Зеленый листик на упаковке


img_4036
У апошнія гады ў грамадстве шырока вядзецца дыскусія аб экалагічнасці прадуктаў харчавання, якія мы ўжываем штодня. Часам у тэлеперадачах і ў публікацыях у інтэрнэце накал эмоцый зашкальвае, прыхільнікі таго ці іншага пункту погляду прыводзяць усё новыя і новыя аргументы на сваю карысць. А якімі прынцыпамі пры набыцці харчавання кіруецца просты чалавек, звычайны лепельскі спажывец, які кожны дзень сядае за абедзены стол?

З нядаўняга часу ў інфармацыйнай прасторы сталі гучаць такія тэрміны, як “арганічная сельская гаспадарка”, “арганічныя прадукты харчавання”, “арганічнае фермерства”. Некаторае ўяўленне аб гэтых і звязаных з імі паняццях і з’явах павінен быў даць прэс-тур па гаспадарках, дзе вырошчваецца арганічная раслінная прадукцыя.

Ітак, слотная дажджлівая раніца, мы, калегі-журналісты загружаемся ў мікрааўтобус. Мерапрыемства сабрала людзей, якія глыбока ў тэме, вядуць у сваіх выданнях тэматычныя старонкі, некаторыя нават на дачных участках самі эксперыментуюць з вырошчваннем тых ці іншых культур.

* * *

Першым пунктам стала вёска Сошыца Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці, тут гаспадарыць Дзмітрый Лутаеў, які мае сертыфікат Еўрасаюза. Размова з ім доўжылася каля дзвюх гадзін, былі падняты шмат самых розных пытанняў, але ў асноўным у нас склалася больш-менш цэласнае ўражанне аб умовах і прынцыпах арганічнай сельскай гаспадаркі.

Імкненне вырошчваць толькі экалагічна чыстую прадукцыю – трэнд апошніх дзесяцігоддзяў ва ўсім свеце. Так, у нашых суседзяў, Польшчы, Літве ўжываецца тэрмін “экалагічная сельская гаспадарка”, у Францыі, Германіі – “біялагічная сельская гаспадарка”, у Беларусі, Украіне, усіх англамоўных краінах выкарыстоўваюцца тэрміны “арганічная сельская гаспадарка”, “арганічныя прадукты харчавання”, “арганічныя стандарты”, “арганічная вытворчасць” і іншыя. Заяўляецца, што арганічныя фермеры паважаюць прыродныя сістэмы і цыклы, клапоцяцца аб здароўі глебы, раслін і жывёл, захоўваюць біяразнастайнасць.

Шлях да таго, каб з поўным правам называцца арганічнай, гаспадарка пачынае з заяўкі на атрыманне сертыфіката. У Беларусі няма арганізацый ці структур, якія б выдавалі міжнародна прызнаныя сертыфікаты, таму Дзмітрый, напрыклад, звяртаўся ў латвійскую арганізацыю. Адтуль не радзей, як раз на год прыязджае спецыяліст, аглядае гаспадарку, бярэ пробы на аналізы, пасля чаго выдае заключэнне. Бывае, што правяраючы спецыяліст можа прыехаць і часцей, наладзіць незапланаваны візіт. Сертыфікат арганічнай гаспадаркі выдаецца не адразу, а толькі праз тры гады працы па арганічных стандартах. Лічыцца, што толькі пасля трохгадовага перыяду глеба цалкам ачысціцца ад рэшткаў мінеральных угнаенняў і хімпрэпаратаў, якія ўносіліся ў ранейшыя перыяды. Толькі тады вясковы гаспадар, фермер атрымлівае права маркіраваць сваю прадукцыю зялёным знакам, лагатыпам Еўрапейскага Саюза і прадаваць яе як арганічную. Дзмітрый за сертыфікацыю плаціць 200 еўра ў год і лічыць гэтую суму цалкам прымальнай для сябе. Аднак пры гэтым, калі правяраючыя інспектары выявяць сляды прымянення забароненых прэпаратаў, адразу на гаспадарку накладаюцца санкцыі: штраф у 500 еўра і трохгадовы пераходны перыяд адлічваецца па новай. А можа быць прыменены і падоўжаны пераходны перыяд.

* * *

Дзмітрый нарадзіўся і вырас у Віцебску. Скончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію па спецыяльнасці эканаміст, некалькі гадоў працаваў у Мінску у розных фірмах, займаўся ў тым ліку і продажам экалагічна чыстых прадуктаў харчавання. Да ідэі аб сваёй гаспадарцы прыходзіў паступова, для яе рэалізацыі нават на працягу васьмі месяцаў вучыўся ў шведскім сельскагаспадарчым універсітэце ў горадзе Упсала на базавым курсе па арганічнай сельскай гаспадарцы для кансультантаў.

У пэўны час, гадоў пяць таму, перад Дзмітрыем паўстала дылема: чарговы раз мяняць месца працы або паспрабаваць распачаць сваю справу, і ён вырашыў паспрабаваць. Прычым, хаця сам родам з Віцебска і некалькі гадоў пражыў у Мінску, усё ж для сваёй справы выбраў Бярозаўскі раён, паўночную ўскраіну беларускага Палесся.

Вёска Сошыца, як і многія іншыя падобныя населеныя пункты Беларусі, жыве крыху наводшыбе, насельніцтва яе патроху скрачаецца, бо моладзь выязджае, таму недахопу ў вольнай зямлі няма. Дзмітрыю выдзелены гектар калісьці закінутых вясковых агародаў ў пажыццёвае спадчыннае ўладанне для вядзення асабістай прысядзібнай гаспадаркі. Гаспадар адразу адзначае, што на яго ўчастку бедная глеба, пяскі, аднак адзін плюс у гэтым усё ж знаходзіць:

— Нават пасля праліўных і аблажных, на некалькі дзён, дажджоў за некалькі гадзін зямля абсыхае і можна выходзіць і працаваць на ёй, не загразнеш ні сам, ні якая іншая тэхніка.

У першы ж год Дзмітрый зямлю пераараў, падрыхтаваў да пасадак, для чаго наймаў аднавяскоўца з трактарам, а цяпер карыстаецца толькі мотаблокам і мотакультыватарам. З таго часу вядзе шматпольную сістэму, прычым як правіла на адным участку, на адной градзе адначасова растуць па некалькі культур: радыс можа суседнічаць з фасоляй, паміж сцябламі кукурузы падцягваюцца цыбуліны, а каля кустоў ажыны (ежевики) разлягліся кавуны. І паўсюль на ўчастку відаць сланечнікі.

— Гэтая расліна не для прыбытку, а для заваблівання сюды птушак, у першую чаргу сініц, — тлумачыць гаспадар, — бо сініцы першыя прыродныя ворагі шкодных насякомых.

На ўчастку не прымяняюцца мінеральныя ўгнаенні, гербіцыды і пестыцыды. Ёсць толькі пералік арганічных прэпаратаў для барацьбы супраць тых ці іншых захворванняў і шкоднікаў, да таго ж з даволі жорскімі рэгламентамі адносна іх прымянення. Ды што там казаць – нават перагною дазваляецца ўносіць не больш, як 20 тон на гектар у год. Дзмітрый распавядаў, што павышае ўрадлівасць глебы яшчэ і перагноем, атрыманым пасля перправання парэшткаў раслін, сабраных з участка. Для барацьбы супраць пустазелля ў арганічнай сельскай гападарцы дапускаюцца севазварот, механічная праполка і выкарыстанне сідэратаў.

На сваёй зямлі Дзмітрый вырошчвае больш за 30 відаў гародніны, па некалькі сартоў. Забяспечвае харчаваннем сваю сям’ю, аднак большая частка прадукцыі прадаецца праз уласную інтэрнэт-краму. Раз на тыдзень Дзмітрый вывозіць сваю прадукцыю ў Мінск, дастаўляе непасрэдна па кватэрах.

Дарэчы, акрамя земляробства, вясковы гаспадар займаецца яшчэ і птушкагадоўляй, у яго падрастаюць у розныя перыяды ад 50 да 100 куранят-бройлераў.

— Праўда, — прызнаецца Дзмітрый, — птушка, у адрозненне ад раслінаводчай прадукцыі, у мяне не дацягвае, каб мець поўнае права звацца арганічнай. Першыя дзесяць дзён куранят кармлю камбікормам, каб прыдаць ім імпульс для росту на пачатковым этапе.

— Якое ваша стратэгічнае бачанне гаспадаркі, сваёй справы на бліжэйшыя два, пяць, дзесяць гадоў?

— Бліжэйшым часам хачу ўзяць у арэнду яшчэ да двух гектараў зямлі, закон гэта дазваляе, для таго, каб вырошчваць ячмень і ншае збожжа на корм курам. І там абавязкова буду весці толькі арганічнае гаспадаранне. А ў ідэале планую выйсці на такую сістэму працы, каб з гектара зямлі атрымліваць за год не менш за 15 тысяч долараў грашовай выручкі. Я разлічваў, гэта цалкам рэальна, сёлета я, напрыклад, спрацаваў з аперацыйным прыбыткам, гэта значыць, што даходы ад бягучай дзейнасці перавысілі мае расходы. Выхад на азначаны ўзровень, 15 тысяч, дазволіць мне хутка разлічыцца з даўгамі і ў далейшым працаваць і развівацца без прыцягнення крэдытных сродкаў.

* * *

Далейшы шлях ляжаў у вёску Дашкі Мінскага раёна, у сялянскую фермерскую гаспадарку Алены Сідаравай “СідаСад”. Сям’я Сідаравых ужо каля 20 гадоў займаецца працай на зямлі, каля дзесяці гадоў таму зарэгістравалі фермерскую гаспадарку, каля пяці гадоў працуюць па арганічных стандартах. “СідаСад” спецыялізуецца на раслінаводстве, у гаспадарцы апрацоўваецца больш за 60 гектараў зямлі, вырошчваюцца збожжавыя, гародніна, шмат цяплічных раслін, аднак найбольш перспектыўнай лічацца ягады буякі, або дурніцы (русск. голубика), пад якія адведзены 16 гектараў.

Ягада даволі адчувальная, капрызная, патрабуе высокай кваліфікацыі і старання работнікаў на ўсіх узроўнях – ад кіраўніка гаспадаркі да палявода і зборшчыка.

— Мы неаднаразова пераканаліся ў тым, што да сельгасработ увогуле і працы з буякамі ў прыватнасці непажадана прыцягваць часовых, выпадковых работнікаў, — кажа Алена Сяргееўна, — няхай нас будзе няшмат, але мы разам зробім працу якасна, так, што нам не будзе сорамна перад нашымі пакупнікамі. На сёння ў гаспадарцы працуюць толькі дзесяць пастаянных работнікаў, якія выконваюць усю працу. Заўважу, што пры вырошчванні ягад і гародніны, асабліва па арганічных стандартах, вельмі вялікая доля ручной працы.

Удзельнікам прэс-тура паказалі плантацыі ягадных кустоў, распавялі пра вартасці розных сартоў, асаблівасці арганічнага вырошчвання. Сапраўды, арганічная сельскагаспадарчая прадукцыя па вызначэнні не можа быць таннай, бо пры яе вырошчванні накладваюцца шмат абмежаванняў на выкарыстанне тэхналогій, якія прымяняюцца ў звычайнай, інтэнсіўнай сельгасвытворчасці. Па-другое, як ужо ўпаміналася, у арганічнай сельскай гаспадарцы вельмі шмат ручной працы, якую трэба адпаведным чынам аплочваць. Яшчэ адным немалаважным фактарам высокай цаны прадукцыі з’яўляюцца высокія цэны на насенне, а таксама дазволеныя прэпараты для барацьбы супраць захворванняў і шкоднікаў. На сабекошт кладуцца і, хай сабе і невялікія на агульным фоне, расходы на сертыфікацыю арганічнай гаспадаркі.

— Але тады чаму б вам не паспрабаваць пастаўляць сваю прадукцыю на экспарт, бо яна ўжо мае для гэтага сертыфікат?

— Не ўсё так проста, — адказвае Алена Сяргееўна. –- У Еўрасаюзе дзейнічаюць наступныя правілы адносна ўвозу арганічнай прадукцыі. Калі мы захочам прадаць туды партыю ягад, паведамляем у арганізацыю, якая давала нам сертыфікат. Прыязджае эксперт, бярэ ўзоры ягад, вязе іх у лабараторыю ў Германіі. Там робіцца аналіз, выпісваецца аднаразовы дазвол на ўвоз партыі. Дакументы на партыю і на аўтамабіль накіроўваюцца на мяжу, на той пагранічны пункт, дзе мяркуецца праезд мшыны. За ўсю працэдуру мы павінны будзем заплаціць 1500 еўра. Грошы, у прынцыпе, пад’ёмныя. Але тут важны іншы фактар – ці паспеем мы, дзесяць работнікаў хуценька, за дзень-два, пакуль прадукцыя захоўвае свежасць і таварныя якасці, набраць і запоўніць фуру – 20 тон?

— Еўрапейцы ў апошнія гады ўсё больш і больш пераключаюцца на арганічныя прадукты харчавання, я назірала ў кожнай паездцы за мяжу, — працягвае Алена Сідарава. – Там людзі вялікую ўвагу ўдзяляюць якасці і натуральнасці ўласнага харчавання, увогуле здароўю. У пераважнай большасці нашых пакупнікоў вырашальным фактарам застаецца цана. На паліцах беларускіх крам і супермаркетаў арганічная прадукцыя, пазначаная спецыяльным знакам, зялёным лістом, ляжыць у адным шэрагу з астатняй, пакупнікі, на жаль, вельмі мала ведаюць пра яе.

* * *

Наколькі арганічная прадукцыя была б цікавая лепяльчанам? Ці маглі б лепельскія прыватныя гаспадары, фермеры займацца арганічнай сельскай гаспадаркай, каб і самім зарабляць, і забяспечваць спажыўцоў здаровым натуральным харчаваннем? Гэтыя і іншыя пытанні вырашыў задаць Уладзіміру Паўніцу, які жыве ў Забаенні, займаецца вырошчваннем гародніны, якую прадае на лепельскім базары.

— На Лепельшчыне арганічная сельская гаспадарка бачыцца мне, мякка скажу, вельмі туманна. Патлумачу на простай рэчы – на бульбе. Па-першае, нашы вясковыя гаспадары не маюць шмат грошай і магчымасцяў, каб набываць мінеральныя ўгнаенні, таму пад гародніну на 99 % палёў кладуць толькі гной, арганіку. Атрымліваецца, што вясковая прадукцыя ўжо сама па сабе ў многім натуральная. Па-другое, калі што з хіміі і выкарыстоўваецца, то толькі сродкі для барацьбы супраць каларадскага жука і фітафторы. Не абпырскаеш ад іх – застанешся без ураджаю.

— А зусім без гэтай хіміі немагчыма?

— Магчыма, але нерэнтабельна. Традыцыйным спосабам, метадамі інтэнсіўнай сельскай гаспадаркі ва ўмовах Лепельскага раёна можна дасягнуць ураджайнасці да 300 цэнтнераў бульбы з гектара. З іх таварнай бульбы, якую з ахвотай будуць набываць пакупнікі, будзе палова – 150 цэнтнераў, астатняе – сеянка і паранка на корм жывёле. Калі мы адмаўляемся зусім ад усялякай хіміі, ад мінеральных угнаенняў, не змагаемся супраць каларадскага жука і фітафторы, то павінны быць гатовыя да таго, што агульны ўраджай у нас упадзе ўтрая, да 100 ц/га, а таварнасць – будзе яшчэ меншай – каля 30 працэнтаў. Адчуваеш адрозненне – 150 цэнтнераў, якія можна прадаць і атрымаць выручку, і 30 цэнтнераў? Расходы ж на працягу года прыблізна аднолькавыя. Таму, каб акупіць іх, вытворца павінен будзе павышаць цану. На сёння на базары вядро бульбы прадаюць па пяць рублёў – і то большасць пакупнікоў праходзіць міма, выказваюцца, маўляў, дорага. А ці знойдзецца хоць адзін, які выкладзе за вядро па 15, 20 рублёў? Я вельмі ў гэтым сумняюся. Магчыма, у Мінску ёсць такія пакупнікі, але ў Лепелі такіх дакладна няма.

* * *

Што ж рабіць пакупніку і вясковаму гаспадару ў нашых рэаліях? Мне здаецца слушным выказванне, што важна знайсці “свайго” фермера, вяскоўца, якому давяраеш, у чыёй працы ўпэўнены, і набываць прадукты харчавання менавіта ў яго.

Васіль МАТЫРКА.

Один комментарий для “Зеленый листик на упаковке

  • 09.10.2019 в 3:12 пп
    Permalink

    Тэхналогіі арганічнай сельскай гаспадаркі — гэта не «не змагаемся супраць каларадскага жука і фітафторы». Есця адмысловыя тэхналогіі і біялагічныя сродкі,каб змагацца са шкоднікамі і хваробамі. Гаварыць, что арганічныя іэхналогіі нерэнтабельныя, калі ніколі не спрабавалі — некарэктна.

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>