«Педагогический Оскар»

dsc_0364Дзень настаўніка — гэта асаблівае свята. Яно прысвечана людзям адной прафесіі,
а звязана з усім чалавецтвам, бо жыццё кожнага чалавека звязана са школай, а многія вучацца на працягу ўсяго жыцця. У гэты дзень мы спяшаемся аддаць даніну павагі тым
педагогам, якія ўклалі ў нас часцінку свайго сэрца, і жадаем павіншаваць тых, хто сёння вучыць нашых дзяцей. Педагогі застаюцца вернымі свайму абавязку — перадаваць веды
і вопыт, фарміраваць маральныя і духоўныя каштоўнасці дзяцей.

dsc_0405Напярэдадні Дня настаўніка адбылося ўшанаванне лепшых педагогаў раёна.
У зале раённага Дома культуры сабраліся настаўнікі, ветэраны педагагічнай працы і ўсе, хто мае дачыненне да галіны адукацыі. Урачыстае мерапрыемства праходзіла ў фармаце сямейнага свята. Ветэранам, як шаноўным гасцям мерапрыемства, былі прапанаваны першыя месцы ў зале.
…Пачынаецца цырымонія віншавання і ўзнагароджання “Педагагічны Оскар”. І хоць Оскар не сапраўдны, затое па-сапраўднаму мы шануем сваіх педагогаў. Для адкрыцця цырымоніі на сцэну быў запрошаны начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Анатоль Карпіцкі:
— Па цудоўнай традыцыі ў пачатку кастрычніка мы са словамі падзякі і любові звяртаемся да людзей, якія абралі высакародную прафесію педагога.
dsc_0431У кожнага з нас у жыцці ёсць свой Настаўнік — той, хто мудрасцю, душэўнай шчодрасцю, глыбокімі ведамі дапамог спазнаць унутраны свет, зрабіў яго больш багатым і навучыў ствараць будучыню…
Анатоль Міхайлавіч падзякаваў усім работнікам галіны адукацыі за складаную, але вельмі важную працу, уклад у выхаванне дзяцей. Пажадаў вялікіх дасягненняў у прафесійнай дзейнасці, шчасця, здароўя і ўсяго самага найлепшага. Асаблівыя словы ўдзячнасці Анатоль Карпіцкі выказаў прадстаўнікам мясцовай улады, асабліва старшыні Міхаілу Кісялевічу і намесніку старшыні Віктару Азаронку за вялікую падтрымку ва ўсіх пачынаннях і ўзаемаразуменне.
Цудоўным падарункам для гледачоў стала песня “Куточак Беларусі”, якую выканала Ірына Купрыш. Музычны твор прасякнуты любоўю да роднага краю, і на нейкі момант падалося, што знаходзішся дзесьці на прыродзе, у маляўнічым месцы Лепельшчыны.
Цёплыя словы былі выказаны ў адрас прафесіяналаў. Першымі ў намінацыі “Жыццёвая мудрасць” прынялі віншаванні ветэраны працы. Менавіта яны з’яўляюцца аберагальнікамі дзіцячых сэрцаў, чараўнікамі краіны ведаў і магістрамі чалавечай мудрасці. Для іх Аліна Хацкевіч выканала песню “Маці-зямля”. На вачах педагогаў былі бачныя падзяка і задуменнасць. Напэўна, у такія моманты ўзгадваюцца хвіліны працы з дзецьмі і былыя калегі. Таксама на памяць ветэранам педагагічнай працы былі ўручаны сувеніры.
А вось для ўручэння ўзнагарод у намінацыі “Гордасць раёна” на сцэну быў запрошаны старшыня райвыканкама Міхаіл Кісялевіч.
dsc_0334Міхаіл Леанідавіч павіншаваў педагогаў раёна з прафесійным святам і пажадаў усім творчага пошуку, таленавітых вучняў і высокіх вынікаў у працы. Адзначыў, што сістэма адукацыі раёна ў поўнай меры выконвае функцыю навучання і выхавання падрастаючага пакалення. За поспехамі дзяцей заўсёды стаіць праца педагогаў, таму прафесія «настаўнік» застаецца адной з самых паважаных у грамадстве.
Старшыня райвыканкама выказаў шчырую падзяку ўсім, хто ўносіць свой уклад у развіццё адукацыі: настаўнікам і выхавальнікам, кіраўнікам педагагічных калектываў і работнікам аддзела па адукацыі, чый прафесіяналізм, любоў да сваёй справы, самаадданая карпатлівая праца і вернасць абранай прафесіі дапамагаюць дасягнуць значных вынікаў.
Міхаіл Леанідавіч уручыў Ганаровыя граматы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, а таксама Лепельскага райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў людзям, ад чыёй працы залежыць будучыня краіны, бо цяперашнія вучні праз некалькі гадоў будуць вырашаць лёс роднага краю.
У якасці віншавання для педагогаў прагучала песня “Тры жаданні” ў выкананні Паліны Мурашкі.
Для ўручэння ўзнагарод у намінацыі “За мудрасць і дабрыню” на сцэну быў запрошаны намеснік старшыні райвыканкама Віктар Азаронак. Для гэтага чалавека галіна адукацыі вельмі блізкая. Цёплыя, душэўныя віншаванні і словы падзякі Віктар Уладзіміравіч выказаў у адрас працаўнікоў педагагічнай сферы.
Работу настаўнікаў пераацаніць немагчыма, бо яны заўсёды нясуць вялікую адказнасць. Нашы педагогі дасягнулі значных поспехаў, сведчаннем чаму стала паступленне вучняў у прэстыжныя вышэйшыя навучальныя ўстановы.
Віктар Уладзіміравіч уручыў Ганаровыя граматы галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта работнікам сістэмы адукацыі, а таксама павіншаваў Аляксандра Бруцкага-Сцямпкоўскага, дырэктара сярэдняй школы №3, з юбілейнай датай.
Педагогі прынялі ў гэты дзень віншаванні і ўзнагароды ў намінацыі “Прафсаюзная салідарнасць” ад старшыні раённай арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі Таццяны Краснік, а таксама ў намінацыях “Невычэрпнасць энергіі”, “За творчы пошук і рамантыку душы”, “За захопленасць і ўменне захапіць” — ад начальніка аддзела па адукацыі райвыканкама Анатоля Карпіцкага.
На працягу ўсяго мерапрыемства падзяка педагогам гучала і ў выглядзе выступленняў вучняў і выхаванцаў. Сваімі цікавымі кампазіцыямі дзеці ўразілі педагогаў, бо менавіта ім, паважаным у грамадстве людзям , былі прысвечаны музычныя і танцавальныя кампазіцыі. У канцэртнай праграме прынялі ўдзел педагогі і навучэнцы дзіцячай школы мастацтваў, выхаванцы раённага цэнтра дзяцей і моладзі, а таксама работнікі раённага Дома культуры.
З першай песні педагагічныя работнікі адчулі святочную атмасферу. Цудоўныя выступленні юных вакалістаў і танцораў, вядомых у раёне спевакоў узнялі настрой. Парадаваў сваім танцавальным нумарам калектыў Слабадской ясляў-сада — сярэдняй школы Лепельскага раёна “Амелі”. Лізавета Трубека выканала песню “Прафесія — настаўнік”. Зараду бадзёрасці і энергіі дадало выступленне цымбалісткі Ганны Шаркоўскай. Лепяльчане заўсёды з задавальненнем слухаюць кампазіцыі ў выкананні гэтай дзяўчыны. Цудоўны танцавальны нумар выканалі навучэнцы сярэдняй школы №1. Адразу бачна, што ў школе педагогі займаюцца не толькі адукацыйным працэсам. Вялікая ўвага надаецца выхаванню і занятасці ў вольны час. Дзеці з задавальненнем застаюцца ва ўстанове адукацыі пасля заняткаў, каб падрыхтаваць канцэртныя нумары. А вось папуры ў выкананні педагогаў дзіцячай школы мастацтваў нагадала педагогам час маладосці. Лірычны настрой падарыў гледачам квартэт выканаўцаў з сярэдняй школы №3.
Гучнымі апладысментамі настаўнікі падзякавалі артыстам за канцэрт у іх гонар. Шчасцем свяціліся твары педагогаў, бо самы лепшы для іх падарунак — таленавітыя і ўдзячныя вучні.
Наталля
ХРАПАВІЦКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>