Тело мальчика нашли в диване …

img_6185Тры дні доўжыўся судовы працэс па рэзананснай справе аб забойстве двухгадовага хлопчыка, якое ўчыніла яго маці летась у канцы мая.

Нагадаем чытачам абставіны здарэння. 27 мая 2019 года ў Лепельскі раённы аддзел унутраных спраў патэлефанавала жанчына і паведаміла, што прапаў яе двухгадовы сын. Адразу па трывозе для пошукаў быў падняты ўвесь асабовы склад раённых аддзелаў унутраных спраў і па надзвычайных сітуацыях. Першапачаткова адной з версій было патапленне дзіцяці ў возеры, бо мама казала, што яны непасрэдна перад тэлефанаваннем гулялі ў гарадскім парку. Аднак далейшыя пошукавыя дзеянні далі нечаканы і жахлівы вынік — цела хлопчыка без прыкмет жыцця было знойдзена ўнутры канапы ў гаспадарчай пабудове дома, які здымалі маці з сужыцелем. Пры дапамозе праведзеных пазней экспертыз удалося высветліць, што дзіця памерла ад механічнай асфіксіі — хлопчыку закрылі нос, рот, і ў выніку быў перакрыты доступ паветра. Галоўнай асобай, якая падазравалася ва ўчыненні злачынства, стала маці.
Справа разглядаецца абласным судом, які праводзіць выязныя пасяджэнні ў будынку суда Лепельскага раёна. На жаль, па аб’ектыўных прычынах не атрымалася патрапіць на пасяджэнне ў першы дзень. На другі дзень прыйшоў на судовае пасяджэнне. Чакаю перад дзвярыма судовай залы. Раптам адтуль выйшаў міліцыянер. Ведаю яго больш за дзесяць гадоў, гэта ўпэўнены ў сабе, ураўнаважаны мужчына, які шмат пабачыў і перажыў. Аднак было бачна, што яму цяжка стрымліваць слёзы. Можна ўявіць сабе, якое эмацыйнае напружанне панавала ў зале судовых пасяджэнняў.
На трэці дзень былі прызначаны судовыя спрэчкі паміж прадстаўніком абвінавачання і адвакатам.
Работнік пракуратуры Віцебскай вобласці ў сваёй прамове апісала ланцужок падзей тых ракавых дзён 26 і 27 мая, калі адбылася трагедыя. Указала, што абвінавачаная спачатку прымала некаторыя захады, каб схаваць факт злачынства, але потым, калі ўсё раскрылася, пайшла на актыўнае супрацоўніцтва са следствам, раскаялася. Сям’я — у многім праблемная, некаторы час знаходзілася ў сацыяльна небяспечным становішчы, была пад пільным назіраннем органаў апекі. На целе дзіцяці экспертамі знойдзены шэраг пашкоджанняў, у 2017 годзе ў хлопчыка нават быў пералом абедзвюх ручак.
Падчас учынення сваіх дзеянняў, сцвярджала дзяржаўны абвінаваўца, маці магла цалкам усведамляць свае дзеянні, прадбачыць іх наступствы і кіраваць імі. Заяўлена, што дзеянні абвінавачанай правільна кваліфікаваны па пункце 2 часткі 2 артыкула 139 Крымінальнага кодэкса. Пракурор выступіла з прапановай прызначыць пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 13 гадоў з утрыманнем у папраўчай установе агульнага рэжыму.
Затым суддзя даў слова бацьку загінулага хлопчыка, як пацярпеламу боку.
— Згодны з прапановай пракурора, — сказаў мужчына.
Сваю ролю ў дадзенай справе адвакат з самага пачатку ахарактарызаваў як цяжкую.
— У падобных справах, трагедыях у судовай практыцы, калі разглядаюцца справы аб забойстве малагадовага, а на лаве абвінавачваемых — яго маці, цяжка знайсці словы для абароны.
У далейшым абаронца ўказаў на шэраг аб’ектыўных і суб’ектыўных абставін, якія суправаджалі трагедыю. У першую чаргу было ўказана на раскаянне абвінавачанай і поўнае яе супрацоўніцтва са следствам на ўсіх этапах расследавання. Па-другое, адвакат указаў на складаную, напружаную атмасферу, якая панавала ў доме напярэдадні смерці. Да таго ж, жанчына была ў цяжарным стане.
— Па майму цвёрдаму перакананню, абвінавачаная ўжо ў вялікай ступені пакараная. Першае дзіця памерла, яна пазбаўлена бацькоўскіх правоў на другое. Таксама прашу ўлічыць, што мая падабаронная першы раз знаходзіцца на лаве падсудных. Зазначу, што з самага юнацтва жанчына была ў цяжкім становішчы: ранняя смерць маці, бацька пакінуў яе і з’ехаў, так што дзяўчына з 16 гадоў вымушана была жыць самастойна. Першы шлюб аказаўся няўдалым, сужыцель, з якім яна пражывала потым, таксама мала дапамагаў ёй, тым больш, што жанчына была цяжарнай. Улічваючы ўсе прыведзеныя абставіны і аргументы, прашу суд прызначыць пакаранне ў выглядзе мінімальнага тэрміну зняволення, прадугледжанага часткай другой артыкула 139 Крымінальнага кодэкса.
У судовым пасяджэнні абвешчаны перапынак да 20 студзеня бягучага года.
Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>