Памятник в Кветче

1У гады Вялікай Айчыннай вайны ад зверстваў фашыстаў найбольш пацярпелі вёскі, якія знаходзяцца на тэрыторыі сучаснага Бярэзінскага біясфернага запаведніка. У вайну лясіста-балоцістыя мясціны запаведніка далі прыстанішча тысячам партызанаў, на яго тэрыторыі ўтварылася некалькі партызанскіх зон. Неаднаразова немцы рабілі спробы знішчыць “лясных бандытаў”, праводзячы карныя аперацыі, падчас якіх у першую чаргу пакутавала цывільнае насельніцтва. Жыхароў вёсак, што ўваходзілі ў партызанскую зону, прыраўноўвалі да пасобнікаў “лясных бандытаў” і бязлітасна з імі распраўляліся.
Найбольш пацярпелі жыхары запаведных вёсак падчас карнай аперацыі “Котбус”, якую немцы распачалі ў ліпені 1943 года. З даведкі пра злачынствы нямецка-фашысцкіх захопнікаў за 1943 год: ”У вёсках Домжарыцы, Крайцы, Кветча 18 ліпеня 1943 года гітлераўскімі людаедамі шляхам расстрэлаў, спаленнем і забойствам халоднай зброяй знішчаны больш за 71 чалавек. 17 ліпеня 1943 года фашысцкімі варварамі ў вёсцы Пастрэжжа спалена 44 чалавекі савецкіх грамадзян”.
Вось што пра блакаду сорак трэцяга ў 2011 годзе ўспамінала жыхарка Домжарыцаў Кацярына Шымко. Падчас тых падзей ёй было шаснаццаць год: “Нас прывязлі ў Крайцы. У вёсцы выкапаная яма стаіць. Каля ямы — мужчыны і жанчыны, у адных — галовы забінтаваныя, у другіх — рука падвязаная, некаторыя ж кульгавыя… Было іх шмат. Як толькі мы пад’ехалі, падбягае адзін эсэсавец, спыняе нашу машыну. Загадаў злазіць — павёў да ямы. Тут якраз пад’ехаў хтосьці з іх кіраўніцтва на машыне. Загадаў лезці назад у машыну і ехаць на Барысаў. Толькі мы ад’ехаліся, а тых людзей над ямай пачалі страляць.”
2Вядома, што жыхароў Пастрэжжа, якія не здолелі схавацца ў балоце, а гэта пераважна жанчыны з дзецьмі і старыя, прыгналі ў Кветчу. На ўскрайку вёскі немцы расправіліся з безабароннымі вяскоўцамі. У той трагічны дзень было загублена 60 мірных жыхароў вёсак Кветча і Пастрэжжа. Сярод ахвяраў — сем’і Аўтушак, Войнічаў, Карэнькаў, Коўзанаў, Рашэўскіх і Хацкевічаў. Немаўлятка з роду Юшкевічаў загінула разам са сваімі роднымі ў дзень свайго нараджэння. Разам з іншымі загінула сям’я Іосіфа Гатоўскага з Пастрэжжа, які ў гэты час быў у партызанах. Вярнуўшыся з блакады, у роднай вёсцы ён убачыў толькі папялішча на месцы хаты, а ў брацкай магіле ў Кветчы пахваны жонка і чацвёра дзяцей. Іосіфу Гатоўскаму пашчасціла ацалець падчас вайны. У сваім горы ён быў не адзінокі. Гора па забітых сваяках перажывалі і іншыя аднавяскоўцы. Трэба было набрацца сіл і жыць далей, адбудоўваць знішчанае. Сярод іншых Іосіф Гатоўскі вярнуўся ў Пастрэжжа, пабудаваў хату і з цягам часу стварыў новую сям’ю.
Для ўшанавання памяці пра сваіх аднавяскоўцаў шмат намаганняў прыклаў пастражанін Станіслаў Блажэвіч. У 1964 годзе на месцы расправы ў Кветчы быў устаноўлены помнік.
Падчас восеньскіх канікулаў гэтае памятнае месца часін Вялікай Айчыннай вайны наведалі лепельскія школьнікі, удзельнікі эколага-краязнаўчай экспедыцыі “Бярэзінскае кальцо”.
Валерый ТУХТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>