У акруговыя камісіі Беларусі паступіла 597 камплектаў дакументаў ад патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты

Аб гэтым БелТА паведаміў сакратар Цэнтральнай камісіі Беларусі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Мікалай Лазавік. “На 110 акруг паступіла 597 камплектаў дакументаў, у адпаведнасці з якімі вылучаюцца 494 кандыдаты. Гэта значыць, некаторыя з прэтэндэнтаў вылучаюцца некалькімі спосабамі”, — адзначыў сакратар ЦВК.

Жадаючыя балатавацца ў беларускі парламент вылучаюцца ад палітычнай партыі, працоўнага калектыву і шляхам збору подпісаў. Адным спосабам скарысталіся 394 патэнцыйныя кандыдаты, двума спосабамі — 96 чалавек, трыма — 4 чалавекі. Палітычнымі партыямі было вылучана 265 кандыдатаў у дэпутаты. Так, Беларуская партыя левых “Справядлівы свет” плануе зарэгістраваць 32 вылучэнцы, або 5,4 працэнта ад агульнай колькасці патэнцыйных прэтэндэнтаў на дэпутацкі мандат, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (“Грамада”) — 15, або 2,5 працэнта. Беларуская сацыяльна-спартыўная партыя вылучыла аднаго прэтэндэнта на месца ў парламенце, што складае 0,2 працэнта ад агульнай колькасці вылучаных кандыдатаў, Камуністычная партыя Беларусі — 23, або 3,9 працэнта, Ліберальна-дэмакратычная партыя — 93 чалавекі, або 15,6 працэнта. Аб’яднаная грамадзянская партыя вылучыла 48 кандыдатаў у дэпутаты, або 8 працэнтаў, Партыя “Беларускі народны фронт” — 34, або 5,7 працэнта, Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці — 19 чалавек, або 3,2 працэнта.

 Сакратар ЦВК удакладніў, што сярод прэтэндэнтаў на званне кандыдата ў дэпутаты 93 жанчыны, або 18,8 працэнта ад агульнай колькасці вылучаных, 55 маладых людзей ва ўзросце да 30 гадоў, або 11,1 працэнта, 22 чалавекі раней з’яўляліся або з’яўляюцца дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў, або 4,5 працэнта, дэпутатамі мясцовых Саветаў дэпутатаў з’яўляліся або з’яўляюцца 57 чалавек, або 11,5 працэнта.

 Мікалай Лазавік таксама паведаміў, што па выніках вылучэння кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў няма акруг, дзе выбары могуць прайсці на без­альтэрнатыўнай аснове. Паводле яго слоў, у сярэднім па краіне конкурс сярод патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты складае 4 — 5 чалавек на адну выбарчую акругу. Ён не выключыў, што без­альтэрнатыўныя акругі ў краіне могуць з’явіцца пасля завяршэння працэдуры рэгістрацыі вылучэнцаў.

 На гэты час па 2 магчымыя прэтэндэнты на месца ў беларускім парламенце зафіксавана ў 11 акругах, па тры — у 20, па чатыры — у 35, па пяць — у 17. У 12 акругах кандыдатамі ў дэпутаты жадаюць стаць па шэсць чалавек, у 10 акругах — па сем. Па восем патэнцыйных кандыдатаў на дэпутацкае крэсла ёсць у трох акругах. Акрамя таго, у Беларусі ёсць па адной акрузе, па якой маюць намер балатавацца па 10 і па 11 чалавек.

 “Колькасць вылучаных кандыдатаў, зразумела, большая ў буйных гарадах, меншая ў сельскіх раёнах”, — удакладніў сакратар ЦВК.

 Ён прывёў таксама статыстыку вылучэння па рэгіёнах. Так, у Брэсцкай вобласці на 16 акруг вылучана 68 кандыдатаў, у Віцебскай на 14 акруг — 61 кандыдат, у Гомельскай на 17 акруг прыпадае 68 кандыдатаў, у Гродзенскай, дзе акруг 13, у акруговыя камісіі пада­дзены дакументы ад 42 кандыдатаў. У Мінскай вобласці на 17 акруг прыпадае 67 кандыдатаў, а ў Магілёўскай на 13 акруг — 56 кандыдатаў. У сталіцы на 20 акруг прыпадае 132 кандыдаты.

 Вылучэнне кандыдатаў завяршылася 13 жніўня, з 14 па 23 жніўня акруговыя выбарчыя камісіі будуць праводзіць іх рэгістрацыю. Дзень выбараў назначаны на 23 верасня 2012 года.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>