Высокі рубеж

Адкрытае акцыянернае таварыства “Чарэйшчына” ў ліку першых закончыла ўборку збожжавых культур. Для паспяховага ходу жніва ў гаспадарцы створаны ўсе неабходныя ўмовы. Акцыянернае таварыства забяспечана тэхнікай, асноўную колькасць работнікаў складаюць вопытныя спецыялісты, якія аддалі рабоце ў сельскай гаспадарцы не адзін дзясятак год. Многія з іх пастаянна ўвахо­дзяць у лік перадавікоў нашага раёна. Эстафету лідарства ў сваіх старэйшых калег пераймаюць маладыя работнікі гаспадаркі.

Экіпаж камбайна ў складзе Руслана Грабавенкі і Аляксандра Палонскага намалаціў 1086 тон збожжа. Руслан працуе ў ААТ “Чарэйшчына” каля трох год. Скончыў Лепельскі дзяржаўны прафесійны ліцэй, прайшоў службу ў арміі. Працаваў трактарыстам. Адказнаму і добрасумленнаму работніку прапанавалі працаваць камбайнерам на КЗС-1218. Сёлета ў Руслана другая ўборачная. Яго надзейным памочнікам на жніве стаў Аляксандр Палонскі. Ён нарадзіўся і вырас у Чарэйшчыне, а зараз набывае спецыяльнасць тэхні­ка-будаўніка ў Наваполацкім політэхнічным каледжы. Паколькі Аляксандр мае кваліфікацыі трактарыста, вадзіцеля, на камбайне адчувае сябе ўпэўнена.

 — Работа ў полі не з лёгкіх, але яна дазваляе набыць значны вопыт, замацаваць набытыя веды на практыцы, — кажа Аляксандр. — Добраму ходу жніва сёлета са­дзейнічала сонечнае надвор’е.

 Першая ўбраная тысяча тон збожжа стала добрай нагодай для віншавання маладых працаўнікоў. Старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Сяргей Марціновіч уручыў Руслану Ганаровую Грамату, сцяжок перадавіка. Абодва члены экіпажа атрымалі ў падарунак ручныя гадзіннікі, кепкі і майкі. Цёплыя словы віншаванняў маладым працаўнікам выказалі намеснік начальніка аддзела механізацыі і інтэнсіфікацыі сельскай гаспадаркі райсельгасупраўлення Аляксандр Чэрнікаў і начальнік ад­дзела па справах моладзі райвыканкама Андрэй Пшонка. Выказала найлепшыя пажаданні ў адрас маладых працаўнікоў і ўручыла ім кветкі старшыня прафсаюзнага камітэта ААТ “Чарэйшчына” Людміла Усовік.

 — Мы ганарымся маладой зменай, — адзначыў дырэктар ААТ “Чарэйшчына” Міхаіл Мільчанін. — Сваёй працоўнай энергіяй і адказнасцю яны змогуць дасягнуць высокіх вынікаў.

Святлана СІЛЬВАНОВІЧ.

 На здымку: Руслан Грабавенка і Аляксандр Палонскі прымаюць заслужаныя ўзнагароды ад старшыні раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Сяргея Марціновіча.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>