Молодые специалисты Лепельщины знают свое дело

img_0360Магчыма, не кожнаму будзе зразумела, што значыць знайсці сябе. Таму хочацца заўважыць, што малады спецыяліст, які прыйшоў на прадпрыемства ці ў арганізацыю, — гэта не той чалавек, ад якога, вобразна кажучы, трэба адразу чакаць высокіх вытворчых вынікаў. Вядома, усім кіраўнікам хацелася б, каб людзі, што толькі прыйшлі са студэнцкіх аўдыторый, адразу ўключыліся ў працоўны працэс і з поўнай аддачай прыносілі карысць. Аднак так бывае не заўсёды. У пераважнай большасці маладым людзям, учарашнім студэнтам, шмат чаму прадстаіць навучыцца, і тое, якімі яны будуць у далейшым, у многім залежыць ад іх працоўных настаўнікаў.
У філіяле “Лепельскае ДРБУ-202” КУП “Віцебскаблдарбуд” сёлета пачалі свой шлях у прафесіі двое маладых спецыялістаў. Адказныя пасады занялі двое дзяўчат: Алена Смажэўская — інспектара па кадрах, а Вераніка Варошка — інжынера планава-вытворчага сектара.
Найперш раскажам пра іх саміх. Біяграфіі ў дзяўчат пакуль што кароткія і нават чымсьці падобныя. Абедзве нарадзіліся на Лепельшчыне. Алена, скончыўшы сярэднюю школу №3, вучылася ў Полацкім эканамічным каледжы па паскоранай праграме, бо за два гады закончыла тры курсы. Вытворчую практыку яна праходзіла некалькі разоў. Першы раз практыка працягвалася на працягу месяца ў Лепельскім аграрна-тэхнічным каледжы пад кіраўніцтвам інспектара па кадрах, а другі раз — на базе КУВСГП “Лепельскае”. Трэба адзначыць, што Алена атрымала спецыяльнасць юрыста на юрыдычным факультэце Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Атрымлівала жаданую спецыяльнасць і марыла працаваць у міліцыі. Аднак з цягам часу сваё рашэнне змяніла, так і апынулася ў дарожна-будаўнічай арганізацыі на пасадзе, якая не зусім датычыць яе профілю. Зразумела, што дзяўчыне пакуль няпроста ўвайсці ў курс справы. Аднак, будзем спадзявацца, што на прадпрыемстве знойдуцца людзі, якія і зразумеюць, і дапамогуць, а разам з гэтым прыйдзе і ўпэўненасць. Прынамсі, сама Алена кажа, што яе настаўніцай у прафесіі стала Вера Алегаўна, інжынер па ахове працы.
Крыху іншая сітуацыя ў Веранікі. Калісьці яе сям’я жыла на Лепельшчыне, але затым бацькі пераехалі ў Слуцкі раён. Тым не менш, дзяўчыну ўвесь час цягнула на радзіму. Чаму? Адкажу пазней. Вераніка скончыла Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт па спецыяльнасці “Прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва”. Тры разы праходзіла практыку. Першая была геадэзічная, а другая — геалагічная. Трэцяя ж, пераддыпломная, адбылася на базе філіяла “Лепельскае ДРБУ №202” КУП “Віцебскаблдарбуд”. З захапленнем дзяўчына прыгадвае гады сваёй вучобы. Было цікава. На пятым курсе ўвосень прынялі ўдзел у алімпіядзе па сваёй спецыяльнасці ў Брэсце. На першым этапе сярод шасці каманд былі трэція, а на другім, камп’ютарным, і ўвогуле перамаглі. Наведалі Брэсцкую крэпасць і Белавежскую пушчу, дзе пабачылі зуброў.
Вераніка вельмі любіць падарожнічаць, ды толькі пакуль не выпадае. Нават вясельнае падарожжа вырашылі пакуль адкласці… Вось тут я і раскрыю сакрэт, чаму дзяўчыну ўвесь час клікала радзіма. Таму, што ў Даліках, дзе жыве зараз цётка дзяўчыны, Вераніка знайшла сваё шчасце. З Аляксандрам Юшко былі знаёмыя даўно, яшчэ са школы. Хлопец працуе механізатарам у мясцовай гаспадарцы. У апошні час з будучым мужам Аляксандрам пераехалі ў Лепель, здымаюць кватэру. Ён дабіраецца на працу ў Далікі, затое праца ў механізатара, асабліва летам, калі на камбайне, даволі прыбытковая. Ёй жа, Вераніцы, нашмат прасцей, бо праца побач. Вырашылі, нарэшце, пажаніцца, і калі гэта нататка будзе надрукавана, маладых ужо можна будзе віншаваць.
Вяселле вырашылі згуляць сціпла, у цесным сямейным коле. З вясельным падарожжам таксама пачакаюць, затое ў іх ужо ёсць мэбля ў кватэры і аўтамабіль “Опель-Амега В”, на якім Аляксандр і дабіраецца на працу. Разумна і рацыянальна.
На працы Вераніку характарызуюць вельмі добра. Дзяўчына вясёлая, гаваркая. Здавалася б, няпростыя ў спецыяліста абавязкі — скласці калькуляцыі, зрабіць разлік працэнтовак… Аднак Вераніка хутка ўвайшла ў курс справы, стараецца — і ў яе атрымліваецца.
Чым жа займаюцца дзяўчаты ў вольны час? Якое ў іх хобі?
Алена — дзяўчына павольная, задуменная, захапляецца музыкай і слухае яе ў вольны час. Калі дзяўчынцы было пяць год, займалася ва ўзорным тэатры танца “Капрыз” у педагога Вольгі Пятровай. Захапленні ў дзяўчыны даволі зменлівыя, як і характар.
Вераніцы ж падабаецца… рабіць манікюр. Вы скажаце, што гэта падабаецца рабіць многім дзяўчатам? Справа ў тым, што Вераніка робіць манікюр не толькі сабе, а і сяброўкам, знаёмым, сваякам… А яшчэ яна з задавальненнем запякае ў духоўцы мяса, гатуе клёцкі і дранікі для каханага. Раней займалася лёгкай атлетыкай.
Вось такія дзяўчаты, звычайныя прадстаўнікі сучаснай моладзі, пачалі свой шлях у якасці маладых спецыялістаў у буйной дарожна-будаўнічай арганізацыі нашага горада. Спадзяюся, ім удасца пабудаваць сваё шчасце і знайсці сябе ў жыцці.
Уладзімір МІХНО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>