А жизнь продолжается…

u-48 Падзяліла вайна жыцці людзей старэйшага пакалення на тры адрэзкі. Адзін з іх светлы і кароткі — даваеннае маленства. І не ўсе яны, людзі перадваеннай пары, нават памятаюць той кароткі, як імгненне, кавалачак жыцця. Вось і ў бабулі Ніны са Старога Лядна былі ўсяго тры гады даваеннага маленства.

u-49— Гэта зараз, — кажа Ніна Апанасаўна, — дзеці памятаюць сябе і ў два гады, а раней былі знясіленыя, галодныя — якая там была дзіцячая памяць.
А вось у вайну ўчэпісты дзіцячы розум пачынаў ужо працаваць, штосьці ў памяці засталося. Успамінаецца і тое, што пасля расказвалі бацькі.
Бацька працаваў брыгадзірам да вайны, маці хадзіла на працу ў поле і тым часам гадавала трое дзяцей.
З вайны не вярнуліся абодва матчыны браты — Сяргей і Ягор. Бабуля Ніна кажа, што іх імёны высечаны на мясцовым помніку загінулым землякам. Бацька таксама вярнуўся бліжэй да Перамогі — кантужаны. У яго былі праблемы са зрокам. Дзяцей падымала на ногі маці.
— Як немцы адступалі, памятаю, — расказвае Ніна Апанасаўна. — Мы сядзелі ў Казіншчыне, а снарады ляцелі з Лепеля. І самалёты ляталі надзвычай нізка. Людзі імкнуліся не заставацца ў Старым Лядне, якое стаяла на бойкім шляху, падаваліся ў больш глыбінныя вёскі, бліжэй да лесу. Немцы бамбілі чыгуначны мост. Тут, як на Жэжліна ехаць, была чыгунка.
На жаль, трэці адрэзак жыцця, першыя пасляваенныя гады, таксама не прынёс вялікай палёгкі людзям. Безумоўна, была радасць, бо вайна скончылася. Аднак жа і гора хапала — разбураныя хаты, нішчымніца ці нават голад. Калі мы зірнем на рарытэтнае пасляваеннае фота, што захавалася ў бабуліным альбоме, то ўбачым худзенькіх, як сцяблінкі, школьніц. Гэта сёстры Марыя, Вера і Ніна (пасярэдзіне) у ліпені 1950 года. У той час Ніна закончыла шэсць класаў тагачаснай Слабадской (цяпер Старалядненская) школы.
Спачатку школа месцілася ўвогуле па хатах, пасля ж збудавалі драўляную.
У сёмы клас дзяўчынка пайшла ў Бароўку, а затым вучылася на курсах прадаўца. Атрымаўшы прафесію, шэсць гадоў шчыравала ў магазіне ў Старым Лядне. Працаваць было вельмі цяжка. Хіба з яе дзявочымі сіламі трэба было цягаць нялёгкія скрынкі з таварамі.
Урэшце, вырашыла перакваліфікавацца — атрымала другую прафесію — швачкі. Пайшла працаваць у ваенны санаторый, дзе затрымалася на 26 гадоў. Адтуль і пайшла на заслужаны адпачынак.
Па ўсім бачна, у Ніны Апанасаўны добрыя дзеці. Вядома, амаль кожная маці кепскага слова не скажа пра сваіх дзяцей, на тое яна і маці. Аднак тут відавочна — дзеці дапамагаюць бабулі Ніне весці гаспадарку — пяць сотак агарода, два парнікі. Бульбу, цыбулю, агуркі, памідоры вырошчвае васьмідзесяцігадовая гаспадыня. Радуюць на старасці і ўнукі. А ўжо праўнукі, як кажа Ніна Апанасаўна, — тое, дзеля чаго варта жыць. Праўда, Вольга, дачка Ніны, закончыўшы ўніверсітэт, набыла прафесію праграміста і знайшла сваё шчасце ажно ў Швейцарыі. Аднак значная адлегласць і межы не перашкаджаюць ёй штогод прыязджаць на радзіму, да бацькоў. Валянціна ж, другая дачка, побач — працуе цырульнікам у Бароўцы.
Унук Слава — таксама праграміст і жыве далёка — у Чэхіі. У яго ўжо расце дачушка Аліса. А ў сына Валянціны Аляксея — Раман.
— Вось толькі паехалі, — расказвае шчаслівая бабуля пра сваіх унукаў і праўнукаў — і яе вочы свецяцца маладосцю. На тое ж і нараджаюцца нашчадкі, каб людзям пажылым нагадваць пра маладосць і тым самым працягваць іх жыццё.
Дарэчы, Ніна Крывель — даўняя сяброўка нашай газеты і яе падпісчыца. Асабліва, кажа, любіць чытаць у “Лепельскім краі” аповяды пра людзей. Чытаць любіць пра іншых, а вось пра сябе расказваць саромеецца. Сціплы яна чалавек па жыцці.
Уладзімір МІХНО.

На здымках: сёстры Марыя, Ніна і Вера (1950 г.); Ніна Апанасаўна (справа) з унукамі (1995г.).

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>