Жизнь лепельчанина Дениса Демко — это творчество

img_3063Як імкліва ляцяць нашы будні! Калі мы пазнаёміліся з Дзянісам Дзямко, ён быў звычайным салдатам. Не памятаю, ці былі на плячах у яго, ваеннаслужачага 19-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады, пагоны. Галоўнае — гэты ціхмяны і крыху самотны, а, магчыма, засяроджаны хлопец выглядаў простым салдатам. Такім вось простым у душы чалавекам ён мне запомніўся. Такім ён быў і насамрэч.
З таго часу прайшло, напэўна, сем год. За гэты час мы некалькі разоў сустракаліся. Аднак Дзяніс такі і застаўся — сціплы, засяроджаны, просты… Не ведаю, магчыма, яго характар зменіць пасада. Нядаўна даведаўся, што Дзяніс стаў намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце раённага цэнтра дзяцей і моладзі. Зрэшты, я не думаю, што кіраўніцкая пасада зменіць хлопца. Чамусьці я так не думаю. Хутчэй, магчыма, хлопец сам аздобіць новую сваю справу часцінкай творчасці.
Мой знаёмы — разьбяр па дрэве. Ды які ж ён майстар! Малайчына! Зайдзіце на яго старонку “Укантакце”, а яшчэ лепей — завітайце да яго дадому — і вы атрымаеце захапленне ад яго творчай энергіі і мастацкага почырку! Таму, калі пасля вышэйшай навучальнай установы Дзяніс раптам апынуўся ў арміі, было зусім відавочна, што яму месца не каля баявых машын. У той час я яшчэ не ведаў пра яго рамесніцкі талент, але разумеў, што гэты хлопец можа праявіць сябе ў іншай прафесіі.
А пасля з не меншым здзіўленнем даведаўся, што Дзяніс — яшчэ і турыст, спартсмен і вандроўнік. Гэта ж трэба: у адным чалавеку спалучаюцца два зусім розныя пачаткі — флегматычны разбяр і рамантычны турыст-вандроўнік! І як яны ўжываюцца — два амаль што супрацьлеглыя пачаткі!
Я ведаў, што Дзяніс Дзямко апошні час працуе ў раённым цэнтры дзяцей і моладзі і кіруе там аб’яднаннем па інтарэсах “Разьба па дрэве”. Аказваецца, гэта ўжо ў мінулым. З цягам часу ў працы хлопца пераважыў менавіта турыстычны накірунак. А калі ж я даведаўся, што Дзяніс Валер’евіч ужо і адміністратар, гэта мяне, безумоўна, зацікавіла. Я вырашыў зноў з ім сустрэцца, каб сваімі вачыма пабачыць хлопца ў іншым амплуа.
Сустрэліся ў яго выхадны. Дзяніс акурат вярнуўся з краязнаўчай экспедыцыі, зазірнуў у цэнтр — і мы ў яго кабінеце-майстэрні, у атачэнні лодак, станкоў, фарбаў, папер… Нязмушана гутарылі, як і належыць двум добра знаёмым людзям.
— Як, Дзяніс, адчуваеш сябе на новай пасадзе?
— Усё падабаецца. Аднак стала шмат іншай, пакуль нязвыклай працы і, калі шчыра, я яшчэ не цалкам у яе акунуўся. Колькі ж тут месяцаў! Разбіраюся, што да чаго. Дапамагаюць і дырэктар, і іншыя намеснікі.
— А што зараз уваходзіць у кола тваіх абавязкаў?
gerb-sapega%d1%9e-1— Планаванне работы ў цэнтры на аснове гадавога плана. Сумесна з адміністрацыяй, метадыстамі і г.д. займаемся распрацоўкай планаў на месяц, наведваем заняткі педагогаў у цэнтры і сумяшчальнікаў па школах, на вёсцы. Арганізуем або ўдзельнічаем у спаборніцтвах. Я ж яшчэ курырую краязнаўчы і турыстычны накірункі. Да гэтага ж працаваў загадчыкам спартыўна-тэхнічнага аддзела раённага цэнтра дзяцей і моладзі.
— Якія мерапрыемствы ўжо адбыліся за гэты час?
— Удзельнічалі ў рэспубліканскім галіновым турыстычным злёце непадалёк ад Маладзечна. Быў там у якасці турыста. Прынамсі, выступаў у спаборніцтвах па фігурным ваджэнні веласіпеда. Таксама прадставілі каманду цэнтра ў Барысаве, на рацэ Сха, на рэспубліканскіх спаборніцтвах па тэхніцы воднага турызму. Гэта мы выступалі ад вобласці. Разам з педагогам з Домжарыцаў Аляксеем Багаўцом пабывалі на турыстычным злёце ў вёсцы Жорнаўка Мінскай вобласці. Выступалі на дыстанцыі па тэхніцы воднага турызму. У кастрычніку ж накіравалі каманду на Кубак вобласці па спартыўным арыентаванні “Залатая восень”. Там адзін з нашых выхаванцаў, вучань Заслонаўскай сярэдняй школы Яўген Сталярчук, заняў трэцяе месца. Рыхтаваў яго педагог Андрэй Лазоўскі.
— Адкуль жа ты вярнуўся зараз?
— З пахода (дакладней, эколага-краязнаўчай экспедыцыі) “Бярэзінскае кальцо”. Удзел у экспедыцыі прынялі мы, чацвёра педагогаў, а таксама дзесяць дзяцей, адмыслова адабраных з тых, хто больш моцны і спрытны.
— Так разумею, што ў душы ты па-ранейшаму застаешся рамантычным вандроўнікам?
— Калі шчыра, у вандроўках, у паходах я адпачываю душою. Хаця там таксама свае задачы і пэўная адказнасць — за дзяцей. Аднак гэта частка маёй працы — для мяне адпачынак у адначассі.
— Аднак ты працуе і ў якасці выкладчыка?
— Кірую аб’яднаннем па інтарэсах “Юны турыст-краязнаўца”.
— І чым вы з дзецьмі займаецеся?
— У зале — пешаходным турызмам, а ў пэўны сезон ездзім на веласіпедах. Выходзім у лес, на ваду — на брод, што насупраць вёскі Чарнаручча, бяром байдаркі і ўстанаўліваем дыстанцыю. У перспектыве плануем арганізаваць свае абласныя спаборніцтвы. Дзецям падабаецца. У нас фактычна ўжо не дзеці, а падлеткі займаюцца — з пятага класа і старэйшыя.
— А як разьбяр працуеш?
dzyamko— Удзельнічалі ў рэспубліканскім аглядзе-конкурсе інавацый і тэхнічнай творчасці. У адной з намінацый прадставілі пано “Сельскі пейзаж”. Занялі другое месца на абласным узроўні, а на рэспубліканскім — трапілі ў прызёры. Сёлета ж мы разам з кіраўніком творчай майстэрні “Чараўнікі” Марынай Самонавай рабілі гербы гарадоў, якія затым дэманстраваліся на абласным фестывалі-кірмашы працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2019”. Я са сваім вучнем Уладам Жарнасекам стварыў герб роду Сапегаў. А ў мінулым годзе для абласнога фестывалю-кірмашу “Дажынкі-2018” на конкурс макетаў мясцовых славутасцяў мы з юнымі майстрамі зрабілі макет касцёла Святога Казіміра. Рабілі з фотанатуры, каркас быў выраблены з бруса. Працавалі прыкладна месяц.
Макет гэты і зараз на працоўным стале майстра. І колькі Дзяніс ні вандраваў, кім бы ні кіраваў, рука яго, майстра разьбы па дрэве, заўсёды на творчым стале. Хлопец мае вялікі талент, а жыццё — гэта і ёсць сапраўдная творчасць.
Уладзімір МІХНО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>