В хозяйстве — рабочий период

img_5815Зімовыя месяцы ў сельскагаспадарчай вытворчасці можна лічыць спакойнымі: ураджай убраны і рэалізаваны, кармы закладзены і паступова скормліваюцца жывёле, глебаапрацоўчая, пасяўная, корманарыхтоўчая і ўборачная тэхніка закансервавана і пастаўлена на сезоннае захоўванне. Што яшчэ рабіць сельскаму працаўніку? Хіба што карміць і даглядаць жывёлу. Таму зіма для механізатараў — лагічны перыяд водпускаў. Тыя ж, хто прыходзяць на працу, таксама занятыя. Гэта пацвердзіў і чарговы прыезд карэспандэнта на мехдвор УП “Пражэктар-агра”.
Па тэрыторыі мехдвара праходжу разам з галоўным інжынерам гаспадаркі Ільёй Камарніцкім. Спецыяліст валодае сітуацыяй, дакладна можа сказаць, дзе знаходзіцца пэўная адзінка тэхнікі, наколькі яна спраўная і ці патрэбна яе рамантаваць.
Спачатку вырашылі наведаць майстэрню. Памяшканне сустрэла нас нязвыкла — вельмі шмат было свабоднага месца. Прывык, што звычайна ў майстэрні настолькі шмат тэхнікі, што часта і прайсці цяжка паміж трактарам і сеялкай. У “Пражэктары” ж у куце цэха стаяў пагрузчык. Як патлумачыў Ілья Камарніцкі, рухавік з тэхнікі зняты ўжо даволі даўно па прычыне сур’ёзнай паломкі, а ліквідаваць яе на месцы не было магчымасці. Матор знялі, адвезлі на спецыялізаванае прадпрыемства, дзе агрэгатам займаюцца спецыялісты. Аднак УП “Пражэктар-агра”, як і большасць сельгасарганізацый, адчувае сур’ёзны недахоп абаротных сродкаў, якія можна было б накіраваць на аплату капрамонту рухавікоў, каробак перадач і іншых агрэгатаў.
Побач з пагрузчыкам стаяў аўтамабіль ГАЗ-53. Рамонт машыны ўжо завершаны, вадзіцель займаўся апошнімі наладкамі і рэгуліроўкамі. Было бачна, што тэхніка хутка выедзе. І зімой, і летам прадпрыемству патрэбна штосьці дастаўляць, адвозіць: зерне, камбікорм, паліва, запчасткі, таму кожная адзінка транспартнай тэхнікі патрэбная.
Бліжэй да ўваходу размясціўся магутны МТЗ-3022. Трактар цалкам спраўны, рамонту не патрабуе.
— Чаму ён тут?
— Захоўваецца на свабодных плошчах, на ўсялякі выпадак, — тлумачыць Ілья Камарніцкі. — Зараз усталявалася цёплае надвор’е, але ж яно можа быць пераменлівым: сёння — адліга, а заўтра можа быць мароз пад мінус 20. Як тады рухавікі запускаць? У памяшканні ж цяплей, матор гарантавана завядзецца, тэхніка ў любым выпадку выедзе і будзе працаваць.
Каля акна стаяў раскочаны надвое трактар МТЗ-82, у якім мянялі дыск счаплення. Калі ўзнікне патрэба, час прыспешвае, брыгада механізатараў можа раскаціць трактар за лічаныя гадзіны, замяніўшы і счапленне, і каробку перадач. А зараз спяшацца няма куды, таму працу можна рабіць грунтоўна, правяраючы і змазваючы належным чынам ледзьве не кожную гайку.
Асаблівую ўвагу звярнуў на тую акалічнасць, што раскочаныя часткі трактара зафіксаваны належным чынам. Рухавік і каробка стаяць на звараных жалезных “казлах” і тоўстай калодзе, пад колы падкладзены адкатныя ўпоры. У час аб’езду майстэрняў часам даводзіцца бачыць самыя грубыя парушэнні тэхнікі бяспекі. Аднак у дадзеным выпадку ў членаў рэйдавай групы не ўзнікла ніякіх пытанняў, заставалася толькі ўхваліць.
Тэхніка на адкрытай пляцоўцы захоўваецца належным чынам. У роўныя шэрагі выстаўлены зерне- і кормаўборачныя камбайны, з іх зняты і пакладзены ў склад на захоўванне акумулятары, самі ж машыны выстаўлены на калодкі, а колы пабелены. Пасяўныя агрэгаты захоўваюцца пад навесам, а глебаапрацоўчая тэхніка — на адкрытай агароджанай пляцоўцы.
Самы галоўны фактар, які замаруджвае рамонт, — недахоп грошай на набыццё запчастак і расходных матэрыялаў. У УП “Пражэктар-агра” працуюць старанныя трактарысты і слесары, якія сваімі сіламі могуць адрамантаваць, наладзіць і давесці да ладу амаль любую тэхніку, былі б толькі запчасткі.
Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>