Песня продолжает жизнь

sasha-mixno-2…Па зале разлятаюцца гукі папулярнай народнай песні, а выканаўцы захапляюць сваім артыстызмам і вакальным майстэрствам. Гледачы спяваюць разам з артыстамі, падтрымліваюць удалае выступленне бадзёрымі апладысментамі. На сцэне — удзельнікі вакальнай групы «Вяселіца» Поўсвіжскага сельскага Дома культуры. Яркія выступленні сельскіх вакалістаў становяцца сапраўдным упрыгажэннем многіх мерапрыемстваў, якія праводзяцца ў нашым раёне. Не аднойчы вакальная група «Вяселіца» была лаўрэатам шматлікіх абласных і рэспубліканскіх творчых конкурсаў і фестываляў. Спевы «Вяселіцы» палюбіліся гледачам, таму што ў рэпертуар групы ўваходзяць добра вядомыя песні, якія не страчваюць сваёй папулярнасці на працягу многіх год. «Цячэ вада ў ярок…», «Чарка на пасашок», «Вечарынка», “Ой, там на гары…” Гэтыя песні спяваюць многія пакаленні. Сёлета ж вакальная група «Вяселіца» адзначае свой трыццацігадовы юбілей. Нязменным кіраўніком гурта на працягу трох дзясяткаў год з’яўляецца цудоўны спявак і музыкант Аляксандр Міхно.
— Аляксандр Пятровіч, трыццаць год — даволі значны этап творчай дзейнасці. За гэты час «Вяселіца» пабывала практычна ў кожным кутку раёна, парадавала сваімі выступленнямі тысячы аматараў народных песень. Аднак як жа ўсё пачыналася?
— Усё пачалося ў 1989 годзе. Я скончыў Віцебскае культурна-асветніцкае вучылішча (зараз Віцебскі каледж культуры і мастацтваў), адслужыў у арміі — і прыйшоў працаваць у Поўсвіжскі сельскі Дом культуры. Паколькі я сам родам з Поўсвіжа, добра ведаў, што сярод мясцовага насельніцтва ёсць шмат здольных самадзейных выканаўцаў, якія жадаюць спяваць у калектыве. Так у мяне ўзнікла ідэя стварэння вакальнай групы. А паколькі практычна ўсе яе ўдзельніцы — жанчыны, якія дораць гледачам зарад выдатнага настрою, сама сабой узнікла назва групы — «Вяселіца». Яе першымі спявачкамі сталі Людміла Сільвановіч, загадчыца Поўсвіжскай сельскай бібліятэкі, і Надзея Мацкевіч, самадзейная артыстка.
У 1991 годзе, калі я стаў студэнтам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў па спецыяльнасці «Харавое дырыжыраванне», даведаўся яшчэ шмат новых беларускіх песень, прапанаваў выконваць іх і ўдзельніцам «Вяселіцы». Так рэпертуар групы папоўніўся новымі творамі. Сярод іх як вясёлыя, задорныя песні, так і лірычныя. Усе яны адразу палюбіліся гледачам.
vyaselicaПаступова наш творчы калектыў павялічваўся. Да вакальнай суполкі далучыліся Лідзія Ганчар, дырэктар Поўсвіжскага сельскага Дома культуры, Таццяна Кажан, выхавальніца мясцовага дзіцячага сада, Людміла Пузанава, вартаўнік гэтай жа ўстановы, Ірына Скібская, бухгалтар КУВСГП «Лепельскае», Наталля Тухта, медсястра Поўсвіжскага фельчарска-акушэрскага пункта, Надзея Шарлаева, настаўніца пачатковых класаў Поўсвіжскай базавай школы. Зараз спявае ў групе і маладая самадзейная артыстка Таццяна Стрыжонак, намеснік дырэктар раённага Дома культуры.
— Вядома, што «Вяселіца» была пастаяннай удзельніцай многіх абласных і рэспубліканскіх фестываляў…
— Так. У 2010 годзе мы паспяхова выступілі на абласным конкурсе «Іграй, гармонік!» у вёсцы Гомель Полацкага раёна і сталі лаўрэатамі III ступені. У 2013 годзе наведалі Мелякескі раён Ульянаўскай вобласці Расіі, дзе прадставілі Лепельшчыну. На працягу пяці дзён выступалі на розных сцэнічных пляцоўках. Папулярныя беларускія песні знайшлі станоўчыя водгукі ў сэрцах нашых расійскіх сяброў. З сабой мы прывезлі шмат прыемных уражанняў і Падзяку ад кіраўніцтва раёна-пабраціма. У 2017 годзе сталі дыпламантамі міжнароднага фестывалю дзвюх рэк, які праходзіў у г. Докшыцы.
Мы пастаянна пашыраем свой творчы рэпертуар, выступаем на многіх гарадскіх святах.
Трэба адзначыць, што калектыў вакальнай групы «Вяселіца» жыве адной вялікай дружнай сям’ёй. Збіраючыся на рэпетыцыях, жанчыны перш за ўсё жадаюць пагаварыць па душы. Кожная з удзельніц вакальнай групы — творчая і неардынарная асоба. Напрыклад, Лідзія Ганчар не толькі выдатна спявае, а і можа стварыць арыгінальны сцэнарый да мерапрыемства, піша цудоўныя вершы. Яна — выдатная артыстка, з’яўляецца заснавальнікам і натхняльнікам народнага тэатра мініяцюр «Кактус-какТуз» Поўсвіжскага СДК. Лідзія Іванаўна актыўна дзеліцца з намі сваімі новымі ідэямі і зараджае ўсіх творчай энергіяй. І хоць не ўсе прафесіі ўдзельніц «Вяселіцы» звязаны з творчасцю, усе яны не развітваюцца са сцэнай на працягу жыцця. Пакідаючы ўласныя справы, знаходзяць час, каб прыйсці на рэпетыцыю, актыўна ўдзельнічаюць у шматлікіх культурных мерапрыемствах. Усе разам мы спяваем на падвор’і Лепельскага сельсавета падчас святкавання Дня горада Лепеля, выступаем з гумарыстычнымі мініяцюрамі на сцэне Лепельскага раённага Дома культуры першага красавіка, у Дзень смеху. Выступаем з канцэртамі да розных святаў для жыхароў аграгарадка Поўсвіж. Вось і сёлета, з нагоды святкавання 30-годдзя вакальнай групы «Вяселіца» мы рыхтуем для жыхароў раёна чарговы творчы сюрпрыз.
— Аляксандр Пятровіч, вядома, што сцэна, песня — гэта неад’емная частка вашага жыцця…
— Гэта сапраўды так. Лічу, што менавіта песня ўпрыгожвае і працягвае жыццё. Спяваю з самага дзяцінства. Памятаю сваё першае адказнае выступленне на вялікай сцэне. Я прадстаўляў Лепельскі раён у абласным конкурсе «Юныя таленты» ў г. Віцебску. Успамінаю, з якім хваляваннем выконваў песню «Если с другом вышел в путь…». Выступіў удала і стаў дыпламантам конкурсу. Пастаянна ўдзельнічаў у многіх раённых мерапрыемствах. Разам з гэтым вучыўся іграць на баяне ў Лепельскай дзіцячай школе мастацтваў у таленавітага музыканта Анатоля Раманоўскага.
Цікавы той факт, што Аляксандр Міхно разам з заканчэннем васьмі класаў Поўсвіжскай базавай школы паспеў скончыць толькі чатыры класы дзіцячай школы мастацтваў замест пяці і адразу паступіў у Віцебскае культурна-асветніцкае вучылішча. Навыкі ігры на баяне ўдасканаліў у выкладчыка вучылішча, цудоўнага музыканта Мікалая Краснагіра. Па размеркаванні прыехаў працаваць у родны Поўсвіж мастацкім кіраўніком мясцовага сельскага Дома культуры. З 1991 па 1998 гады кіраваў ансамблем жартоўнай песні «Грымзолі» раённага Дома культуры. Спевы ўдзельнікаў ансамбля добра вядомыя практычна кожнаму жыхару раёна. «Грымзолі» ўдала выступалі не толькі на ўзроўні вобласці, рэспублікі, а і за мяжой. Сталі дыпламантамі, лаўрэатамі многіх прэстыжных творчых конкурсаў.
— З 1998 года я працаваў у галіне адукацыі — выкладаў сусветную мастацкую культуру і музыку ў Поўсвіжскай сярэдняй школе, а затым, скончыўшы Акадэмію паслядыпломнай адукацыі ў Мінску па спецыяльнасці «Менеджмент у галіне адукацыі», у 2006 годзе быў прызначаны дырэктарам Поўсвіжскай сярэдняй школы-сада. Некаторы час працаваў намеснікам начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. Аднак увесь час для мяне была блізкай творчасць. Таму вырашыў перайсці на працу ў Лепельскую дзіцячую школу мастацтваў выкладчыкам па класе баяна. Працую тут і зараз. З задавальненнем спяваю на сцэне. Разам з калегамі-творцамі Віталем Хватынцом, Віктарам Джамілашвілі і Аляксандрам Астроўскім мы стварылі вакальны мужчынскі гурт «Рэтра-мікс». Папулярныя песні 70-х — 80-х гадоў, якія выконваем у час правядзення многіх святаў, заўсёды цёпла ўспрымаюць гледачы. Да таго ж з’яўляюся артыстам народнага тэатра «Пошук» Лепельскага раённага Дома культуры. Сёлета разам з рэжысёрам Віктарам Джамілашвілі працуем над пастаноўкай камедыі «Дванаццатая ноч» Уільяма Шэкспіра.
— Вядома, што асаблівае месца ў вашым жыцці займае сям’я…
— Так, з боку сваіх родных заўсёды адчуваю цёплую падтрымку ў час падрыхтоўкі да выступленняў. Разам з жонкай Таццянай ідзём па жыцці вось ужо 26 год. Таццяна працуе настаўніцай беларускай мовы і літаратуры ў гімназіі імя І. Ерашова. Старэйшы сын Павел скончыў гістарычны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны, затым — магістратуру пры ўніверсітэце, працаваў на Гомельскім чацвёртым тэлевізійным канале «Ранішні фрэш». Зараз Павел праходзіць службу ў арміі і збіраецца стварыць сваю сям’ю. Малодшы сын Ілья вучыцца ў восьмым класе гімназіі імя І. Ерашова.
Аляксандр Міхно расказвае мне пра свае далейшыя творчыя планы, а я не перастаю захапляцца яго жыццёвым аптымізмам, пачуццём гумару і прагнасцю да мастацтва. На нейкі момант узгадала, як у свой час работнікі рэдакцыі раённай газеты “Лепельскі край” разам з Аляксандрам Міхно прынялі ўдзел у медыяфоруме, які праводзіўся падчас святкавання абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2014” у г. Гарадку. Мы гасцінна запрашалі да свайго падвор’я шматлікіх наведвальнікаў, частавалі іх духмянымі пірагамі з кавай, гарбатай і прапаноўвалі разам праспяваць добра вядомыя песні. Ля нашай святочнай пляцоўкі сабралася шмат гасцей, таму што разам з намі быў выдатны баяніст і выканаўца Аляксандр Міхно. Вакол не сціхалі жарты, смех, і кожны з нас атрымаў у час медыяфоруму шмат станоўчых эмоцый.
Дарыць людзям радасць, выдатны настрой са сцэны стала для Аляксандра Міхно і яго калег-творцаў жыццёвым прызваннем. Ад усёй душы віншуем артыстаў з Днём работнікаў культуры і ад душы жадаем, каб іх ніколі не пакідалі моцнае здароўе, бадзёрасць і аптымізм, а любімая работа прыносіла толькі радасць і задавальненне!
Святлана ВАЗНЯК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>