Тоны і мільёны

Пра барацьбу супраць незаконнага абароту чорных і каляровых металаў гутарым з оперупаўнаважаным групы па барацьбе з эканамічнай злачыннасцю Лепельскага РАУС капітанам міліцыі Дзмітрыем Пруднікам.
— Перш за ўсё хачу зазначыць, — пачаў размову Дзмітрый Леанідавіч, — што ў апошнія месяцы асноўнае ў рэспубліцы прадпрыемства па нарыхтоўцы другаснай металічнай сыравіны РУП “Белдругмет” павысіла кошты на прымаемы лом чорных і каляровых металаў. Так, згодна з даведкай, нарыхтоўчыя склады лепельскага каапгандлю ў кастрычніку прымаюць лом чорных металаў па 350 рублёў за кг, чыгун – па 409р.

Каляровыя металы ацэньваюцца яшчэ больш: алюміній – 770р., свінец – 1420р., магній – 790р., латунь і бронза – па 2600р. Найбольш высока ацэньваецца медзь – па 3070 рублёў за кілаграм. Таму некаторыя фізічныя асобы, прадпрымальнікі пераарыентаваліся з Расіі на Беларусь, вязуць метал у нашы нарыхтоўчыя арганізацыі.
— Калі метал не вывозіцца за межы рэспублікі, гэта выдатна. У чым жа тады крымінал?
— Каб было зразумела, праілюструю прыкладам. Першага кастрычніка службоўцы ДАІ затрымалі грузавы мікрааўтобус “Івека”, які належыць жыхару Мінска А., сам сталічны госць ім і кіраваў. Грузавы адсек быў пад самы верх забіты ломам каляровых металаў. Прычым няўзброеным вокам і без экспертызы відаць было, што гэта лом не бытавы, а прамысловы. У грузавіку знаходзіліся часткі і дэталі ад аўтамабільнай тэхнікі, загатоўкі прамысловых вырабаў. Усе гэтыя рэчы не маглі скапіцца ў працэсе гаспадарчай дзейнасці ў мінчаніна, які жыве ў кватэры і не мае ніякай падсобнай гаспадаркі. Увесь груз пацягнуў на 2970 кілаграмаў, ацэнены ў 2087000рублёў. Акрамя таго, мы паслалі запыт у нарыхтоўчыя арганізацыі, з прадпрыемства “Белдругмет” Мінска прыйшоў адказ, што грамадзянін А. за апошнія паўгода здаў каля пяці тон лому чорных і каляровых металаў на агульную суму каля двух мільёнаў рублёў. У гэтым праглядаюцца прыкметы рэгулярнай прадпрымальніцкай дзейнасці. Між тым, А., як індывідуальны прадпрымальнік, не зарэгістраваны, ліцэнзію на нарыхтоўку лому і адходаў чорных і каляровых металаў не атрымліваў. Сабраны матэрыял мы накіравалі ў інспекцыю па падатках і зборах па месцапражыванню А. для правядзення далейшай праверкі і прыняцця рашэння.
— Наколькі крыміналізавана нарыхтоўка лому металаў?
— Раней, некалькі гадоў таму, гэта быў вельмі крыміналізаваны від дзейнасці. Пагартайце падшыўкі газеты сямі- дзесяцігадовай даўнасці, там амаль у кожным нумары змешчаны паведамленні аб даволі буйных крадзяжах вырабаў з каляровых металаў. Аднак намаганнямі супрацоўнікаў міліцыі, работнікаў прадпрыемстваў такі від крадзяжоў у раёне паступова зведзены да нуля. Калі не памыляюся, апошні буйны крадзеж каляровых металаў адбыўся гадоў пяць таму, тады з невыкарыстоўваемай лініі электраперадачы знялі некалькі соцень метраў алюмініевага кабелю.
Вядома, зараз рэгіструюцца крадзяжы алюмініевага посуду, іншых вырабаў з каляровых металаў у побыце. Часцей гэтым прамышляюць мясцовыя п’яніцы, “зарабляюць” сабе такім чынам капейчыну, каб пахмяліцца. Грамадзянам проста варта быць больш пільнымі і не пакідаць сваю маёмасць без нагляду.

Васіль МАТЫРКА.
На здымку
: знойдзена звалка металалому.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>