Два чемодана немецких тетрадей

miranovichyАдразу пасля сустрэчы Новага года давялося пабываць у вёсцы Окана. Прызнаюся шчыра, ніколі раней тут не была, аб чым вельмі шкадую. Праязджаючы па вясковай дарозе на рэдакцыйным аўтамабілі, сустрэлі лася. Такое ўражанне, што звяры ў гэтых мясцінах не баяцца людзей. Сонейка асвятляе лес, у большасці сваёй ля дарогі ён іглічны.

Рэдка сустракаюцца на шляху транспартныя сродкі, і тыя з расійскімі нумарамі. Магчыма, людзі яшчэ адпачывалі. Некаторыя аўтамабілі накіроўваліся да возера. Было бачна, што гэта сапраўдныя рыбакі, для якіх адпачынак з вудай — самы лепшы. Рухалася адтуль і таксі. Дарога не бойкая, жвіровая. У Селішчы справа ўбачылі вялікае прыгожае возера. Адразу ўявіла сабе яго ў летні час. Такая ж прыгажосць і ў вёсцы Окана. Чамусьці, як толькі ўбачыла паказальнік “Окана”, узгадала савецкія фільмы пра вясковае жыццё. Здавалася, тут спыніўся час. Вакол — разлог, снегу амаль няма, сонейка месцамі асвятляе зялёныя купкі, толькі спеваў птушак не хапае.

Тут я і пазнаёмілася з сямейнай парай, якая пражыла доўгае сумеснае жыццё. Здаецца, людзі прайшлі доўгі жыццёвы шлях, пасталелі. Аднак ім можна пазайздросціць у сэнсе адносін адзін да аднаго. Вось дзе моладзь павінна браць прыклад.
Зінаіда Пятроўна і Уладзімір Сяргеевіч Мірановічы 62 гады разам — у горы і радасці. Жонка ласкава кажа пра гаспадара: “Гэта маё сонейка. Усё ў хаце зроблена яго рукамі. Ён такі ў мяне працавіты!”.
Пачынаю гутарку з Зінаідай Пятроўнай і Уладзімірам Сяргеевічам — і з першых хвілін адчуваю вялікую павагу да гэтых людзей.
Адразу пачалі разам захапляцца хараством навакольнай прыроды. Дзялюся сваімі ўражаннямі ад мясцовых краявідаў, быццам вярнулася ў савецкія часы, а Зінаіда Пятроўна адказвае:
— А наша вуліца і называецца Савецкая. Гэта я прыдумала такую назву. Калі з’явілася неабходнасць назваць вуліцу, іншага і не магло прыйсці ў галаву. Мы нарадзіліся ў савецкія часы, таму і жывём на вуліцы Савецкай. А там, за рэчкай, — вуліца Зарэчная.
З часам у вёсцы з’явіліся дачнікі, якія аблюбавалі гэтую мясцовасць з-за прыгожага возера. Як грыбы, растуць дыхтоўныя дамы — адзін прыгажэйшы за другі. Карэнных жыхароў на пальцах можна пералічыць — засталося менш за дзесяць чалавек.
— Куды б ні пайшлі па вёсцы — адны дачнікі ў нас жывуць. А раней у вёсцы было больш за 60 чалавек.
Нарадзілася Зінаіда Пятроўна ў далёкім 1937 годзе, а Уладзімір Сяргеевіч — у 1931-м. Жанчына родам са Слабады, тут прайшло і яе дзяцінства. А вось гаспадар нарадзіўся на хутары Бірукі, што месціўся раней паміж Селішчам і Оканам. Да вайны там было толькі шэсць хат.
Зінаіда Пятроўна амаль усё сваё працоўнае жыццё прысвяціла галіне культуры. У Віцебску скончыла курсы культработнікаў. Спачатку працавала на артбазе ў Бароўцы: у клубе з салдатамі ладзілі розныя канцэрты і святы, потым — у Камені. А вось у Стаях давялося парупіцца ў новым клубе. Вёска была ў той час вельмі вялікая, на канцэрты прыходзілі нават з навакольных вёсак. 350 месцаў у зале ніколі не пуставалі, гледачы стаялі нават у праходах. Зінаіда Пятроўна заўсёды спявала на сцэне, танцавала, дэкламавала творы…
— Што рабіла ўчора, магу не ўзгадаць, а вось паэму “Краіна Муравія” Аляксандра Твардоўскага і зараз памятаю, — кажа мая суразмоўца. — З гэтым творам нават заняла першае месца ў вобласці. Ды і ўвогуле з дзяўчатамі, якія працавалі ў клубе, былі пераможцамі конкурсаў мастацкай самадзейнасці.
Тут жа, у Стаях, Зінаіда Пятроўна і пазнаёмілася са сваім будучым мужам. Спачатку яго ўбачыла на Дошцы гонару, бо Уладзімір Сяргеевіч заўсёды быў перадавіком, кім бы і дзе б ні працаваў. Вельмі добрасумленны і адказны чалавек. У калгасе “20 гадоў БССР” яму даводзілася скошваць па гектары травы за дзень. Мужчыны, якія хоць аднойчы займаліся касьбой, разумеюць, што гэта вельмі шмат.
Для сябе ж маладая актывістка адзначыла, што Уладзімір яшчэ і прыгожы. Аднойчы з усіх навакольных вёсак былі запрошаны перадавікі на сход і канцэрт. Тут Сцяпан Васільевіч Буртыль, які быў партыйным сакратаром, і пазнаёміў маладых людзей.
У свой час Зінаіда Пятроўна была і загадчыцай магазіна ў вёсцы Окана. Так і працавала да выхаду на заслужаны адпачынак. Не набегаешся занадта ў іншыя вёскі на працу, ды і на падворку была вялікая гаспадарка. Трымалі дзве каровы, свіней і нават свінаматку. Здаралася, што даглядаць трэба было па 16 маленькіх парсючкоў. Так і жылі, гаспадарка і была багаццем сям’і Мірановічаў.
miranovichy1Заўважаю за акном вялікі сад. Як кажа гаспадыня, пасаджаны ўжо і маладзенькі, нават яблычкамі летась частаваліся.
Уладзімір Сяргеевіч шмат дзе працаваў, быў майстрам на ўсе рукі. Шмат гадоў быў брыгадзірам на рыбзаводзе, пазней будаваў дамы і ў хаце мог любую работу выканаць. У калгаснай майстэрні меў справу з дрэвам. Мог зрабіць усё, што толькі папросяць.
— Дзяцінства маё было добрае, — кажа Зінаіда Пятроўна. — Бацька працаваў дырэктарам Слабадской школы. Шмат дзесяцігоддзяў прайшло з тых часоў, часта ўспамінаюцца тыя гады. Здаецца, цяжкі быў час, але цікавы. Усё новае ўспрымалася з вялікай радасцю.
Пётр Фёдаравіч Палонскі быў вельмі паважаным чалавекам у вёсцы. Да вайны скончыў Лепельскае педвучылішча, крыху панастаўнічаў ва Ушачах і вярнуўся на Лепельшчыну. Каля двух гадоў адпрацаваў дырэктарам школы ў Слабадзе і быў прызваны на фронт.
Прайшоў Вялікую Айчынную ад пачатку да канца. Як аб’явілі вайну, і двух гадзін не пабыў дома. Разам з іншымі мужчынамі з усіх вёсак адправілі на зборны пункт, які знаходзіўся ў Палянах, а адтуль — на фронт. Дайшоў да самага Берліна. Шмат узнагарод атрымаў, сярод якіх і “Чырвоная Зорка”.
Чатыры гады было Зінаідзе Пятроўне, як пачалася вайна. Спачатку мне падумалася, што жанчына нічога не памятае, была ж зусім маленькая. Аднак, не — дзіцячая памяць учэпістая. Як толькі гаспадар пайшоў на фронт, маці з двума дочкамі, Зінай і Тамарай, накіраваліся ў Дзяньгубы да бацькоў мужа. Неспакойна і ў той вёсцы было.
Памятае мая суразмоўца, як дарослыя хавалі бульбу за вёскай у лесе. Аднойчы маці пайшла за гароднінай, дзе і напаткала немцаў. Яны якраз накіроўваліся ў вёску. Як ні прасіла, як ні плакала, не адпусцілі немцы маці. Накіравалі жанчыну ў Бароўку, дзе яна разам з іншымі працавала на будаўніцтве дарогі, насіла ў вёдрах жвір.
— Я і Тамара засталіся з дзедам, які пражыў нядоўга. Бабуля памерла яшчэ раней. Калі мама даведалася, што мы засталіся адны, пачала прасіць аднаго немца. Ён зміласцівіўся і адпусціў, нават паказаў дарогу. Па лесе ў Дзяньгубы ўвесь час бегла да нас.
Зведала жанчына і жахі вайны. Узгадвае, як сагналі немцы ў павець усіх жыхароў суседніх вёсак і аблілі будынак бензінам. Засталося толькі запалку кінуць. Ніхто ўжо не меў надзеі на выратаванне. Раптам усе пачалі крычаць: “Танкі ідуць! Нашы!” Гэта вельмі напалохала немцаў.
Якое ж шчасце было для дзяцей і дарослых пачуць пра заканчэнне вайны, ды яшчэ даведацца, што бацька жывы! Калі Пётр Фёдаравіч вяртаўся з Германіі, прывёз з сабою ў Слабаду два чамаданы нямецкіх сшыткаў. Іншыя салдаты імкнуліся набыць сабе і родным адзенне, а ён думаў пра адукацыю.
А калі пачаў выкладваць канцылярыю, у чамадане на дне знайшоў штаны. Як аказалася, гэта сябар, таксама з Лепельскага раёна, паклапаціўся. Доўга той выпадак узгадваў франтавік, у гэтых штанах потым хадзіў на працу ў школу.
Будынка школы пасля вайны не захавалася. Даводзілася пазнаваць навуку ў звычайнай хаце. Дзеці розных узростаў сядалі разам за вялікі стол, збіты з дошак, і імкнуліся запомніць кожнае слова настаўніка. Пётр Фёдаравіч вырываў кожнаму вучню па лісціку з нямецкіх сшыткаў і вучыў грамаце.
Калі пабудавалі ў Слабадзе школу, яе першым дырэктарам стаў бацька Зінаіды Пятроўны. Спачатку ўстанову адукацыі змайстравалі з хат, якія пуставалі, штосьці дабудоўвалі з усяго магчымага. Працавалі ўсе мужчыны ў вёсцы, бо ў дзяцей было вялікае жаданне вучыцца. Пазней была ўзведзена драўняная сапраўдная школа.
…Крыху захварэла Зінаіда Пятроўна. Аднак добра, калі побач такое надзейнае плячо. Муж і ў печы паліць, і есці зварыць. Столькі гадоў разам! Быццам адно цэлае сталі муж і жонка за доўгія гады сумеснага жыцця і па-іншаму сябе не ўяўляюць.
Заўважыла ў хаце і шмат вялікіх гарбузоў, складзеных роўненька каля сцяны. Яркія, як сонейкі… Іх, здаецца, столькі і не патрэбна, але вельмі ўрадлівыя яны ў гэтых гаспадароў. Напэўна, таму, што добрыя сэрцам. Не хацелі адпускаць, не пачаставаўшы. Вельмі ўжо гасцінныя да людзей Уладзімір Сяргеевіч і Зінаіда Пятроўна.
Наталля
ХРАПАВІЦКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>