Карта культурнага ландшафту

Паўлінка рыхтуецца выйсці на сцэну. Справа ў тым, што ў лепельскай гімназіі №1 сёлета распачаў працу драматычны гурток, які захапіў сямікласнікаў. Дакладней кажучы, захапіла і аб’яднала іх сцэна. Гурток вядзе малады і вельмі адухоўлены педагог, выкладчыца роднай мовы і літаратуры Таццяна Шчэрбач. Выкладае Таццяна Уладзіміраўна ў пятых, шостых, сёмых і дзявятых класах, а класным кіраўніком працуе ў сёмым “Б”. Са сваімі і вырашылі выпусціць на сцэну “Паўлінку”.

Спектакль, праўда, ахопіць толькі некалькі сцэн з вядомай п’есы Янкі Купалы. Да ўдзелу ў спектаклі запрасілі і некаторых вучняў з паралельных класаў.
Паўлінка выйдзе на сцэну ў асобе Насці Скітавай. Уладзіслаў Сімановіч будзе адпаведна іграць ролю пана Быкоўскага. Валерыя Чыкіна і Павел Фацюшчанкаў выступяць у вобразе бацькоў Паўлінкі.
А пакуль што яны толькі пачынаюць рэпетыцыі, непасрэдна занятыя сцэнарыем. Дванаццаць сямікласнікаў-гурткоўцаў з энтузіязмам узяліся за справу.
Спатрэбяцца касцюмы, дэкарацыі – у чым справа! Тут жа будуць задзейнічаны настаўнікі працы. Рабіць справу трэба сумесна, не дзелячыся на прыватныя кавалкі і ўласныя вотчыны – і ўсё атрымаецца. У прадмеце нацыянальнае вопраткі гімназія мае пэўны вопыт. Яшчэ ў мінулым годзе вучаніца Яна Смарговіч пісала даследчую працу, якая так і называлася: “Народнае адзенне Лепельшчыны”. Параўноўвала народны касцюм мясцовага рэгіёна з вопраткай таго ж кшталту на Піншчыне. Атрымаліся цікавыя супастаўленні.
Любяць гімназісты даследаваць, і адным з накірункаў даследчай працы з’яўляецца нацыянальны. Прынамсі, вучаніца Вольга Ляйко пад кіраўніцтвам настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Наталлі Сасноўскай даследавала “Беларускі народны каляндар”. А Дзмітрый Міхно і Вікторыя Семяранская заняліся культурным ландшафтам Лепельшчыны. Гэты накірунак грунтоўна і цягам не аднаго года развіваюць гімназісты разам з вопытным беларускім філолагам Людмілай Быкавай. У выніку карпатлівай даследчай працы складзена карта культурнага ландшафту раёна. Яна ўпрыгожвае зараз кабінет Людмілы Нікіфараўны – адзін з лепшых прадметных кабінетаў у гімназіі. Карта і карта. Як яна можа “ўпрыгожваць” кабінет – ведаць толькі спецыялістам. Але са мною пагодзіцца той, хто карпеў, высвятляючы адметнасці нацыянальнага характару кожнага з населеных пунктаў раёна, а затым з лёгкай душою наносіў свае здабыткі на паперу. Тая вёска славіцца вышыўкамі, гэтая – выцінанкамі, там “жэняць Цярэшку”, а тут іграе гармонік ці цымбалы. Высока ацанілі карту метадысты беларускай мовы і літаратуры, якія ў мінулым годзе сабраліся з усёй Віцебшчыны на базе Лепельскай гімназіі. Казалі, гатовы арыенцір для энтузіястаў-даследчыкаў культурных нацыянальных пластоў. На тым семінары гімназія якраз і дэманстравала свае набыткі па тэме “Даследчая праца вучняў як сродак павышэння якасці ўрокаў”. Адбылася прэзентацыя ўсіх трох вучнёўскіх даследаванняў. Калегі “па цэху” падзяліліся вопытам і намецілі арыенціры на перспектыву.
А перспектыва гранічна зразумелая: як мага эфектыўней выкарыстоўваць набыткі даследчыцкай дзейнасці на ўроках. Дзеля гэтага, уласна кажучы, яна і праводзілася. Нацыянальны пачатак мае права і павінен эфектыўна выхоўваць вучняў, развіваць іх творчыя здольнасці.
На прадмет этнакультуры гімназісты прааналізавалі і аграэкатурызм у рэгіёне. Пальму першынства несумненна тут атрымала аграсядзіба Вольгі Маханенка ў Старым Лепелі, а таксама імправізаваны этнаграфічны музей прадметаў народнага ўжытку, створаны ў Вялікім Поўсвіжы Васілём Шкіндзерам. Трэба адзначыць, што гэтыя людзі і сапраўды шмат зрабілі і робяць дзеля таго, каб Лепельшчына стала не толькі пазнавальнай, але і адметнай у плане нацыянальнага каларыту. Чаго варты, напрыклад, турыстычны маршрут “Край жоўтых гарлачыкаў і сівых валуноў”, распрацаваны Вольгай Маханенка і яе паплечнікамі. Маршрут ахоплівае геаграфічна самыя розныя кропкі раёна, аб’ядноўвае іх у адзінае цэлае, падпарадкоўвае адной мэце. Яго сцежкамі прайшлі ўжо сотні людзей. Наладжаны пэўныя кантакты з іншымі рэгіёнамі, раён стаў пазнавальным у сусветным электронным сеціве.
Нацыянальнай тэматыцы падпарадкаваны ў гімназіі і шэраг іншых мерапрыемстваў: наладжваюцца тыдні беларускай мовы і літаратуры, сцэнічныя ўвасабленні твораў беларускіх аўтараў, як вось зараз “Паўлінкі”, таксама тут не адзінкавы выпадак. Гімназісты ўдзельнічаюць у творчых конкурсах. Так, вучаніца Алена Гайсянковіч са сваімі вершамі выйшла пераможцаю ў раённым конкурсе “Спроба пяра”. Свой важкі ўнёсак у агульную скарбонку зрабіў і танцавальны калектыў, які таксама выкарыстоўвае ў працы нацыянальныя матывы і, дарэчы, яго дапамога вельмі спатрэбіцца на сцэне, у пастаноўцы задуманай “Паўлінкі”. Куды ж вясёлай камедыі без каларытных нацыянальных танцаў! Так што будзем чакаць вясёлай школьнай прэм’еры ў кантэксце сур’ёзнай выхаваўчай працы нацыянальнага накірунку.

Уладзімір МІХНО.
На здымку:
куды ж на школьнай сцэне без нацыянальных танцаў!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>