Хорошее настроение дарят лепельчанам работники магазина «Мясная лавка»

img_3444Магазін “Мясная крама”, які знаходзіцца па вуліцы Ленінская, непадалёк ад плошчы Свабоды, прыцягвае ўвагу шматлікіх пакупнікоў сучасным, багатым інтэр’ерам і шырокім асартыментам тавараў. Аднак залогам паспяховай дзейнасці гандлёвага прадпрыемства з’яўляецца не толькі гэта. У магазіне працуе зладжаны і дружны калектыў. Усе прадаўцы прысвяцілі рабоце ў гандлі не адзін дзясятак год і таму адносяцца да сваёй работы як да любімай справы.
— Самае галоўнае ў рабоце прадаўца — гэта шчырасць і ўзаемаразуменне, уменне разам з таварам падарыць пакупніку добры настрой, — адзначае загадчыца магазіна, прадавец шостага разраду Валянціна Хрол. — Прызнаюся шчыра: без любімай работы не магу пражыць ні дня. Хоць і знаходжуся на пенсіі не першы год, работу не пакідаю. Зрабіла ўсе хатнія справы — і спяшаюся ў магазін.
Сваёй жыццёвай энергіяй, бадзёрасцю і аптымізмам Валянціна Мікалаеўна зараджае ўвесь калектыў.
У сферы гандлю жанчына працуе ўжо больш за сорак год. Пасля заканчэння адзінаццаці класаў сярэдняй школы №1 набыла спецыяльнасць у школе-магазіне Лепельскага райспажыўтаварыства і тут жа, на роднай Лепельшчыне, пачала працоўны шлях. Шчыравала прадаўцом, а затым — загадчыцай на розных гандлёвых прадпрыемствах. Любімую работу Валянціна Мікалаеўна сумяшчала з вучобай у Полацкім політэхнікуме. Пэўны час працавала загадчыцай склада на аптова-гандлёвай базе райспажыўтаварыства і вось ужо больш за дваццаць год загадвае магазінам.
У савецкі час магазін меў назву “Мяса-малако”. Па назве зразумела, што ў асноўным тут прадаваліся мясныя і малочныя тавары. Праз пэўны час, у кастрычніку 2000 года, магазін №30 быў абуладкаваны па ўсіх правілах еўрапейскага стандарту. Зараз “Мясная крама” ўражвае пакупнікоў не толькі багатым выбарам малочных прадуктаў, паўфабрыкатаў, цукерак, вінна-гарэлачных вырабаў. У продажы тут ёсць разнастайныя віды мяса вытворчасці ААТ “Віцебскі мясакамбінат”. Акрамя кураціны, свініны, курыных і свіных паўфабрыкатаў тут можна набыць бараніну, мяса страуса, індыка і інш.
Багаты выбар тавараў заўсёды прыцягвае пакупнікоў.
— У магазін я прыходжу з вялікім задавальненнем, — адзначае жыхарка г. Лепеля Таццяна Мірановіч. — Мне падабаецца тое, што ў “Мясной краме” можна купіць свежае мяса выдатнай якасці. Да таго ж тут набываю прадукты, якія павінны быць на стале кожны дзень, — хлеб, малако, смятану і масла. У магазін прыходзіць прыемна ўдвая, таму што тут вельмі чулыя і ўважлівыя прадаўцы. З гэтымі мілымі жанчынамі проста прыемна пагаварыць па душы.
— Вельмі запомніўся вось які выпадак, — расказвае пакупніца Наталля Дзямко. — Быў летні час, на вуліцы стаяла спёка. Вырашыла зайсці ў магазін, каб купіць штосьці папіць. Набыла слоік бярозавага соку, але ж вельмі хацелася адкрыць яго адразу, каб наталіць смагу. Прадавец хутка дапамагла мне, адкрыла слоік. Як жа прыемна было ад такой увагі! Кожны раз, калі бываю на плошчы Свабоды, заўсёды заходжу ў гэты магазін. Тут пануе атмасфера дабрыні.
Добра ведаюць справу прадаўцы чацвёртага разраду Таццяна Юхнавец і Вольга Азарэвіч. Абедзве жанчыны скончылі курсы прадаўцоў у Лепельскім дзяржаўным прафесійным ліцэі і ўжо набылі пэўны прафесійны вопыт. Адказна ставіцца да сваіх абавязкаў і Таццяна Аўсіевіч, тэхнічны работнік магазіна.
Непадалёк ад “Мясной крамы” знаходзіцца будынак рэдакцыі, мы з калегамі часта заходзім сюды ў абедзенны перапынак.
Прадавец Таццяна Юхнавец хутка дае патрэбны тавар і дзякуе за пакупку. Любая работа пойдзе на лад, калі да яе адносіцца з душой. У гэтым, вядома, і заключаецца сакрэт прафесіяналізму.
Святлана ВАЗНЯК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>