Першы тысячнік

 Паведамленне пра экіпаж, які намалоціць першую тысячу тон збожжа ў раёне, чакалі з дня на дзень. Камбайнеры старанна, рупліва, стараючыся не знізіць тэмпаў, зжыналі ўсё новыя і новыя гектары, высыпалі ў кузавы аўтамашын новыя і новыя тоны збожжа.

 Неўзабаве доўгачаканая вестка прыляцела: ёсць першы тысячнік! Як і меркавалі ў апошнія дні, ім стаў экіпаж камбайна КЗС-1218 “Палессе” ў скла­дзе

Пятра Духовіча і Артура Ляйко з СВФ “Заазер’е”. У гаспадарку выправілася прадстаўнічая дэлегацыя на чале са старшынёй райвыканкама Пятром Шыкшнянам.

 Першымі выступілі артысты з раённага арганізацыйна-метадычнага цэнтра, звонкія беларускія песні паліліся над жытнёвай нівай. Потым гвардзейцаў жніва павіншавалі Пётр Шыкшнян, першы намеснік старшыні райвыканкама Барыс Яфрэмаў, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Сяргей Марці­новіч, дырэктар Лепельскага МКК Аляксандр Міхайлоўскі, дырэктар СВФ “Заазер’е” Аляксандр Быкаў.

 Камбайнерам уручылі прэміі, а таксама каштоўныя падарункі. Пётр атрымаў дакументы на новую пральную машыну-аўтамат і вялікі фірмовы набор ключоў, а Артур — на мікрахвалевую печку і набор ключоў крыху меншы.

 Пасля ўрачыстай цырымоніі крыху пагутарылі з перадавікамі. Пётр Духовіч працуе на камбайнах ужо мо сямнаццаты сезон, летась таксама намалаціў тысячу тон збожжа.

 Артур Ляйко на камбайне — толькі чацвёрты год.

 Экіпаж водзіць па хлебнай ніве КЗС-1218. Характарызуюць яго толькі з самага лепшага боку. Расказвае Пётр:

 — Працуе камбайн чацвёрты сезон. Перад уборачнай далі яму грунтоўнае абслугоўванне: ператрэслі ўсе транспарцёры, перачысцілі барабаны, нанава выставілі тэхнала­гічныя зазоры. Словам, аддалі час спачатку, затое цяпер не маем праблем. Рухавік стаіць ра­сійскай вытворчасці ЯМЗ-238. Многія камбайнеры імкнуцца працаваць на машынах з амерыканскім рухавіком Detroit diesel, аднак ён мне не надта падабаецца, занадта патрабавальны да ўмоў эксплуатацыі. Магутнасць жа амаль аднолькавая. Так што тэхніка ў нас добрая, працаваць можна.

 Пра ўборку збожжавых у “Заазер’і” гутарку прадоўжылі з галоўным аграномам гаспадаркі Аляксандрам Судаком:

 — Убрана больш за палову збожжавых, намалочана звыш чатырох тысяч тон. Ураджайнасць — каля 36 — 37 цэнтнераў з гектара. Найбольш урадзі­ла азімая пшаніца, на круг дала 42,4 ц/га, асобныя палі — да 60! Не падвяло і азімае трыці­кале, сярэдняя ўраджайнасць — 39,4 — 39,9 ц/га.

 — Наколькі выгадна вытворчасць збожжа?

 — Я не эканаміст, аднак, наколькі ведаю, рэнтабельнасць зерневых культур пачынаецца з ураджайнасці 30 цэнтнераў з гектара.

 Між тым час на цырымоніі выйшаў, настала пара далейшай плённай працы. Камбайнерам пажадалі хутчэйшага дасягнення рубяжоў у паўтары і дзве тысячы тон збожжа.

Васіль МАТЫРКА.

 На здымку: Пётр Шыкшнян віншуе Пятра Духовіча і Артура Ляйко.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>