Черцы: дорога сквозь лихолетье

img_0387Усё жыццё Еўдакіі Мірановіч звязана з вёскай Чэрцы, роднай для нас абодвух. Тут Еўдакія нарадзілася, сустрэла каханага, з якім стварылі сям’ю і выгадавалі дзяцей. Дачакалася ўнукаў і праўнукаў. За нашай размоваю Еўдакія Іванаўна прыгадвае жыццё вёскі падчас вайны і пасляваеннага адраджэння.
— Ці памятаеце вы сваіх дзядоў?
— Бадай што не, вельмі мала чаго магу пра іх распавесці. Засталіся толькі старыя фотаздымкі. Бацьку таты звалі Якавам. Не ведаю, дзе ён нарадзіўся і дзе жыў. Адкуль родам яго бацька, таксама не ведаю.
— Чаму так?
— Размовы пра гэта ніколі не было.
— А маці адкуль родам?
— Маці — з вёскі Гарадзец. Дзе яна бацьку знайшла, як яны пажаніліся? З Гарадца перасялялася ў той час у Чэрцы шмат людзей. Сярод іх — Жарнасекі: Сцяпан і Змітрок. Мае дзядзькі, браты маці — Даніла і таксама Змітрок. Гэта было пасля рэвалюцыі, і гэтых людзей назвалі “казёнцамі”. Можа, яны на казённай зямлі жылі? Спачатку бацькі жылі над возерам, у тым месцы, дзе пазней стаяла школа. Там быў панскі будынак, пасля ён згарэў. Гэта было, хутчэй за ўсё, у 30-х гадах, бо яшчэ мой брат Сцяпан быў малы, у калысцы ляжаў. А мяне і ўвогуле не было. Бацькі перайшлі жыць у іншую хату, што знаходзілася побач. Пазней на месцы гэтай хаткі, якая ўжо ўехала ў зямлю, брат пабудаваў новую.
schet1— Дзе працавалі вашы бацькі?
— Мама была ў школе прыбіральшчыцай, а тата — ветэрынарам у калгасе.
— Бацька быў на вайне?
— Ваяваў на фронце, але пасля захварэў. Яму зрабілі аперацыю і камісавалі, а брат — Сцяпан — быў у партызанах. Другі ж мой брат, Васіль, за ўсіх нас старэйшы, загінуў у Польшчы ў студзені 1945 года.
— Вам на пачатку вайны было каля пяці год. Што-небудзь засталося ў памяці?
— Памятаю, як немцы ішлі ў вёску. Мы схаваліся пад ложак. Я гуляла ў суседзяў, там яшчэ дзеці былі. Мы ўсе — пад ложак. Што там за немцы такія? Немцы ж рассяліліся па вёсцы, выгнаўшы з паловы, што ад Кацюхова, людзей з хат. У хаце Агрызкаў быў нямецкі штаб. А бліжэй сюды, дзе зараз студня, стаяла нямецкая кухня. Памятаю, дзве хаты згарэлі ў нас на “крыжах” — Змітракова і Андрыянава. Самалёты ляталі, пражэктары свяцілі… Мы хаваліся ў склепе, ля возера. Бомбы скідвалі — і там іх шмат ляжала цэлых — і ля возера, і ў канцы нашага агарода.
— Хаты запалілі?
— Пры перастрэлцы з партызанамі загарэліся. І, памятаю, зноў жа тут, “на крыжах”, два чалавекі ў перастрэлцы загінулі, з тых, што стаялі на варце. Аднаго параніла, дык плакаў, крычаў, родных успамінаў — і да раніцы і памёр. Пахавалі іх тут, “на крыжах”. Там нават магілка была, а пасля рэшткі перанеслі да помніка.
— Ці загінуў хто з вяскоўцаў у час вайны?
— Была гісторыя. Ехалі бацька з сынам, і сустрэлі яны чалавека з Чэрцаў. У іх нейкая зброя была, пачалі яны яе аглядаць. Адным словам, выпадкова той чалавек стрэліў у малога і забіў. Я нават памятаю, як той хлопчык Вася, забіты, ляжаў дома на падлозе. Памятаю, як яго маці, Фядоня, аднекуль прыбегла ў хату.
— Дзе зараз размешчаны помнік, кажуць, быў склад боепрыпасаў…
— Так, быў склад. Ён быў бачны ў нас праз акно. Наша ж хата там стаяла. Гэта быў нямецкі склад. Скрынкі з патронамі ляжалі пад адкрытым небам. Яшчэ пасля вайны там заставалася зброя. Мой брат тыя патроны разбіраў, даставаў медзь і лыжкі з кружкамі ліў, вёдры рамантаваў. Знайшлі там хлопцы штосьці доўгае, на ножках. Паставілі на беразе возера — і стралялі. А стрэліла не ў ваду, а назад — і апаліла брату ўвесь твар. Бацькі вазілі яго ў Юндзілаўку да медсястры. Увесь твар перабінтавалі. Як прыйшоў у хату, дык я спалохалася, падумала, што Дзед Мароз. А пасля брата забралі капаць акопы ў Лепель. Гэта было, калі мы з мамай сядзелі там у Лепелі ў турме, непадалёк ад цяперашняй плошчы.
schet2— А чаго вы былі ў турме?
— Былі з мамай у горадзе, на кані, можа, брату есці вазілі І нас забралі, і каня. Не ведаю, можа, нельга было ў горад хадзіць. Прабылі там каля месяца. Прыходзіў да нас брат, брудны, перапэцканы, увесь у гліне. Памятаю, быў доўгі такі калідор, а ён у канцы калідора стаіць. Блізка не пускалі. Мяне, малую, пусцяць, штосьці скажам, спытае, як там мама… А як бамбілі Лепель, людзі з акопаў паўцякалі. Хтосьці вярнуўся назад, там шмат было і хлопцаў, і дзяўчат з Чэрцаў. Дзяўчаты назад вярнуліся, а хлопцы ўцяклі ў лес у партызаны, і Сцяпан быў сярод іх.
— Хто быў з нашых аднавяскоўцаў на фронце альбо ў партызанах?
— Не ведаю, дзесьці пад Ушачамі загінулі нашы хлопцы — Падасінавік (не памятаю, як звалі), брат нашага Падасінавіка — Мішкі аднарукага, брат Валодзькі Дзядкавага, Сашам яго звалі, і брат Дзёмкі Падасінавіка (таксама імя не памятаю). Не вярнуўся з вайны Андрыян, прыёмны сын бабулі Фрузы, Антоніхі. Пётр Жарнасек, муж Зосі, загінуў, Сцяпан Жарнасек быў паранены на вайне. Даніла Жарнасек, дзядзька мой, перажыў блакаду ў Ленінградзе, вярнуўся. На фронце быў Аляксей Банько. У Агафонавых — сын Мірон, муж Матруны, таксама загінуў на фронце. Паранены, вярнуўся з фронту Сямён Жылінскі. Тут у свой час жыў Ісак Жарнасек, дык яго сын Іван таксама загінуў. Двух жыхароў Чэрцаў — Ахрэма і Агрызку — прывезлі аднекуль забітымі. Хто і калі іх забіў, не ведаю.
— Што яшчэ запомнілася з часоў вайны?
— Тут, “на крыжах”, дзе салдаты загінулі, да вайны будавалі сельскі магазін. Ён быў цагляны, сцены былі выкладзены ўжо вышэй акон. У вайну яго немцы разабралі і пабудавалі ля Аршанкі (самой дарогі ў той час не было), умацаванні. Пасля там каровы стаялі, бацька Мішкі аднарукага вартаваў кароў, там ён і памёр.
— Таксама лёс… Брат не вярнуўся з вайны. Сам Міша падарваўся на міне, застаўся без рукі… Як гэта было, дарэчы, ці ведаеце?
— Таксама ж нешта да пляча прыставіў, хацеў стрэліць — і куля патрапіла ў плячо. Хлопцы пасля вайны знаходзілі гэтыя “цацкі”. Яшчэ адзін хлопец — кароў пасвіў. У полі на штосьці нарваўся — зусім на шматкі парвала. У закрытай труне хавалі.
— А што гэта быў за хлопец?
— У майго свёкра была сястра Таццяна. Гэта яе сын. Восіпам звалі. Падлеткам ужо быў…
— Што і як было ў вёсцы пасля вайны? Хто быў старшынёй калгаса?
— Калі я пайшла працаваць, старшынёй быў Іван Кулевіч. А да яго?.. Магчыма, мой свёкар Іосіф Мірановіч. Ён быў чалавек пісьменны, у магазіне гандляваў. Да вайны ж быў актывістам, удзельнічаў у раскулачванні. Івана Падасінавіка, бацьку Дзёмкі, выслалі, бацьку маёй братавай — таксама. І была варажнеча. У маёй свекрыві было чатыры дачкі. З адной з іх хацеў ажаніцца Дзёмка, дык маці не дазволіла. Калгасная канцылярыя знаходзілася ў хаце ў Мар’і Мірановіч, а сельсавет — у хаце Агрызкаў. У трысцене ж яна сама жыла. Старшыню сельсавета не памятаю, а сакратаром працаваў Крачкоўскі, на пошце — яго дачка Галіна. У той хаце і пошта знаходзілася таксама. У самой Агрызкі былі дзеці: тры дзяўчынкі — Франя, Аня, Яніна, і хлопчыкі — Пеця, Мечык, а пасля яшчэ нарадзіўся і Толя. З яе сынам Пятром мы разам хадзілі ў школу. Ён і Толя Зосін, сядзелі за намі. Мы з Галяй з Горак былі разам за адной партаю. Памятаю, калі хлопчыкам трэба было штосьці спісаць, яны ручкамі нам у спіны паролі. Я да сцяны адвярнуся, а яны тады спісваюць. Пасля сям’я Агрызкаў перасялілася кудысьці на Міншчыну.
— Моцна галадалі пасля вайны?
— Вядома, асабліва тыя, у каго было шмат дзяцей. У маёй свекрыві, напрыклад, было шасцёра маленькіх дзяцей. У кагосьці ў час вайны коней забіралі, а ў нас забралі карову. Жарабя ў садзе на міне падарвалася, акурат на цяперашняй вуліцы.
— У школу пайшлі ў 1945-м?
— Напэўна ж. Добра, школа стаяла ледзь не на ганку хаты.
— Хто быў у той час дырэктарам?
— Дырэктара не памятаю. Памятаю некаторых настаўнікаў: дзядуля з бародкай — Яфім Фаміч Алейнік, настаўніцамі працавалі Валянціна Якаўлеўна і Таісія Арцёмаўна.
— Апошнюю ведаю, Шарлаева. Зараз яна ў вёсцы Забор’е, на Чашніччыне жыве.
— А Гушчанскай школы ўжо не было? Ці яна ў вайну згарэла?
— Не было ўжо. Памятаю, толькі рэшткі засталіся ад яе.
— А пасля школы адразу пайшлі працаваць у калгас?
— Так, мне было ў той час чатырнаццаць гадоў. Маці працавала прыбіральшчыцай у школе, і ўсё роўна прымушалі ў калгас хадзіць. Вось я за маці і пайшла. Свае працадні пісала на маму. Сеялі мінеральныя ўдабрэнні, авёс… Васіль Жарнасек быў брыгадзірам, вучыў нас. І лён палолі, абівалі. Алена Трубека працавала ўчотчыцай. Працавалі мы разам з Таццянай Банько, Прасінняй Грыдзінай, Валянцінай Семянько, Ларысай Жарнасек з Зялёнага Вострава, Насцяй Вячэрскай з Дрымаўшчыны, Надзяй Падасінавік, Надзяй Гаўрыльчык і Кацяй Жарнасек. Дзяўчаты з той сям’і, куды я замуж выйшла, — Ліза, Роза, Таня — таксама на працу хадзілі. Цэлая брыгада была. Запрагаліся — і вазілі торф на конях. Нарыхтоўваюць, а затым зімой развозяць. Мужчыны ламамі яго адбіваюць, а мы накопваем на сані.
— Доўга працавалі на палявых работах?
— Пакуль не выйшла замуж, у 1958 годзе, і пасля яшчэ крыху. Затым у мяне нарадзілася дачка Рая. Жылі са свекрывёю. Спачатку я была з дачкой дома. Свякроў стала даглядаць цялят, але захварэла. Я выйшла ёй на замену. Так і адпрацавала даглядчыцай 18 гадоў. Было гэта пры старшыні калгаса Іосіфе Славецкім. Былі добрыя прывагі — і па 600, і па 705 грамаў, даходзіла ледзьве не да кілаграма. Спачатку прыходзілася каля сотні цялят на двух даглядчыкаў. Працавалі з Анфізай Жарнасек, якая стала маёй працоўнай настаўніцай. Добрая жанчына, я ад яе шмат чаму навучылася. Затым рабіла з Валянцінай Семянько. У 1969 годзе ў мяне нарадзіўся сын Валера. У гэты час мяне на працы замяняла Таццяна Банько. Пасля зноў з Валянцінай працавалі. Затым прыйшла Надзея Падасінавік, таксама добры чалавек. Мы стараліся, лёгка з ёй было працаваць. Апошняй жа, з кім працавала была Тамара Бараноўская. Старшынёй калгаса тады быў Дзмітрый Мядзведзеў. Пасля статак нашых цялят расфарміравалі, ды і ў самой пачаліся праблемы са здароўем.
— Якія працоўныя ўзнагароды маеце?
— Ганаровую грамату Вярхоўнага Савета БССР, медаль да 100-годдзя Леніна “За доблесную працу”, значкі ўдарніка пяцігодак і значок пераможцы сацыялістычнага спаборніцтва. Пабывала на Выставе дасягненняў народнай гаспадаркі ў Маскве — і там таксама атрымала памятны значок. Была ў Балгарыі, на экскурсіі ў Ленінградзе. Адпачывала ў санаторыі ў Бярдзянску.
— Колькі ў вас унукаў, праўнукаў?
— Трое ўнукаў, чацвёра праўнукаў — дзве дзяўчынкі і два хлопчыкі.
— Значыць, зараз толькі пачынаецца ваша жыццё. Жыццё пачынаецца, калі нараджаюцца праўнукі. Дзякуй за цікавыя ўспаміны!
Гутарыў Уладзімір МІХНО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>