленінграда ў студзені 1944 года і аперацыі па поўным зняцці блакады горада “Студзеньскі гром”. На працягу сакавіка — красавіка полк вёў актыўныя баявыя дзеянні ў накірунку Пскова. Тады радавы С.Стэльмах атрымаў сваю першую ўзнагароду — медаль “За баявыя заслугі”. Баявы шлях нашага земляка прайшоў па дарогах Румыніі, Венгрыі, Аўстрыі і Чэхіі. У красавіку 1945-га артылерысты вялі бой у раёне аўстрыйскага гарадка Мураў. Пад моцным агнём праціўніка Сяргей Стэльмах вывез на прамую наводку гармату і падвёз да яе 200 снарадаў. За гэтыя дзеянні ён быў узнагароджаны медалём “За адвагу”.
Сярод узнагароджаных медалём “За баявыя заслугі” і мой дзед па бацькавай лініі Кірыл Тухта. Як і шэраг іншых лепяльчан, ён быў прызваны ў Чырвоную армію ў ліпені 1944 года. Спачатку трапіў на Першы Прыбалтыйскі фронт. Займаў пасаду старшыны ў разведроце. Адпраўляў на заданні разведчыкаў за лінію фронту. Быў лёгка паранены. Пасля лячэння накіравалі ў артылерыйскую брыгаду, якая ўваходзіла ў склад 1-га Украінскага фронту. Ваяваў у 1111 гаўбічным артылерыйскім палку на пасадзе каптэнармуса.
za-bayavyya-zaslugi1Удзельнічаў Кірыл Тухта ў Пражскай наступальнай аперацыі. У раёне чэхаславацкай сталіцы баі працягвалі грымець яшчэ дзявятага і дзясятага мая, калі ўжо была падпісана капітуляцыя Германіі. Вайна для дзеда завяршылася толькі 11 мая, калі часці Чырвонай арміі злучыліся з амерыканскімі падраздзяленнямі. Вярнуўся дадому ўвосень 1945-га ў званні малодшага сяржанта.
Шэраг былых франтавікоў быў прадстаўлены да медаля “За баявыя заслугі” за атрыманыя раненні. Напрыклад, Пётр Шапавалаў з Рудні быў цяжка паранены падчас разведкі пад горадам Волхавам у верасні 1943 года. Доўга лячыўся, але на ўсё жыццё застаўся са скалечанай нагой. Вярнуўшыся дадому, працаваў рахункаводам у Свядскім сельсавеце. Пад Масквой цяжкае раненне атрымаў і Фёдар Міхно з вёскі Мацюшына Сцяна, за што таксама адзначаны медалём “За баявыя заслугі”.
Калі пачалася вайна, Тамары Логінавай з горада Іванава было дваццаць год. Дзяўчына мела за плячыма медыцынскую адукацыю, таму яе скіравалі на фронт у шпіталь для лёгкапараненых. Таксама ўзнагароджана медалём “За баявыя заслугі”. Перамогу сустрэла ў званні малодшага лейтэнанта ў Румыніі. Выйшла замуж за беларуса Пятра Крыцкага. Ён і прывёз Тамару да сябе на радзіму — у лепельскую вёску Рудню. Амаль сорак год Тамара Аляксандраўна адпрацавала медсястрой у Слабадской участковай бальніцы.
За ўмелыя дзеянні медалямі “За баявыя заслугі” адзначана больш за тысячу лепяльчан, якія змагаліся з ворагам на фронце. Сярод іх Андрэй Азаронак з Верабак і Максім Сарока са Свяды, удзельнік абароны Масквы сяржант Дзяніс Быкаў з Куляшоў.
У 1965 годзе падчас урачыстых мерапрыемстваў да чарговага юбілею Перамогі медаль масава ўручалі ўдзельнікам партызанскага руху, якія не атрымалі ўзнагароды ў часіны вайны.
Валерый ТУХТА,
краязнаўца.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>