На пожелтевших от времени страницах

1Сёлета раённай газеце “Лепельскі край” спаўняецца 90 год. Вядома, гэта асабліва значная падзея не толькі для работнікаў рэдакцыі, а і для шматлікіх чытачоў, паколькі раённая газета вядзе дыялог з многімі пакаленнямі жыхароў раёна. З нагоды значнай падзеі мы плануем расказаць на старонках газеты цікавыя гістарычныя звесткі, распавесці пра яе колішніх работнікаў — таленавітых журналістаў, працаўнікоў друкарні, якія прысвяцілі рабоце ў газеце не адзін дзясятак год. Сёння ж мы павядзём размову пра першыя нумары раённай газеты.
Нумары раённай газеты “Лепельскі край”, якая выходзіла ў 1930-я гады і насіла назву “Калгасная праўда”, захоўваюцца ў Нацыянальнай бібліятэцы ў Мінску. Перагортваючы пажоўклыя ад часу старонкі старых газет, можна знайсці шмат цікавых звестак пра тое, што адбывалася на Лепельшчыне некалькі дзесяцігоддзяў таму.
Тагачасныя тэхнічныя магчымасці друку былі яшчэ даволі далёкія ад сучасных тэхналогій, таму ў газеце змяшчалася пераважна тэкставая інфармацыя. Час ад часу перадрукоўваліся фотаздымкі з усесаюзных выданняў. Аднак у сярэдзіне 1930-х гадоў у “Калгаснай праўдзе” пачалі друкавацца і першыя ўласныя здымкі, пераважна партрэтныя выявы асобных людзей. З цягам часу ў газеце з’яўляюцца і групавыя партрэты.
Аднымі з першых у раённай газеце пачынаюць друкаваць фотаздымкі перадавікоў калгаснай і прамысловай вытворчасці, дэпутатаў. Аднак выявы ў газеце з-за асаблівасцей друку былі не вельмі выразныя. Тым не менш яны з’яўляюцца каштоўнай гістарычнай крыніцай.
2 3Напрыклад, дзякуючы нумарам “Калгаснай праўды”, якія захаваліся, мы можам даведацца, за што атрымалі працоўныя ордэны і медалі лепельскія жанчыны, а таксама як яны выглядалі.
У пачатку 1936 года ордэнам “Знак Пашаны” была ўзнагароджана тэхнарук Каменскага льнозавода, стаханаўка Аляксандра Савельева. Пасля заканчэння тэхнікума Аляксандру Савельеву накіравалі працаваць на Лепельскі льнозавод. У 1934 годзе па распараджэнні льнотрэста жанчыну пераводзяць на Каменскі льнозавод. Праз год прадпрыемства становіцца адным з перадавых у БССР і прэміруецца аўтамабілем. Савельеву, як выдатнага тэхнічнага работніка, прадставілі да ўрадавай узнагароды.
У жніўні 1939 года сярод удзельнікаў Усесаюзнай сельскагаспадарчай выставы ў Маскве былі і лепяльчанкі, адзначаныя ўрадавымі ўзнагародамі. Марыя Варошка, звеннявая калгаса імя Кагановіча Каменскага сельсавета, узнагароджана медалём “За працоўную доблесць” — у 1938 годзе жанчына атрымала льнасемя восем цэнтнераў з гектара пры разрэджаным пасеве.
Сваімі ўражаннямі ад наведвання сельгасвыставы на старонках раённай газеты падзялілася кавалер ордэна “Знак Пашаны” Матрона Марцінкевіч, звеннявая калгаса “Ляхавічы” Ляхаўскага сельсавета. Заслужаную ўзнагародай жанчына ўганаравана за тое, што ў 1938 годзе атрымала льновалакна 8,6 цэнтнера з гектара: “На выставе я не толькі нагледзелася розных цудаў, але і многаму навучылася. З вялікай увагай вывучала работу лепшых ільнаводаў Беларусі, Калінінскай і Ленінградскай абласцей. Атрыманы вопыт скарыстаю для атрымання яшчэ большых ураджаяў ільну”.
Валерый ТУХТА, краязнаўца.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>