С открытой душой с клиентами работает лепельчанин

denis1Амаль у кожнай сям’і зараз ёсць свой аўтамабіль, а нярэдка і два, каб мужу і жонцы было зручней дабірацца да працы. А калі
з транспартам раптам штосьці здараецца, гэта становіцца сапраўднай трагедыяй, асабліва калі трэба ехаць у іншы населены пункт. У такім выпадку мы спяшаемся на станцыю тэхабслугоўвання з просьбай, каб хутчэй адрамантавалі “чацвераногага сябра”. І тут вельмі важна знайсці майстра, якому цалкам давяраеш.

Неаднаразова чула ад знаёмых добрыя водгукі пра Дзяніса Разумава, які займаецца шынамантажом і мыйкай машын. І ўсе яны былі не толькі як пра добрага спецыяліста, а і шчырага чалавека. Гэта таксама вельмі важна ў любой прафесіі. Самой не даводзілася звяртацца да майстра, таму з ім не знаёмая. Вырашыла сваімі вачыма ўбачыць, чым майстар уражвае кліентаў.
Накіроўваюся на стаянку ІП Мацешы, дзе працуе Дзяніс. Сустракае ветлівы хлопец у працоўным адзенні і запрашае прайсці ў майстэрню. Прапанаваўшы мне кавы, сам пачынае размову. З першых хвілін гутаркі складваецца ўражанне, што знаёмая з ім шмат гадоў, настолькі даверліва хлопец расказвае пра сваю працу і жыццё. Заўсёды прыемна звяртацца да такіх спецыялістаў, якія табе па-простаму растлумачаць праблему з аўтамабілем, супакояць і нават узнімуць настрой. Хоць Дзяніс у асноўным займаецца шынамантажом, ён ніколі не адмовіць у дапамозе кіроўцам на трасе і пры іншых паломках. За гэта ён заўсёды чуе ад кліентаў шчырыя словы падзякі.
А яшчэ Дзяніс падкупляе сваёй шчырай і адкрытай душой. Здавалася б, хлопец мае свой бізнес, добрую машыну, кватэру і гэтым можа ганарыцца. Аднак ад колькасці набытых матэрыяльных каштоўнасцяў яго характар з часам не змяніўся — заўсёды быў простым і шчырым чалавекам.
Нарадзіўся Дзяніс у аграгарадку Слабада ў звычайнай вясковай сям’і. Так атрымалася, што хлопчыка і яго сястру Марыю маці выхоўвала адна, таму давялося навучыцца ўсяму, што павінен умець мужчына. На падворку трымалі дзвюх кароў, свіней, курэй і коз. Аднак гэта не азначае, што дзеці прачыналіся ў шэсць гадзін і ішлі спраўляцца па гаспадарцы. Калі дарослыя прасілі дапамагчы, ніхто не адмаўляў. Такое жыццё мелі амаль усе вясковыя хлопцы і дзяўчаты. Маці Любоў Міхайлаўна працавала ў мясцовым калгасе, пэўны перыяд — у Слабадскім сельсавеце.
Спачатку Дзяніс вучыўся ў Слабадской сярэдняй школе Лепельскага раёна, там жа наведваў дзіцячую школу мастацтваў па класе акардэона. Хоць зараз хлопец ужо і не выканае музычную кампазіцыю, лічыць гэтую справу карыснай для агульнага развіцця дзіцяці. Пазней Дзяніс набываў веды ў аграрна-тэхнічным каледжы, дзе атрымаў спецыяльнасць будаўніка. Як толькі яму споўнілася 18 год, на руках ужо меліся правы на кіраванне транспартным сродкам. Адразу ж з’явіліся і “Жыгулі”, на якіх хлопец, я ўпэўнена, з гонарам дабіраўся на вучобу ў Лепель. Прагнасць да тэхнікі ў хлопца была і раней, у вёсках многія з шаснаццаці гадоў ужо правяраюць хуткасць матацыклаў. Так і Дзяніс змяніў некалькі двухколавых транспартных сродкаў, пакуль перасеў на аўтамабіль.
З таго часу, як кажа мой суразмоўца, змяніў шмат аўтамабіляў. Яно і зразумела: малады хлопец, які разбіраецца ў тэхніцы. Чаму б не эксперыментаваць? “Форд”, “Ланд Ровер”, БМВ — пакатаўся на розных марках аўтамабіляў.
Скончыўшы аграрна-тэхнічны каледж, па накіраванні паехаў працаваць на дзяржаўнае ўнітарнае прадпрыемства “Чэрвеньскае ПМС”, што знаходзіцца ў гарадскім пасёлку Смілавічы Мінскай вобласці. Аднак там не затрымаўся, пасля адпрацоўкі адразу ж вярнуўся на радзіму.
Уладкаваўся на станцыю тэхабслугоўвання на стаянцы ІП Мацешы, дзе займаўся шынамантажом. З 2014 года стаў індывідуальным прадпрымальнікам і зараз працуе самастойна.
Здаецца, стаў Дзяніс гарадскім жыхаром, нядрэнна ўладкаваным у жыцці, але ў час размовы адзначае, што сумуе па вёсцы. Толькі добрыя ўспаміны ў яго пра бесклапотнае дзяцінства. З хлопцамі каталіся на веласіпедах, бегалі купацца на рэчку, без дарослых падлеткі хадзілі ў лес па грыбы. Здавалі лісічкі нарыхтоўшчыкам, а грошы аддавалі маці. Вядома ж, мелі сродкі і на кішэнныя выдаткі.
Хоць і даводзілася працаваць фізічна, але гэта не пужала вясковых падлеткаў. Толькі загартоўвала і рабіла іх сапраўднымі мужчынамі. З такіх потым вырастаюць добрыя мужы і бацькі.
На працы займаецца любімай справай, а дома яго чакаюць жонка Алена і васьмімесячны сын Сцяпан. Алена Валер’еўна працуе псіхіятрам ва ўстанове аховы здароўя “Лепельская ЦРБ”. Зараз знаходзіцца ў водпуску па доглядзе дзіцяці.
Пазнаёмілася маладая пара ў агульнай кампаніі. Пэўны час сябравалі, прыглядаліся адзін да аднаго, потым яшчэ год сустракаліся. Дзяніс падвозіў Алену з працы дадому, дарыў кветкі. З часам хлопец і дзяўчына зразумелі, што жадаюць быць заўсёды разам.
Дзяніс з радасцю вяртаецца дадому, каб правесці час разам са сваёй сям’ёй. У вольную хвіліну, калі добрае надвор’е, не сядзіць сям’я дома ля тэлевізара, а імкнецца на свежае паветра. З малым дзіцем далёка не паедзеш, таму наведваюць дэндрапарк і іншыя прыгожыя мясціны Лепельшчыны.
Магчыма, Дзянісу хацелася б і на рыбалку з’ездзіць, але часу заўсёды не хапае. А вось у юнацтве з хлопцамі пры любой магчымасці бегалі на рэчку палавіць рыбу, а заадно і пакупацца. Ні на хвіліну не шкадуе Дзяніс, што нарадзіўся ў ціхім маляўнічым месцы, а не ў горадзе. А яшчэ, адзначае мой суразмоўца, усе ў той час былі аднолькавыя, ніхто не выдзяляўся моднымі гаджатамі.
Пры кожнай магчымасці наведвае Дзяніс родную Слабаду, дзе яго з радасцю чакае маці. Напаліць у лазні, а пасля моцнай пары можна і шашлычкоў нарабіць. Да таго ж у аграгарадку Дзяніса чакае чацвераногі сябар — аўчарка Буран.
Летам Любоў Міхайлаўна частуе сына з нявесткай свежай гароднінай. Агуркі ды памідоры заўсёды смачнейшыя са свайго ўчастка, чым набытыя ў магазіне. І на зіму нарыхтоўкі з гародніны назапашаны.
Калі пачалі размову пра смачныя стравы, Дзяніс засмяяўся і паведаміў, што больш за ўсё любіць бульбу ў любым яе прыгатаванні.
Завялі размову і пра курэнне. Як паведаміў суразмоўца, гэта не яго занятак. Некалькі гадоў пакурыў, а потым кінуў. Проста не захацеў у адзін з дзён запаліць цыгарэту. Напэўна, не мае такой залежнасці. Заўзяты курэц тут можа пазайздросціць хлопцу, бо адмовіцца ад шкоднай звычкі вельмі складана.
На работу хлопец едзе з задавальненнем і часам нават сумуе, калі доўгі час знаходзіцца ў адпачынку. Любіць размаўляць з людзьмі і дапамагаць ім. Знайсці ж сваё жыццёвае прызванне і быць побач з роднымі і блізкімі людзьмі — гэта сапраўднае шчасце.
Наталля ХРАПАВІЦКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>