17 ноября — День работников сельского хозяйства и перерабатывающей промышленности агропромышленного комплекса

img_5179Дружны калектыў малочнатаварнага робатызаванага комплексу ў СВФ “Заазер’” ААТ “Віцебскі мясакамбінат” па праве з’яўляецца адным з лідараў сельгасвытворчасці ў раёне. Кожны тыдзень з гэтай гаспадаркі для далейшай перапрацоўкі адпраўляюцца тоны малака. На комплексе, як і належыць, арганізаваны поўны цыкл догляду за жывёлай — ад маленькіх цялят да высокапрадукцыйных кароў.

Малочны статак пачынаецца тут з прафілакторыя, дзе ўтрымліваюцца маленькія цяляты. Першае ўражанне пра яго — узорная чысціня. Па падлозе можна хадзіць у тапачках — ногі не запэцкаюцца. Работнікі маладняк даглядаюць, кормяць і робяць прафілактычныя вакцынацыі. Пра гэта сведчаць каляровыя плямы на галовах жывёлы. Цяляты ж напачатку недаверлівыя да незнаёмых, спрабуюць уцячы, схавацца, але даволі хутка недавер знікае, саступаючы месца цікаўнасці і жаданню пагуляць. Бычкі і цялушкі цягнуцца да гасцей, любяць, калі ім пачухаюць за вушкам.
Алеся Глазко (на здымку) ужо некалькі гадоў працуе на комплексе ў СВФ “Заазер’е” ААТ “Віцебскі мясакамбінат”. Маладая жанчына знайшла сваё рабочае месца не адразу, але паступова асвоіла працоўныя абавязкі, паказала сябе адказнай працаўніцай. Яна заўсёды пагладзіць бычка ці цялушачку, а тыя цягнуцца з ласкай у адказ.
Тэкст і фота Васіля МАТЫРКІ.

 

Вядома, што адным з асноўных напрамкаў дынамічнага развіцця раёна з’яўляецца паспяховая дзейнасць
сельскай гаспадаркі. Напярэдадні Дня работнікаў
сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу адбылося наша інтэрв’ю
з першым намеснікам старшыні райвыканкама,
начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі
і харчавання Ігарам Марозам.
— Ігар Аляксандравіч, несумненна, Лепельшчына можа па праве ганарыцца перадавымі гаспадаркамі, самаадданымі работнікамі сельскагаспадарчай галіны. І менавіта зараз добрая нагода расказаць пра іх.
— Можна з упэўненасцю сказаць, што сельскагаспадарчая галіна нашага раёна развіваецца планамерна, а мэтанакіраваная праца шэрага прадпрыемстваў, адказных работнікаў прынесла добры плён.
У першую чаргу хацелася б адзначыць зладжаную работу нашых хлебаробаў. Жыхарам раёна добра вядомыя імёны перадавых камбайнераў СВФ “Заазер’е” ААТ “Віцебскі мясакамбінат” Леаніда Аляксеенкі і Паўла Ханяка. У мінулым годзе яны першымі ў Віцебскай вобласці намалацілі тысячу тон збожжа і ўзялі такі тэмп працы, што і надалей упэўнена, цвёрда ўтрымлівалі пазіцыі лідараў. Летась маладзёжнаму экіпажу ўдалося намалаціць больш за чатыры тысячы 400 тон збожжа. Прыемна адзначыць, што планку ў тры тысячы тон збожжа Леанід і Павел адолелі першымі ў рэспубліцы. Сёлета да перадавых камбайнераў далучыўся і Аляксандр Гласковіч, які таксама працуе ў СВФ “Заазер’е” ААТ “Віцебскі мясакамбінат”. Старшы камбайнер Леанід Аляксеенка, а таксама камбайнеры Павел Ханяк і Аляксандр Гласковіч сталі пераможцамі абласных спаборніцтваў у намінацыі “Сярод старшых камбайнераў і камбайнераў маладзёжных экіпажаў сельскагаспадарчых арганізацый ва ўзросце да 31 года”. Яны атрымалі заслужаныя ўзнагароды на ўрачыстасці падчас правядзення абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2019”.
Вядома, што кіраўнікі і работнікі перадавых гаспадарак заслугоўваюць самых шчырых слоў падзякі. Сярод іх — філіял “Баброва-агра” ЗАТ “Віцебскаграпрадукт”, дзе дасягнуты высокія паказчыкі па ўраджайнасці і павялічана вытворчасць збожжа. Са станоўчага боку трэба адзначыць работу па вытворчасці збожжа і сельскагаспадарчага вытворчага філіяла “Заазер’е” ААТ “Віцебскі мясакамбінат”. Высокіх вынікаў па ўраджайнасці і павелічэнні вытворчасці рапсу ўдалося атрымаць у ААТ “Чарэйшчына”. Трэба адзначыць таксама станоўчую работу ў гэтым накірунку і СВФ “Заазер’е” ААТ “Віцебскі мясакамбінат”. У гэтай жа гаспадарцы дасягнуты высокія вынікі па павелічэнні аб’ёмаў нарыхтоўкі кармоў, а таксама па вытворчасці малака. Па павелічэнні аб’ёмаў кармоў адзначу і выдатную работу КУВСГП “Лепельскае”.
Па павелічэнні вытворчасці малака і вырошчванні жывёлы сярод малочнатаварных фермаў, па першай групе — МТФ з даеннем кароў у малакаправод лепшай прызнана малочнатаварная ферма “Юркоўшчына” СВФ “Заазер’е” ААТ “Віцебскі мясакамбінат”, па другой групе — МТФ з даеннем кароў у даільных залах — малочнатаварная ферма “Цаліна” КУВСГП “Лепельскае”.
Вельмі прыемна назваць і імёны работнікаў сельскагаспадарчай галіны. На кашэнні шматгадовых траў сёлета выдатна папрацаваў Аляксандр Гайсёнак, трактарыст ААТ “Ладасна”, які на трактары МТЗ-82 з касілкай АС-1-02 скасіў 351 гектар. Сярод камбайнераў кормаўборачных камбайнаў, па першай групе камбайнаў варта адзначыць выдатную працу Юрыя Ляўковіча, трактарыста КУВСГП “Лепельскае”, які на камбайне КВК-800 нарыхтаваў 12,6 тысячы тон зялёнай масы, па другой групе камбайнаў лепшай прызнана праца Аляксандра Антонава, трактарыста СВФ “Заазер’е” ААТ “Віцебскі мясакамбінат”, які на камбайне Krone Big X нарыхтаваў 36 тысяч тон зялёнай масы.
На прасаванні сена і саломы пашчыраваў Сяргей Дзямко, трактарыст унітарнага прадпрыемства “Пражэктар-агра”, які на трактары МТЗ-82 з прэс-падборшчыкам ПРФ-180 запрасаваў адну тысячу 254 тоны сена і саломы. На ўзворванні пад азімыя і ўздыме зябліва плённа папрацаваў на трактары МТЗ-3022 Аляксандр Шумаеў, трактарыст ААТ “Лядна”. На сяўбе азімых адзначу бездакорную працу Вадзіма Пыхціна, трактарыста СВФ “Заазер’е” ААТ “Віцебскі мясакамбінат”, які на трактары К-744 пасеяў дзве тысячы 71 гектар.
Хочацца адзначыць і зладжаную работу аператараў машыннага даення кароў. Па першай групе гэта Вераніка Ярмольчанка, аператар машыннага даення ААТ “Лядна”. Сярод аператараў па вырошчванні буйной рагатай жывёлы лепшых паказчыкаў дасягнула Таццяна Пшонка, аператар па вырошчванні буйной рагатай жывёлы ўнітарнага прадпрыемства “Пражэктар-агра”, якая атрымала сярэднясутачную прывагу буйной рагатай жывёлы ў 866 грамаў. Сярод аператараў па доглядзе за свінаматкамі і вырошчванні парасят да месячнага ўзросту лепшых вынікаў дасягнула Галіна Жарнасек з філіяла “Дражна” ЗАТ “Віцебскаграпрадукт”, якая абслугоўвае 80 галоў свінаматак і атрымала выхад парасят пры ад’ёме 10,9 галавы. Сярод аператараў па доглядзе за халастымі і супароснымі свінаматкамі выдатна папрацавала Роза Балотнік з гэтай жа гаспадаркі, якая абслугоўвае 650 галоў свінаматак і дасягнула 86 працэнтаў апладняльнасці па апаросах.
Толькі з лепшага боку хочацца адзначыць працу аператара па адкорме свіней Андрэя Галая з ЗАТ “Віцебскаграпрадукт”, які абслугоўвае тры тысячы 951 галаву свіней і атрымаў сярэднясутачную прывагу адну тысячу 138 грамаў. Сярод птушкаводаў лепшых вынікаў дасягнула Марына Аржаная, птушкавод цэха па вырошчванні куранят-бройлераў “Лепель” ТАА “Вітконпрадукт”, якая забяспечыла атрыманне сярэднясутачнай прывагі птушкі ў 61 грам. Ёсць добрыя працоўныя вынікі і сярод аператараў па штучным асемяненні жывёл. Іх атрымала Святлана Босая, аператар па штучным асемяненні жывёл унітарнага прадпрыемства “Пражэктар-агра”.
Самых шчырых слоў падзякі за штодзённую адказную працу заслугоўваюць таксама галоўны аграном СВФ “Заазер’е” ААТ “Віцебскі мясакамбінат” Уладзімір Судак, галоўны інжынер ААТ “Чарэйшчына” Віктар Голубеў, а таксама галоўны заатэхнік КУВСГП “Лепельскае” Ірына Шынкевіч. Дакладна ведаюць сваю справу галоўны ветурач ААТ “Лядна” Наталля Свідзінская, галоўны бухгалтар філіяла “Баброва-агра” ЗАТ “Віцебскаграпрадукт” Таццяна Мароз, а таксама галоўны эканаміст дзяржаўнай сельскагаспадарчай установы “Лепельская сортавыпрабавальная станцыя” Наталля Зайцава.
— Мяркую, што цёплых слоў заслугоўваюць і кіраўнікі сельскагаспадарчых прадпрыместваў, а таксама маладыя спецыялісты галіны…
— Так, адзначу выдатную працу дырэктара КУВСГП “Лепельскае” Рамана Місніка, які арганізаваў зладжаную работу прадпрыемства па многіх накірунках.
Вельмі прыемна, што спецыялісты, працоўны шлях якіх толькі пачынаецца, актыўна ўзяліся за справу і зарэкамендавалі сябе здольнымі работнікамі. Яны з асаблівай адказнасцю выконваюць даручаныя абавязкі. Сярод іх — Віталь Жыветаў, які выконвае абавязкі галоўнага ветурача СВФ “Заазер’е” ААТ “Віцебскі мясакамбінат”.
— Ігар Аляксандравіч, з якімі паказчыкамі сустракаюць сваё прафесійнае свята аграрыі Лепельшчыны?
— Па выніках работы за дзесяць месяцаў бягучага года тэмп росту валавой прадукцыі ў сельскагаспадарчых арганізацыях раёна склаў 110,7 працэнта, у тым ліку прадукцыі жывёлагадоўлі — 111, 2 працэнта, раслінаводства — 109,6 працэнта.
Сёлета сельскагаспадарчымі арганізацыямі раёна намалочана збожжа 32,2 тысячы тон, што на 40,5 працэнта больш мінулагодняга ўзроўню. Ураджайнасць збожжавых і збожжабабовых культур склала 27,4 цэнтнера з гектара. Рапсу намалочана 3,4 тысячы тон, што на 10,2 працэнта вышэй паказчыка мінулага года. Ураджайнасць рапсу склала 12,3 цэнтнера з гектара. Травяных кармоў на ўмоўную галаву жывёлы нарыхтавана 26,1 цэнтнера кармавых адзінак, што на адзін цэнтнер больш адпаведнага перыяду 2018 года.
— Якіх паказчыкаў удалося дасягнуць у галіне жывёлагадоўлі і валавой вытворчасці малака?
— Вытворчасць (вырошчванне) жывёлы і птушкі склала 11,3 тысячы тон або 113,5 працэнта да мінулага года, сярэднясутачная прывага свіней — 981 грам, што на 195 грамаў больш адпаведнага перыяду 2018 года. Дарэчы, гэта лепшы паказчык у рэспубліцы.
У валавой вытворчасці малака нам удалося атрымаць 23,3 тысячы тон, а гэта на 1,1 працэнта вышэй узроўню мінулага года. Сярэдні надой малака ад каровы ў сельскагаспадарчых арганізацыях раёна за дзесяць месяцаў сёлета склаў 4005 кілаграмаў, а гэта вышэй мінулагодняга паказчыка на дзесяць кілаграмаў.
— Ігар Аляксандравіч, безумоўна, эканамічнае развіццё сельскагаспадарчай галіны немагчыма без капіталаўкладанняў…
— Цалкам згодны з гэтым. Па шэрагу аб’ектыўных прычын дзяржаўныя капіталаўкладанні не вельмі высокія, але гэта не з’яўляецца прычынай для спынення інвестыцыйнай дзейнасці. Паступова, па меры паступлення фінансавых сродкаў вядзецца абнаўленне асноўных фондаў. Агульны аб’ём інвестыцый у асноўныя фонды склаў шэсць мільёнаў 400 тысяч рублёў, на набыццё машынаабсталявання накіраваны адзін мільён 600 тысяч.
— Ігар Аляксандравіч, не менш важным паказчыкам з’яўляецца і паляпшэнне матэрыяльнага дабрабыту людзей. Як ідуць справы ў гэтым напрамку?
— Сёлета сярэднямесячная налічаная зарплата ў сельскагаспадарчых арганізацыях і прадпрыемствах за дзесяць месяцаў бягучага года склала 680 рублёў, што на 105 рублёў або на 18 працэнтаў больш адпаведнага перыяду мінулага года. Ёсць і перадумовы для далейшага павелічэння зарплаты. Гэта, у першую чаргу, рост валавой вытворчасці ўсіх відаў прадукцыі. Чым больш будзе выпушчана малака, мяса, вырашчана збожжа, нарыхтуецца кармоў, тым больш будзе атрымана прыбытку.
Другім важным напрамкам паляпшэння становішча сельскагаспадарчай галіны з’яўляецца інтэнсіфікацыя вытворчасці, павышэнне прадукцыйнасці. Трэба імкнуцца, каб карова за год давала не тры тысячы кілаграмаў малака, а як мінімум — шэсць, каб сутачныя прывагі жывёлы былі на высокім узроўні і павышалася ўраджайнасць палеткаў. Наша зямля здольная даваць ураджаі па 50-70 цэнтнераў з гектара, і гэта было паказана на яскравых прыкладах — дасягненнях нашых перадавых камбайнераў. У гэтым накірунку, вядома, трэба яшчэ шмат працаваць.
У завяршэнні размовы хочацца ад душы павіншаваць усіх работнікаў сельскагаспадарчай галіны — земляробаў, жывёлаводаў, працаўнікоў перапрацоўчай прамысловасці з прафесійным святам. Ад усёй душы жадаю ўсім, вядома ж, моцнага здароўя, плённай працы і сямейнага дабрабыту. Няхай наша праца і надалей будзе накіравана на павышэнне вытворчых паказчыкаў, паляпшэнне ўмоў працы і рост дабрабыту. Са святам, калегі!
Інтэрв’ю правяла
Святлана ВАЗНЯК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>