Умение видеть душой

80-letУ адносінах паміж людзьмі вельмі важны бачны кантакт, магчымасць «паглядзець у вочы і ўбачыць душу». Першыя нашы ўражанні пра суразмоўцу заўсёды зрокавыя. Аднак часам здараецца, што чалавек з-за праблем са зрокам перастае пазнаваць у пад’ездзе сваіх суседзяў, не можа нават з дапамогай самай моцнай лупы прачытаць газету. У чалавека, які цалкам страціў зрок, сітуацыя складваецца яшчэ больш цяжкая. У такім выпадку даводзіцца толькі змірыцца з гэтым.
Мне выдалася магчымасць пагутарыць з прыемнай жанчынай, якой дзясятага снежня спаўняецца 80 гадоў. Дзесяць апошніх гадоў яна жыве ў цемры, бо цалкам страціла зрок. Аднак цемра гэтая толькі ў вачах. У душы ж яна — светлая і адкрытая, шчырая і з прыемным голасам.
Роза Карбоўская гасцінна сустрэла мяне ля дзвярэй і нават адчыніла іх. У хаце — асаблівая чысціня, якой трэба павучыцца многім.
Зручна ўселіся на канапе і пачалі размаўляць. Бабулі няма куды спяшацца. Зімой на вуліцу не выходзіць, навучылася хадзіць павольна, але ўпэўнена. А вось як толькі прыгрэе вясновае сонейка і з’яўляецца цяпло, Роза Апанасаўна сама спускаецца з другога паверха шматпавярховіка, трымаючыся за поручні, на вуліцу, каб пагутарыць з суседзямі і знаёмымі. І ёй не трэба дапамога, як і ў тым, каб закіпяціць ваду для чаю, зварыць яйкі ці адказаць на тэлефонны званок. У чайніку стаіць свісток, а ў тэлефонным апараце вызначальнік нумара кажа, хто тэлефануе. Яшчэ Роза Апанасаўна ведае, дзе ляжаць розныя лекі — у мудрым узросце яны неабходныя. У кожнай таблеткі — сваё дакладнае месца, у іншае нельга пакласці, каб не пераблытаць.
— Чым жа вы займаецеся ўвечары?
— Тэлевізар слухаю, асабліва люблю “Поле цудаў”, калі грае гармонік.
Многія, напэўна, задумваюцца, чаму дзеці не забяруць маці да сябе… Так вырашыла сама гаспадыня. Ёй больш падабаецца жыць у сваёй хаце, у цішыні. Дочкі ж Алена і Наталля заўсёды маюць сувязь з маці. Алена ж увогуле афіцыйна вядзе догляд маці-інваліда. Менавіта дзякуючы ёй у хаце заўсёды чысціня і парадак. З самай раніцы дзяўчаты, так іх называе Роза Апанасаўна, бягуць-нясуць ёй супчык. Часам, не дамовіўшыся, нават удзвюх прынясуць смачненькага. Унукі з праўнукамі таксама наведваюцца да жанчыны — і тады ў хаце становіцца асабліва весела.
Нарадзілася Роза Апанасаўна ў далёкім 1939 годзе ў вёсцы Зорніца Лепельскага раёна. Бацькі працавалі ў мясцовым калгасе. У сям’і было чацвёра дзяцей, сярод іх Роза была самай старэйшай.
Дзяцінства было галодным і халодным — у такі час з’явілася на свет. Чатыры класы дзяўчынка закончыла ў Зорніцы. Роза Апанасаўна нават памятае сваю першую настаўніцу Паліну Зарняцкую, выпускніцу Лепельскага педвучылішча. У першы клас пайшла амаль у восем гадоў. У адным класе пазнавалі веды дзеці рознага ўзросту. Затым да сёмага класа вучылася ў Ірынполлі, куды перавозілі дзяцей на лодцы праз рэчку. А ў зімовы перыяд рухаліся пешшу па лёдзе.
У падлеткавым узросце дома даводзілася шмат працаваць. Дапамагала маці рваць лён і жаць. Умела ездзіць на кані, бо бацька Апанас Максімавіч быў пастухом. На падворку таксама была гаспадарка. Трымалі карову, а пэўны перыяд — і дзве.
У выхадны дзень з іншымі дзяўчатамі Роза бегала ў Горкі на танцы. У Зорніцы клуба не было, таму танцы парводзіліся па хатах.
— Калі прыходзіла мая чарга, прасіла дзядзьку выдзеліць трысцен у хаце, бо хата ў бацькоў была вельмі маленькая. А за гэта даводзілася цэлы дзень бульбу капаць. Кіно ж паказвалі ў школе, — кажа мая суразмоўца.
— А дзе музычную апаратуру бралі? — пытаюся.
— А навошта яна нам была — у нас свае гарманісты побач жылі, — адказвае Роза Апанасаўна.
А вось з ваеннага перыяду жанчына амаль нічога не памятае. Ды і што ў такім узросце можа ўзгадаць малое дзіця. Ведае толькі, што бацька быў удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны. Ды і адзін эпізод уварваўся ва ўчэпістую памяць. Пачаў страчыць самалёт. Бацька яе схапіў пад паху і панёс у гумно. Дзяўчынка была апранута ў сукенку з бела-сіняй палоскай.
У доме часам і хлеб быў. У жорнах малолі муку, з якой маці пякла вялікія боханы хлеба. Здаралася, што пакуль няма яе дома, дастануць дзеці буханку — і з’ядуць, ды яшчэ галодных сяброў-суседзяў накормяць.
Узгадвае бабуля і капусту, квашаную ў бочках, брусніцы, залітыя вадой з калодзежа. А якая смачная была бульба з катла, ды яшчэ з гэтымі брусніцамі…
Было і сала, але тонкае і вельмі мала, бо якія свінні маглі вырасці ў галодны час! Часам адрэжуць з братам ціхенька лустачку — і на печку хутчэй, каб маці не заўважыла. Потым адзін з печкі размаўляе з маці, а другі ў гэты час снедае, потым — наадварот.
Вялікім горам для сям’і было, калі партызаны забралі карову, якая на той час з’яўлялася асноўнай карміцелькай.
У калгас Роза Апанасаўна прыйшла працаваць у пятнаццацігадовым узросце, якраз скончыўшы сем класаў. На Цаліне, што каля вёскі Горкі, уручную даіла кароў. На працу трэба было ісці тры кіламетры пешшу ў рознае надвор’е. Дзесяць гадоў адпрацавала ў калгасе. Пазней у Зорніцы быў адкрыты птушнік, дзе таксама давялося парупіцца жанчыне. Была і ўчотчыкам у сельгаспрадпрыемстве.
У 1965 годзе Роза Апанасаўна выйшла замуж за Мікалая Максімавіча, які працаваў у калгасе на экскаватары. Распісвалі іх у Чэрскім сельсавеце, а ехалі туды на кані. Пазней маладая сям’я пераехала жыць у Лепель. Спачатку здымалі жыллё, потым па чарзе атрымалі кватэру. Муж і жонка працавалі ў Лепельскай ПМК-75.
Зрок у Розы Апанасаўны быў дрэнны з дзяцінства, але ў той час ніхто яго не правяраў, ды і працаваць трэба было, на хлеб зарабляць. У ПМК-75 Роза Апанасаўна працавала на растворабетонным вузле. Калі зрок стаў пагаршацца яшчэ больш, перавялі на так званую “лёгкую” працу: прыбіраць вагончыкі, выносіць будаўнічае смецце (каменне, пясок), якое было зусім не лёгкае. Здароўе пагоршылася яшчэ больш.
Так атрымалася, што ў гэты ж час сур’ёзна захварэў і муж, якому давялося пабываць на ліквідацыі аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Магчыма, гэта і паспрыяла развіццю хваробы. З 1987 года ў абодвух — другая група інваліднасці, а праз два гады Роза Апанасаўна страціла роднага чалавека.
Самой давялося паездзіць па бальніцах некалькі гадоў, але аперацыю не рабілі па стане здароўя. Ужо дзесяць гадоў, як жанчына мае І групу інваліднасці і нічога не бачыць.
Зараз Роза Апанасаўна з’яўляецца членам раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства інвалідаў па зроку”. Раней наведвала аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў ТЦСАН Лепельскага раёна, дзе разам з іншымі спявала частушкі на канцэртах у Магілёве, Оршы і іншых гарадах. Не так даўно Роза Апанасаўна атрымала ад таварыства прадуктовы падарунак.
На канапе заўважаю вышытыя падушкі. Аказваецца, жанчына навучылася гэтай справе ў маладосці сама. Вельмі падабаюцца ёй такія рэчы, таму і з’явілася жаданне авалодаць гэтым майстэрствам.
Мая суразмоўца мае дзвюх дачок Алену і Наталлю, чатырох унукаў і двух праўнукаў. Брат і сястра таксама жывуць у Лепелі. Не забываюць родныя наведваць бабулю. А напярэдадні юбілею менавіта яны і паклапаціліся, каб на старонках газеты было расказана пра няпросты лёс жанчыны.
Роза Апанасаўна з той кагорты людзей, якім давялося шмат пабачыць у сваім жыцці, але яна ніколі не страчвала жыццёвага аптымізму, шчырасці і дабрыні. У дзень юбілею ад душы жадаем жанчыне моцнага здароўя, душэўнага спакою і яшчэ шмат гадоў адчуваць сябе шчаслівай сярод родных і блізкіх людзей.
Наталля
ХРАПАВІЦКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>