Прафесіяналізм плюс мадэрнізацыя

Установа аховы здароўя “Лепельская абласная псіхіятрычная бальніца” — гэта шматпрофільная лячэбна-прафілактычная ўстанова на 170 ложкаў. Пацыентам аказваецца спецыялізаваная экстраная і планавая псіхіятрычная, наркалагічная і псіхалагічная медыцынская дапамога. Вялікім гонарам для нашага раёна стаў той факт, што аб дзейнасці

Лепельскай абл­псіхбальніцы расказваецца ў другім выпуску Вялікай міжнароднай энцыклапедыі “Лепшыя людзі”. Галоўны ўрач бальніцы Аляксандр Капытаў узнагароджаны ордэнам “Гонар і слава” энцыклапедыі “Лепшыя людзі” і Дыпломам Прэ­зідыума Савета Вялікай міжнароднай энцыклапедыі ў намінацыі “Медыцына” за высокае прафесійнае майстэрства і самаадданую работу на карысць Беларусі.

 — Аляксандр Васільевіч, раскажыце, калі ласка, аб структуры аблпсіхбаль­ніцы.

 — У склад бальніцы ўваходзяць прыёмна-дыягнастычнае, псіхіятрычнае, наркалагічнае і псіхасаматычнае аддзяленні, а таксама палата інтэнсіўнай тэрапіі. У нас працуе адзінаццаць урачоў і 53 медсястры. Усе яны кваліфікаваныя спецыялісты. Хочацца асобна адзначыць урача-анэстэзіёлага-рэаніматолага Леанарда Гайсёнка і ўрача-тэрапеўта першай кваліфікацыйнай катэгорыі Тамару Ермаловіч. Вопытныя спецыялісты актыўна дзеляцца сваім вопытам, прафесійным майстэрствам з маладымі калегамі.

 У 2008 годзе за высока­прафесійную добрасумленную працу калектыву і дасягнутыя вынікі бальніца была прызнана лепшай у Віцебскай вобласці і ўзнагароджана Ганаровай граматай.

 — Вядома, што працэс лячэння праходзіць больш паспяхова, калі пры гэтым задзейнічана высокатэхналагічнае абсталяванне. Раскажыце, калі ласка, падрабязней аб паляпшэнні матэрыяльна-тэхнічнай базы бальніцы.

 — Імкнёмся зрабіць усё магчымае для таго, каб пацыенты адчувалі сябе ўтульна. У кожным аддзяленні ёсць палаты павышанага камфорту, дзе прадугледжаны асобны выхад, ёсць тэлевізар, халадзільнік, пры жаданні можна скарыстацца электрычнымі прыборамі. Пры гэтым у нас дзейнічаюць як адна-, так і трохмясцовыя палаты. Праведзены выдатны рамонт у клініка-дыягнастычнай лабараторыі, якая разлічана не толькі на пацыентаў бальніцы. Яе можа наведаць кожны жадаючы, каму патрэбна здаць шэраг патрэбных аналізаў.

 На тэрыторыі бальніцы знаходзілася старое памяшканне, якое падлягала зносу. За сродкі, набытыя ад платных паслуг, была праведзена яго мадэрнізацыя. У прыгожым, абуладкаваным памяшканні зараз знаходзяцца фізкабінет, водалячэбніца. Для наведвальнікаў створаны выдатныя ўмовы. На выбар пацыентаў — тэрмакушэтка, здольная награвацца да 70 градусаў, масажнае крэсла, новае абсталяванне для іншых фізпрацэдур. У фізкабінеце праводзяцца надвеннае лазаралячэнне, якое выкарыстоўваецца пры наркалагічных захворваннях, ручны масаж. Па ўсіх правілах еўрапейскага стандарту абсталявана саўна, дзе можна добра адпачыць у вольны час і тым самым аздаравіць свой арганізм. У лячэбных ваннах выкарыстоўваецца больш за 200 відаў пахучых маслаў. Побач абсталявана душавая кабіна, дзе па жаданні прадугледжана абліванне халоднай вадой, маецца санвузел.

 Дарэчы, рэканструкцыяй, рамонтам будынкаў займаюцца работнікі будаўнічай брыгады бальніцы.

 Распарадак работы фізкабінета і водалячэбніцы распрацаваны з улікам зручнасці кліентаў. Работнікі фізкабінета і водалячэбніцы — гэта вопытныя, адданыя сваёй справе спецыялісты, якія ўмеюць працаваць з людзьмі. Так, медсястра другой катэгорыі Святлана Дзівіна аддала рабоце ў бальніцы 32 гады, больш за 25 год у нас працуе медсястра Наталля Мазго.

* * *

 Удасканаленне матэрыяльна-тэхнічнай базы працягваецца. У водалячэбніцы плануецца ўстанавіць гідрамасажныя ванны. Праведзены патрэбныя рамонтныя работы, набыта новая тэхніка для пральні.

 За лік сродкаў ад платных паслуг мадэрнізаваны яшчэ адзін стары будынак. На працягу чатырох месяцаў зроблены капітальны рамонт, закуплена новае абсталяванне. Зараз тут адкрыты буфет. Гэта вельмі зручна як для саміх медработнікаў, так і для пацыентаў, наведвальнікаў. З першага верасня бягучага года ў буфеце на выбар кліентаў будуць прапаноўвацца гарачыя абеды.

 Захаванню і ўмацаванню псіхічнага здароўя грама­дзян садзейнічае шэраг фактараў. Нашы пацыенты павінны адчуваць сябе камфортна ў любы час года. На бліжэйшы час на тэрыторыі бальніцы намі запланавана ўстанавіць фантан з падсвечваннем, лаўкі, тут жа будзе пакладзена тратуарная плітка, разбіты пышныя клумбы.

 — Аляксандр Васільевіч, вядома, што медыцынскае абслугоўванне пастаянна ўдасканальваецца. Урачы ўсё часцей выкарыстоўваюць новыя формы і метады работы з пацыентамі… Якая работа праводзіцца ў гэтым накірунку?

 — У рамках праграмы навуковых даследаванняў “Сучасныя тэхналогіі ў медыцыне” на 2006 — 2010 гады, накіраванай на забеспячэнне дзейнасці Міністэрства аховы здароўя­ Рэспублікі Беларусь, намі было пачата выкананне навукова-даследчых работ “Аспекты ранняга алкагалізму: генетычныя, клініка-біялагічныя і псіхіка-сацыяльныя перадумовы развіцця алкага­лізму ў падлеткавым і маладзёжным асяроддзі”. Навуковыя даследаванні актыўна выкарыстоўваюць у сваёй практыцы ўрачы бальніцы. У час лячэння мы дэталёва аналізуем, што магло паслужыць прычынай алкагалізму, якія фактары далі штуршок наркалагічнаму захворванню і г.д.

 На базе нашай бальніцы праходзяць інтэрнатуру маладыя спецыялісты. Так, у свой час яе прайшлі і цяпер у нас працуюць два ўрачы, яшчэ адзін праходзіць інтэрнатуру зараз.

 — Які ўчастак абслугоў­вае аблпсіхбальніца?

 — Наша бальніца разлічана на абслугоўванне насельніцтва васьмі раёнаў, а менавіта 216 тысяч 200 грамадзян. Агульная колькасць работнікаў бальніцы — 186 чалавек. У сярэднім за год у нас праходзяць лячэнне дзве тысячы 600 чалавек.

 80 працэнтаў нашых спецыялістаў маюць пэўныя катэгорыі, што з’яўляецца важным паказчыкам работы.

 Псіхічнае здароўе чалавека — вельмі важная частка яго жыццядзейнасці, дабрабыту. Наша работа — дапамагчы людзям у пераадоленні, пошуку выйсця з цяжкіх жыццёвых сітуацый. Няма нічога больш дарагога ў жыцці, чым адчуванне поўнага фізічнага і псіхічнага дабрабыту. І ў гэтым накірунку мы робім усё магчымае.

 — Вялікі дзякуй, Аляксандр Васільевіч, за змястоўнае інтэрв’ю.

 Інтэрв’ю правяла Святлана СІЛЬВАНОВІЧ.

На здымках: галоўны ўрач установы аховы здароўя “Лепельская абл­псіхбальні­ца” Аляксандр Капытаў.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>