Спасибо за добрые сердца!

img_1172З Анастасіяй Каваленкай, якая працуе медсястрой-дыетолагам дзіцячага рэабілітацыйна-аздараўленчага цэнтра “Жамчужына”, я пазнаёмілася па шматлкіх станоўчых водгуках калег. Работнікі цэнтра, ды і суседзі, знаёмыя не перастаюць захапляцца душэўнай дабрынёй, шчырасцю, адкрытасцю гэтай жанчыны, яе бясконцай любоўю да дзяцей і ўменнем словам суцешыць душэўны боль. Жанчына актыўна ўдзельнічае ва ўсіх мерапрыемствах, якія праводзяцца ва ўстанове, раённых святах. Усюды Анастасія паспявае. Аднак мала хто ведае, што за прыгожай светлай усмешкай гэтай жанчыны схаваны боль яе душы. Яна — маці дваіх дачушак-блізнят, адна з якіх пазбаўлена магчымасці хадзіць…
Здараецца, узнікаюць хвіліны адчаю, і тады Анастасія ўспамінае пра тых, каму яшчэ цяжэй. Колькі ж ёй давялося пабачыць няшчасных дзетак, каля яна наведвала бальніцы, санаторыі, рэабілітацыйныя ўстановы… Няшчасных хлопчыкаў і дзяўчынак, ад якіх адмовіліся бацькі, прывозілі з дзіцячых дамоў і прытулкаў на курс рэабілітацыі.
Аднак Паліне і Дар’і пашанцавала. У іх ёсць мама і тата, якія іх вельмі любяць і ніколі не пакінуць. Анастасія нават уявіць не можа, як магчыма адмовіцца ад дзіцяці. Шчаслівыя, няшчасныя, здаровыя, хворыя — якая ж розніца! Дзіця — чалавек бездапаможны. Яно даверлівае, прагне ўвагі, ласкі і пяшчоты. Хіба магчыма яму здрадзіць, пакрыўдзіць яго?
…Скончыўшы дзевяць класаў гімназіі імя І. Ерашова, Анастасія вырашыла набыць спецыяльнасць медсястры ў Аршанскім медвучылішчы. Скончыла яго, знайшла сваё шчасце і стварыла сям’ю. Муж Дзяніс працаваў кіроўцам філіяла “Лепельскае ДРБУ №202” РУП “Віцебскаўтадар”. Анастасіі ж захацелася вучыцца далей, і яна паступіла на завочнае навучанне ў Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт фізічнай рэабілітацыі. На вялікі жаль, лёс непрадказальны. Вядома, ніхто не ведаў, што з падобнай рэабілітацыяй дзяўчыне прыйдзецца сутыкнуцца самой…
Вялікай радасцю для маладой сям’і стала вестка пра тое, што ў іх народзяцца двайняты. Анастасіі прыйшлося пайсці ў акадэмічны водпуск. Дачушкі з’явіліся на свет у Віцебскім роддоме. Роды былі цяжкія, дзяўчынкі нарадзіліся сямімесячнымі. У хуткім часе ў дзяўчынак быў выяўлены дзіцячы цэрэбральны параліч. Пачаліся бясконцыя аперацыі, паездкі па лячэбных, рэабілітацыйных цэнтрах…
Лячэнне даводзілася праходзіць у цэнтры “Тонус” для дзяцей з захворваннямі апорна-рухальнага апарату. У Брэсце Палінка пачала хадзіць, а Даша — поўзаць. На той час дзяўчаткам споўнілася па два з паловай гады. Давялося праходзіць курс лячэння ў Мінску ў Цэнтры маці і дзіцяці, потым — у мінскім гарадскім раэбілітацыйным цэнтры. Масаж, медыкаментознае лячэнне, разнастайныя цеплавыя працэдуры, іголка-рэфлексатэрапія, электрастымуляцыя… З трох гадоў за дзяўчынкамі пачалося пастаяннае назіранне ў рэспубліканскім цэнтры для дзяцей-інвалідаў, які трэба было наведваць двойчы за год.
Вытрымаць усе нялёгкія выпрабаванні жанчыне дапамагала падтрымка родных, блізкіх людзей і ў першую чаргу — мужа. Ігар даглядаў дачушак нароўні з Анастасіяй.
Справіцца са шматлікімі цяжкасцямі дапамагалі і многія нераўнадушныя людзі, працоўныя калектывы арганізацый і прадпрыемстваў. Калі пра гора сям’і даведаліся на працы мужа — у філіяле “Лепельскае ДРБУ №202” КУП “Віцебскаблдарбуд”, пачалі збіраць грошы, якія былі так патрэбны для першай аперацыі. Дзякуючы намаганням ксяндза касцёла Святога Казіміра Андрэя Даша і Палінка пабывалі на лячэнні і рэабілітацыі ў Італіі. Пры садзеянні ксяндза Андрэя Аніскевіча, які з’яўляецца старшынёй каталіцкай дабрачыннай арганізацыі “Карытас”, у Італіі для Паліны былі набыты акуляры высокай якасці.
Калектывам дзіцячага рэабілітацыйна-аздараўленчага цэнтра “Жамчужына” кандыдатура Анастасіі Каваленкі была вылучана на атрыманне штогадовай прэміі імя Зінаіды Тусналобавай-Марчанкі за мацярынскую мужнасць.
Час пралятае непрыкметна. Дзяўчынкі падрастаюць і дзякуючы намаганням бацькоў шмат што ўмеюць. Паліна вучыцца ў сёмым класе гімназіі імя І. Ерашова, іграе на фартэпіяна і займаецца вакалам, а Даша наведвае заняткі ва ўстанове спецыяльнай адукацыі “Цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі”, захапляецца дэкаратыўна-прыкладной творчасцю.
Паколькі дзяўчынкі падраслі, Анастасіі ўсё цяжэй станавілася падымаць на рукі Дашу. Узнікла неабходнасць набыць спецыяльны пад’ёмнік. Аднак на набыццё гэтай рэчы была патрэбна буйная сума грошай.
Да высакароднай справы далучыліся ўсе калектывы арганізацый і прадпрыемстваў нашага раёна. Актыўна дапамаглі сям’і і работнікі дзіцячага рэабілітацыйна-аздараўленчага цэнтра “Жамчужына”. Значную дапамогу аказалі і прадстаўнікі Лепельскай раённай арганізацыі рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь” у рамках штогадовай акцыі “Белая Русь” — з любоў да дзяцей”. Ад імя арганізацыі сям’ю наведалі спецыяліст арганізацыйна-кадравай работы Лепельскай раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” Аліна Яско і старшыня пярвічнай арганізацыі РГА “Белая Русь” установы аховы здароўя “Лепельская абласная псіхіятрычная бальніца” Вольга Каралёва.
Сумеснымі намаганнямі работнікаў арганізацый, прадпрыемстваў, усіх нераўнадушных людзей была сабрана патрэбная сума грошай, і пад’ёмнік для Дашы быў набыты.
— Хочацца выказаць самыя цёплыя словы падзякі ўсім людзям, якія далучыліся да агульнай справы і дапамаглі ў набыцці такой неабходнай рэчы, — кажа Анастасія. — Набыццё пад’ёмніка стала для нас выдатным сюрпрызам да свята. Як цудоўна, што побач з намі жывуць такія шчырыя, адкрытыя сэрцам людзі, якія ў любы патрэбны момант гатовы аказаць дапамогу! Вядома, што з набыццём пад’ёмніка нам стала нашмат лягчэй.
Слухаю гэтыя шчырыя словы матулі, а сэрца напаўняецца невыказнай пяшчотай. Яна, жанчына-маці, не скардзіцца на лёс, а ўпэўнена пераадольвае цяжкасці, якіх давялося пабачыць нямала. Няхай жа Новы год прынясе гэтай цудоўнай сям’і толькі радасныя, шчаслівыя хвіліны, а на тварах бацькоў і іх дачушак часцей з’яўляюцца светлыя ўсмешкі!
Святлана ВАЗНЯК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>