Время, когда сбываются мечты

img_0367Што можа чалавек у дваццаць пяць гадоў? Калі спрабую адказаць на гэта пытанне, з’яўляецца душэўны ўздым. Узгадваю свае дваццаць пяць, калі душа была напоўнена памкненнямі, калі на ўсё хапала сіл і здавалася, што няма нічога немагчымага. О, непаўторны час
юнацтва! Праўда, на мае дваццаць пяць гадоў выпалі даволі суровыя жыццёвыя выпрабаванні — акурат прызвалі на воінскую службу. Аднак жа менавіта малады запал дазволіў годна вытрымаць тыя выпрабаванні — хапіла і сіл,
і энергіі, і веры ў сябе.

Таму адкажу так: чалавеку ў дваццаць пяць гадоў па сіле любое. І гэта — час, калі збываюцца мары.
А што мне скажа на гэты конт малады чалавек, якога выпадкова сустрэў сёння ў прыёмнай кіраўніка філіяла “Лепельскае ДРБУ-202” КУП “Віцебскаблдарбуд”? Размінуцца з ім мы не змаглі. “Зачапіла” яго ўсмешка — прыязная, адкрытая і шчырая. Сімпатычная ўсмешка. Пра тых шчасліўчыкаў, хто яе мае, кажуць, што гэта людзі з сімпатычнай душою. І дастаткова было перакінуцца нам некалькімі словамі, як я зразумеў, што не памыліўся.
Што скажаш мне, мой новы знаёмы Сяргей Зубко? Імя па бацьку я ў яго нават і не запытаўся. Хаця, напэўна, яно пасавала б чалавеку на яго пасадзе. Сяргей працуе энергетыкам на прадпрыемстве. Напэўна, вельмі сімвалічна, што малады чалавек са станоўчай энергіяй працуе энергетыкам. Аднак зараз мы не пра тое, мы — пра мары, якія ажыццяўляюцца ў 25 гадоў.
Зрэшты, навошта так доўга чакаць? Першая жыццёвая мара — яшчэ падлеткавая, збылася, калі Сяргею было дваццаць гадоў. Справа ў тым, што хлопец жадаў мець свой аўтамабіль. Ды так моцна хацеў, што грошы на ўласную машыну пачаў збіраць яшчэ калі вучыўся ў дзявятым класе, бо надакучыла збіраць мапеды. На канікулах, калі многія яго равеснікі адпачывалі — на рэчцы, у кафэ, ён працаваў на будоўлі, хадзіў у лес па ягады ці грыбы. Вось так і назбіраў на ўласную “Мазду”. Такім чынам, хлопец сам набыў аўтамабіль.
syargej-zubko-2Купіў — і вось ужо пяць гадоў ездзіць. Дзеля справядлівасці трэба сказаць, што бацькі таксама не пакінулі свайго адзінага сына на ўзбочыне жыцця. Падарылі кватэру. Зрэшты, песціць сваё дзіця ніхто з іх не збіраўся. Бацькі ў яго працавітыя. Сяргей і сам прызнаецца, што бацькоўскае выхаванне было даволі строгім. Бацька не змог бы дапусціць, каб сын валяўся на канапе і вырас спажыўцом.
А таму яшчэ ў школе — Сяргей вучыўся ў сярэдняй школе № 3 — займаўся лёгкай атлетыкай, наведваў спаборніцтвы, а пасля, хоць і на кароткі час, і боксам захапіўся. Рос ён моцным і спрытным падлеткам. Дый зараз не праміне спартыўнай залы, балазе ў дарожна-будаўнічай арганізацыі ёсць магчымасць моладзі заняцца спортам. Ды і супраць лазні з гарачаю параю нічога не мае, часта ездзіць да дзядзькі ў Стаі — у лазеньку. Прыгадвае і дзяцінства, калі з бацькам наведвалі гарадскую лазню, а для кожнага паходу дзядуля рабіў ім два венікі — вялікі і маленькі. А вось іншы атрыбут заўзятых парыльшчыкаў — не ў кампетэнцыі Сяргея. Я кажу пра піва. Хлопцу куды цікавей правесці вольны час з шашлычкамі.
— Я і сяброў сваіх ад “кабака” адвучыў, — прызнаецца хлопец. — Ёсць жа, урэшце, для адпачынку прырода: лес, возера.
У лесе, у грыбах ён адпачывае душою. З вудачкай на возеры пасядзець таксама не супраць, але не так, як бацька, што гатовы лавіць рыбу ўсе чатыры сезоны.
Пасля школы Сяргей атрымаў спецыяльнасць механіка ў Лепельскім аграрна-тэхнічным каледжы, ды на гэтым не спыніўся, і адразу ж па заканчэнні паступіў на завочнае навучанне ў Горацкую сельскагаспадарчую акадэмію. Уладкаваўся на працу ў філіял “Лепельскае ДРБУ-202” КУП “Віцебскаблдарбуд”. Прызнацца, у аддзеле кадраў здзівіліся, убачыўшы працоўную кніжку маладога чалавека. Там было столькі запісаў! Сяргей жа зарабляў на аўтамабіль.
Сімпатычная ўсмешка на твары хлопца не азначае лібералізму ў жыцці. Сяргей — упарты, асабліва калі справа датычыць пастаўленай мэты. Інакш бы не было ў яго ні ўласнага аўтамабіля, ні вышэйшай адукацыі. Зноў жа, хто куды едзе ўлетку з яго сяброў, а ён — на сесію. Толькі што і бачыў — падручнікі і канспекты. Праўда, сёе-тое паспеў запрыкмеціць і акрамя кніг. Здагадайцеся, пра што я, дакладней, пра каго.
Пра што і пра каго яшчэ можа марыць хлопец у дваццаць пяць гадоў?.. Вось так і з’явілася ў яго жыцці самая галоўная, самая запаветная мара — дзяўчына, якую завуць Палінай. І ўжо недалёкі той час, калі яны створаць сям’ю і паедуць у рамантычнае падарожжа ў цёплыя краіны. О, юнацтва, якое ж ты прыгожае ў сваіх рамантычных марах!
А пакуль — штодзённыя клопаты дарожнага энергетыка: кантроль уліку прыбораў электраэнергіі, сістэмы ацяплення і г.д. Без штодзённых будняў не было б высокага і рамантычнага. І калі б за працоўнымі буднямі не была бачная светлая мара пра будучае рамантычнае падарожжа, жыццё было б чорна-белым. Ды немагчыма жыць без светлых памкненняў, асабліва калі табе ўсяго толькі дваццаць пяць — час, калі збываюцца мары.
Уладзімір МІХНО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>