Иностранцы в Пунишче

dsc_0005Як толькі надыходзіць пара адпачынкаў, асабліва ў летні перыяд, многія лепяльчане імкнуцца наведаць іншыя краіны.
Пабачыць свет, паляжаць на пляжы ля мора — асноўная мэта ў гэты час. Хочацца забыць пра ўсе клопаты і проста атрымліваць асалоду ад адпачынку.

У гэты ж час замежныя госці прыязджаюць у нашу краіну, каб падыхаць свежым паветрам, асабліва ля іглічнага лесу. Ужо даўно даказана навукоўцамі, што гэта вельмі карысна для арганізма чалавека.
Як даведалася, іншаземцы з вялікім задавальненнем наведваюць і нашу Лепельшчыну, пасля чаго пакідаюць толькі добрыя водгукі. Дзе ж яны адпачываюць?
dom dsc_0012Набіраю ў інтэрнэце «адпачынак на Лепельшчыне» — і атрымліваю вялікую колькасць аграсядзібаў, санаторыяў і іншых прывабных месцаў. Нават не здагадвалася пра такі вялікі прайс. Нам часам здаецца: «Ну што можна тут новага ўбачыць?». А гэта ў нас, карэнных жыхароў прыгожага краю азёраў, толькі такая думка. Іншыя ўспрымаюць Лепельшчыну як месца добрага і карыснага адпачынку.
Нашы санаторыі ведаюць не толькі ў Беларусі, а і іншых краінах. А як ідуць справы на аграсядзібах?
Пагартаўшы электронныя старонкі, раблю вывад, што ў кожнай ёсць свая асаблівасць, іншымі словамі — свая «фішка».
Спыняюся на прыгожай назве аграсядзібы«Бяседа», што месціцца ў вёсцы Пунішча.
Чытаю: «Аграсядзіба “Бяседа” размешчана ў Віцебскай вобласці паблізу азёр Доўгае і Пышнае. На тэрыторыі ёсць два дамы: асноўны — на шэсць чалавек і маленькі гасцявы — на тры-чатыры чалавекі. На прысядзібнай тэрыторыі размешчана альтанка з мангалам для сямейных і сяброўскіх пікнікоў. Акрамя таго, тут маецца руская лазня з венікамі».
Трэба сказаць, выдатная характарыстыка. Спяшаюся пазнаёміцца з гаспадыняй. Набіраю нумар — і чую прыемны жаночы голас. Антаніна Шуневіч адразу згадзілася пад’ехаць і на месцы распавесці пра сваю ўлюбёную справу. Менавіта так назаву, бо каб так абуладкаваць тэрыторыю, трэба быць апантаным тым, што робіш. Канечне, даводзіцца працаваць усім членам сям’і, аднымі рукамі немагчыма навесці такі гаспадарскі парадак. Сын Антаніны Сцяпанаўны — будаўнік, майстар сваёй справы. Многае на аграсядзібе зроблена яго працавітымі рукамі. Муж нядаўна пайшоў на пенсію і таксама актыўна далучыўся да фізічнай працы. Як кажа гаспадыня, цяпер заўсёды ўся тэрыторыя абкошана, што таксама надае ёй прэзентабельны выгляд.
Мэта, як аказалася, была ў большай ступені не зарабіць на гэтым грошай, а захаваць бацькоўскі дом. Так і атрымалася, бо з задавальненнем сюды прыязджаюць браты з іншых гарадоў, дзе ім заўсёды рада гаспадыня.
…Дзесяць гадоў Антаніна Сцяпанаўна з мужам пражылі на поўначы, будавалі там газаправод, адкуль вярнуліся ў 1994 годзе на Лепельшчыну.
У 2012 годзе пачала займацца гэтай справай. Шмат трэба было перабудоўваць, перарабляць у бацькоўскім доме. Можна сказаць, засталіся толькі сцены ад той хаты.
Камфартабельны гасцявы дом, менавіта так назаву яго, хоць і знаходзіцца ў далёкай вёсцы, мае тры ўтульныя спальні на шэсць чалавек, прасторную гасціную, абсталяваную кухню і санвузел. На кухні ёсць усё неабходнае для прыгатавання любых хатніх страў. Маюцца халадзільнік, мікрахвалёвая печ, пральная машынка, што асабліва важна для любой гаспадыні, нават у час адпачынку. Часам, калі едзеш у іншую краіну з дзецьмі, заўсёды бярэш з сабою дадатковае адзенне на ўсялякі выпадак, бо не хочацца займацца мыццём бялізны. У гэтым доме ўсё зроблена толькі з прыроднага матэрыялу, што таксама прываблівае замежных турыстаў.
На прысядзібным участку размешчана альтанка, дзе можна арганізаваць сямейны альбо сяброўскі сняданак, вячэру, а таксама мангал, на якім магчыма падсмажыць духмяныя шашлыкі. Тут жа знаходзіцца валейбольная пляцоўка, арэлі, тарзанка. І ўсё гэта знаходзіцца ў атачэнні духмянага яблыневага саду.
Адкуль у гаспадыні столькі энергіі? Акрамя яблыкаў, тут растуць слівы, маліна, ажыны, некалькі сартоў вінаграду, клубніцы, буякі і шмат чаго іншага. Ва ўрадлівыя гады нават прапаноўваюць адпачывальнікам сушыць яблыкі і забіраць з сабою.
Падчас размовы вызначыла, што Антаніна Сцяпанаўна сама правільна харчуецца, сваю сям’ю да гэтага прывучыла і таксама адпачывальнікаў імкнецца аздаравіць, пакуль яны пражываюць у яе доме. Госці заўсёды маюць магчымасць з’есці свежанькія памідоры ды агуркі, зрабіць салату з цыбулі ды чаго іншага, што маецца на градцы. Родныя з суседняй вёскі ў любы момант прапануюць малочныя прадукты і яйкі.
А яшчэ гаспадыня можа пачаставаць смачнымі блінамі. Адразу і рэцэпт даведалася. Развесці бліннае цеста і спячы з яго бліны. Начынне прыгатаваць з тварагу з дадаткам яек, мёду або цукру (можна дадаць разынкі). У гатовыя бліны загарнуць тварожнае начынне. Затым бліны абсмажыць на алеі і падаць
да стала са смятанай або мёдам.
Перавагу гаспадыня аддае сямейным парам з дзецьмі і робіць усё на ўчастку, каб адпачынак быў прыемным і карысным. Ёсць ужо і пастаянныя кліенты. Сям’я з Санкт-Пецярбурга чатыры гады запар наведвае аграсядзібу. Прыязджалі госці і з Германіі. Адпачывальнікі захапляюцца ўбачанымі бабром, чапляй, злоўленай рыбай.
Больш зацікавіў мяне маленькі домік, які разлічаны на тры-чатыры чалавекі. Як можна было ператварыць гаспадарчую пабудову ў такія камфартабельныя апартаменты?
Наведвальнікам здаецца, адзін пакой, які чымсьці нагадвае студыю. У вочы кідаецца канапа. Дзе ж астатнім спаць? Невялічкая, аднак дыхтоўная лесвіца ўказвае, што ёсць другі паверх, іншымі словамі — пакой. Там змешчаны яшчэ два ложкі, адразу хочацца сказаць — дзіцячыя, бо малыя тое месца бацькам не аддадуць. Мара многіх у дзяцінстве мець такі пакой. Для сваёй сям’і выбрала б менавіта гэты домік для адпачынку.
Хто ў наш час не любіць моцнай пары? Такая руская лазня на ўчастку сядзібы не пакіне нікога раўнадушным. Прасторная, у прылазніку маецца стол, дзе можна пасядзець кампаніяй. Падрыхтаваны і венікі на любы густ. Такія працэдуры, упэўнена, абавязкова даставяць задавальненне целу, а таксама забяспечаць добрае самаадчуванне. Спецыяльна для пастаяльцаў з’явілася тут і сажалка, хоць ужо адна была выкапана раней, толькі крыху далей.
— Гэта для жадаючых пасля моцнай пары астудзіцца. Яшчэ зробім лесвіцу, каб было зручней спускацца і ўзнімацца з вады, — кажа гаспадыня аграсядзібы.
Праязджаючы па вёсцы, звярнула ўвагу на лес, ён знаходзіцца побач з сядзібай. Туды можна адправіцца за грыбамі, ягадамі і зёлкамі. Усяго за сто метраў ад дома знаходзіцца возера Доўгае, а крыху далей — возера Пышна, а злучае гэтыя два водныя люстры безыменная рэчка. Такая прырода дае выдатную магчымасць удосталь пазагараць, накупацца. Для зручнасці адпачывальнікаў зроблены і пірс, але ў зімовы час я не пайшла глядзець яго. Убачыла на двары і лодку.
Адразу чамусьці ўяўляюцца адпачывальнікі-рыбакі.
— Напэўна, у вас тут і вуды ёсць для рыбакоў?
— Ёсць адна, але ёй ніхто не карыстаецца. Заўзятыя рыбакі прыязджаюць са сваімі снасцямі і, трэба сказаць, здзіўляюць уловам. Хто ведае гэтае возера, той заўсёды вяртаецца з рыбай. Доўгае — вельмі глыбокае, таму трэба ведаць месцы.
Аднак там і без рыбалкі можна добра адпачыць, для гэтага створана ўсё магчымае.
Вось і падышлі да самай «разыначкі» гэтай сядзібы, дзякуючы якой я вырашыла сюды наведацца. Менавіта вульетэрапія зацікавіла мяне. Што там робіць гаспадыня са сваімі кліентамі? Ці іх там пчолы джаляць? Тут чамусьці ўзгадала савецкі фільм «Белыя Росы», дзе таксама лячылі гэтымі насякомымі.
На мае словы Антаніна Сцяпанаўна толькі ўсміхнулася і пачала расказваць.
На бяспечнай адлегласці ад сядзібы размешчаны пчаліныя хаткі, над якімі ўзведзены два домікі для вульетэрапіі, што забяспечвае блізкі бяспечны кантакт з пчоламі і ўдыханне гаючага паветра з вулляў.
Падчас пчолатэрапіі з чалавекам адбываюцца цудадзейныя працэсы. Біяполе пчаліных сем’яў пачынае ўздзейнічаць на біяполе чалавека. Інгаляцыі паветра, насычанага водарам пчальніка, карысныя для людзей з праблемамі органаў дыхання.
Пры палёце вялікай колькасці пчол у паветры ад іх узмахаў крылаў ствараюцца мікравібрацыі. Такія ваганні паветра робяць лёгкі лячэбны масаж чалавеку.
Гаючым уздзеяннем на нервовую сістэму валодае ўласцівасць пчол манатонна гудзець. Гэта свайго роду медытацыя, якая дазваляе забыць праблемы і зняць стомленасць.
Падчас сну на ляжанцы над вуллямі ў чалавека назіраецца моцны і здаровы сон.
Толькі калі ўбачыла тыя хаткі з вуллямі, зразумела, што прамога кантакту з насякомымі ў чалавека не адбываецца, а вось карыснасць — вялікая.
Яшчэ ў дзяцінстве Антаніна Сцяпанаўна бачыла, як бацька любіў пчолак. Гэта перадалося і жанчыне.
У заканчэнні нашай размовы гаспадыня гасцінна прапанавала кавы, ад чаго ў зімовы час не змагла адмовіцца. І тут яна мяне здзівіла. Адчула прыемны, але не зусім зразумелы водар. Як аказалася, у цудоўны напітак жанчына дабаўляе карыцу, імбір, гваздзіку і чорны молаты перац. Можа, раскрыла сакрэт, нашым чытачам, але няхай гаспадыня прабачыць…
Наталля
ХРАПАВІЦКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>