Пусть дорога будет светлой

kacya-kalesnik-1Сябры не назаўсёды? Чаму? Напэўна, гэта не сябры, калі яны не назаўсёды. Разважаю так, рэагуючы на рэпліку сваёй суразмоўцы. І раптам адчуваю, што дыскутую з самім сабою, а для дыскусіі тут і ўвогуле няма ніякай падставы. Усё не вечнае, не вечныя і сябры. І ці не ты сам выклаў некалі на старонцы Укантакце пост пра тое, што сябры часам раствараюцца ў прасторы і часе?..

Мая суразмоўца — Кацярына Калеснік. Каця… Каценька… Светлая такая дзяўчына, калі зайшла ў пакой — нібы сонейка ўзышло. Захопленая і — даверлівая-даверлівая. На развітанне я пажадаю ёй ніколі не расчаравацца ў людзях, якім яна так верыць.
Тым часам размова з ёю прабегла хутка, нібы хвілінка. Аднак жа колькі шмат паспела за гэты час распавесці мне гэтая чароўная дзяўчынка, таварыская, з лёгкай, крыху рамантычнай манераю стасункаў і пераканаласцю, якой хочацца верыць.
Кацярына вучыцца ў сярэдняй школе №3. Яна яшчэ толькі ў дзясятым класе. Ой, як жа шмат яшчэ наперадзе часу для жыццёвага выбару! Як шмат цікавага яна паспее даведацца! А што паспее, я ў гэтым ніколькі не сумняваюся, бо дзяўчынка проста прагне спасцігнуць як мага болей новага і пачарпнуць як найглыбей. Можа, гэта і ёсць яе хобі?
— Ты выдатніца? — пытаюся ў Кацярыны.
— Не выдатніца, — папраўляе мяне дзяўчына, — а ўсяго толькі “харашыстка” на працягу пяці гадоў.
Вось скажу, напрыклад, што ёй падабаецца алгебра. Ну, дапусцім, дакладныя навукі падабаюцца шмат каму. А вось як дзяўчына аргументуе свае пачуцці да алгебры:
— Чысценькі, прыгожанькі ікс ва ўраўненні. Яго трэба абавязкова знайсці ў канцы. Ураўненне ж вялікае. Розныя формулы трэба прымяніць. І калі ты, нарэшце, яго адольваеш, столькі задавальнення!
Па-першае, мне, сапраўднаму гуманітарыю, ніколі не зразумець таго задавальнення ад пошукаў ікса. А, па-другое, хто яшчэ, калі не гуманітарый, здольны вось так прыгожа сфармуляваць свае пачуцці да алгебры?
— Ты любіш пісаць сачыненні?
— Вельмі. Я палюбіла пісаць іх у восьмым класе, калі Ірына Эдуардаўна Сакалова, настаўніца рускай мовы і літаратуры, ацаніла мае здольнасці, і гэта мяне акрыліла.
Ірына Сакалова — любімая настаўніца Кацярыны.
А яе любімая пісьменніца — англічанка Эмілі Бронтэ.
— Ты любіш Англію?
— Толькі іх пісьменнікаў. А падабаецца мне… Карэя.
Ну, і ўмееш жа ты, Кацярына, здзіўляць! Якакя нечаканая логіка!
— Дазволь жа запытацца, якая Карэя табе падабаецца?
— Ды, бадай, абедзве яны па-свойму цікавыя. І мова іх, і звычаі, і традыцыі народа.
— Ты хацела б вывучыць карэйскую мову?
— Вядома, але яна надзвычай цяжкая. Там, як і ў кітайскай, шмат іерогліфаў. Японская — прасцей.
Чаму ж такія далёкія захапленні дзяўчыны?..
— Ты цікавішся чымсьці бліжэйшым, напрыклад, роднай, рускай літаратурай?
— Чытаю ў межах школьнай праграмы. Чаму ж, вось зараз, напрыклад, праходзім “Хто смяецца апошнім” Кандрата Крапівы. Дастаткова цікавы твор. З рускай падабаецца “Яўген Анегін”. Якой жа дзяўчынцы будзе не цікавая гісторыя кахання? У вобразе Таццяны я пазнала аднаго чалавека…
— Не сябе самую часам?
— Не, — усміхаецца. — Я яшчэ пакуль не закахалася.
— А дзе прайшло лета?
— У вёсцы Валосавічы, там наша дача.
— “В глуши, в деревне, все вам скучно”?
— Не было калі сумаваць. Дапамагала бабулі. Бабуля наша — захопленая падарожніца, у часы СССР яна шмат дзе пабывала.
— А ты падарожнічаеш?
— Люблю. Яшчэ маленькай была ва Украіне, адпачывала ў Геленджыку. Пасля наша сям’я пабывала ў Санкт-Пецярбурзе. Былі на адкрыцці фантана. Рамантыка, белыя ночы…
— Чым захапляешся, апрача вучобы?
— Былі розныя захапленні: займалася бісерапляценнем, удзельнічала ў клубе “Ра”, два гады займалася чарлідзінгам, у экастудыі. Зараз стала ўдзельніцай турыстычнага гуртка.
Кацярына яшчэ не выбрала сваю жыццёвую дарогу. Кажа, што ёсць два варыянты: вучыцца на эканаміста або падацца ў лінгвістычны ўніверсітэт. Думаю, другі варыянт усё ж пераважыць, бо гэта дзяўчыне бліжэй. Пакуль жа хочацца пажадаць табе, Кацюша, каб людзі цябе не расчаравалі і сябры ніколі не пакінулі. Бо не ўсе з іх раствараюцца ў часе, лепшыя — застаюцца.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>