Боевое мастерство

s-9— Вось і завяршыліся Міжнародныя армейскія гульні 2019 года. Некалькі сумна, але грэюць душу прыемныя ўспаміны, новыя знаёмствы і ўзнагароды, — расказвае гвардыі радавы Кірыл Фурс.
Усеармейскія гульні з кожным годам набіраюць папулярнасць, і гэта зразумела — прадастаўляецца выдатная магчымасць паспрабаваць сваё прафесійнае майстэрства і абмяняцца вопытам з калегамі з іншых краін. Міжнародныя армейскія гульні — гэта як алімпійскія для спартсменаў, толькі нашмат складанейшыя. Патрабуюцца не проста выдатная фізічная падрыхтоўка і зладжанасць каманды, а і бездакорная гатоўнасць тэхнікі. Калі ж справа датычыць інжынернай тэхнікі, такой разнастайнасці можа пазайздросціць любы род войскаў. Спаборніцтвы інжынерна-сапёрных падраздзяленняў праходзілі ў Расійскай Федэрацыі ў горадзе Цюмень, на палігоне у ТВВІКУ імя маршала інжынерных войскаў Аляксея Прашлякова і прынеслі ваеннаслужачым вайсковай часці 71327 срэбраную ўзнагароду. Нашы землякі — гвардыі радавы Кірыл Фурс, гвардыі сяржант Аляксандр Сцяпанаў, гвардыі старшына кантрактнай службы Сяргей Шупеня і гвардыі маёр Віктар Варачкоў прымалі ўдзел у двух этапах спаборніцтваў: “Інжынерная формула” і “Бяспечны маршрут”.
У конкурсе “Інжынерная формула” ўдзельнічалі ваеннаслужачыя шасці краін: Расіі, Беларусі, Кітая, Лаоса, Манголіі і Пакістана. Усе ўдзельнікі выступалі на расійскай інжынернай тэхніцы.
— Складаней за ўсіх было лаосцам і кітайцам, — дзеліцца ўражаннямі Сяргей Шупеня. — Яны не проста ўдзельнічалі ў спаборніцтвах, а ў пачатку падрабязна вывучалі новую для іх тэхніку.
У спаборніцтве “Інжынерная формула” ўпершыню былі задзейнічаны ўстаноўка размініравання УР-77 “Змей Гарыныч” і гусенічны мінны загараджальнік ГМЗ-3. Экіпажы машын павінны былі пераадолець 26 перашкод на максімальна вялікай хуткасці. Самым складанымі з перашкод сталі “Роў”, “Калейны мост”, “Эскарп”, “Брод” і “Праходжанне па мінным полі”. Агульная даўжыня трасы — дзве тысячы 200 метраў. Гвардыі маёр Віктар Варачкоў прызнаўся, што перамога для каманды была чаканай, таму што маладыя інжынеры прыехалі ў рэгіён загадзя, добра вывучылі трасу і падрыхтаваліся.
Не менш запамінальным стаў і конкурс “Бяспечны маршрут”. Пры дапамозе цяжкага механізаванага моста ваеннаслужачыя перакрывалі перашкоду даўжынёй 40 метраў, пераадольвалі брод і размініравалі мясцовасць. Сёлета ж арганізатары гульняў ускладнілі задачу для экіпажаў машын разгароджвання, і канкурсантам неабходна было не проста расчысціць тэрыторыю ад нарыхтаванага загадзя бярвення, а і паказаць ювелірнае майстэрства валодання баявой тэхнікай. Любая замінка або закрануты сцяжок станавіліся штрафным балам.
— Усе дзеянні былі максімальна набліжаны да баявых, змагацца з хваляваннем у час конкурсу дапамагала воля да перамогі, — расказвае гвардыі сяржант Аляксандр Сцяпанаў.
Трэба адзначыць таксама выдатную фізічную загартоўку і баявое майстэрства гвардыі старшыны кантрактнай службы Сяргея Шупені, які прымаў удзел у Міжнародных армейскіх гульнях ужо ў чацвёрты раз, а ў 2016 годзе быў трэнерам каманды, якая была прызнана лепшым разлікам.
Акрамя асноўных спаборніцтваў, нашы ваеннаслужачыя прынялі актыўны ўдзел і ў іншых спартыўных мерапрыемствах. Вынік быў дастойны: першае месца па перацягванні каната, другія месцы па настольным тэнісе і гіравым спорце, а таксама трэцяе месца па валейболе. Пастараліся арганізатары мерапрыемстваў і для гледачоў: былі арганізаваны трыбуны, усе этапы спаборніцтваў трансліраваліся на трох вялікіх відэаэкранах. Таксама былі арганізаваны спецыяльныя пляцоўкі, на якіх будучыя абаронцы Радзімы змаглі адчуць сябе ваеннымі інжынерамі, вывучыць баявую тэхніку і нават паспрабаваць размініраваць снарад.
— У першую чаргу інжынерна-сапёрнае падраздзяленне — гэта мірнае падраздзяленне, якое можа выканаць любыя задачы нават мірнага часу: аказаць дапамогу ў надзвычайных сітуацыях на вадзе і сушы, — падкрэсліў камандзір вайсковай часці 71327 гвардыі палкоўнік Дзмітрый Бітны.
Добры вынік — гэта паказчык пастаяннай работы і ўдасканалення сябе як спецыяліста. Нашы ваеннаслужачыя даказалі гэта на Арміі-2019!
Таццяна МІШУТКІНА,
афіцэр па культурна-дасугавай рабоце
— начальнік клуба
гвардыі старшы лейтэнант.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>