Будущий фармацевт Ульяна Костюкович личность целеустремленная

ulyana2Працягваем пісаць пра таленавітую моладзь Лепельшчыны. Мы ўжо расказалі пра сёлетніх выпускнікоў сярэдніх школ, на якіх павінны раўняцца школьнікі. Цяпер хочацца даведацца, як змянілася жыццё студэнтаў-лепяльчан, якія ў мінулыя гады таксама паказалі добрыя вынікі на цэнтралізаваным тэсціраванні.

Ведаю Ульяну Касцюковіч з самага маленства. Актыўная і мэтанакіраваная яна ўжо была ў дзіцячым садзе. Складваецца ўражанне, што цікавасць і здольнасць да розных сфер творчай дзейнасці дзяўчынцы дадзена з нараджэння.
А як толькі Ульяна пайшла ў школу, пачала наведваць розныя гурткі. Спрабавала маляваць, танцаваць, граць на музычным інструменце. Усюды пасля школы паспявала і ўсё яе цікавіла. Вучылася планаваць свой вольны час, і гэта ў яе атрымлівалася. Аднак паступова вызначыла для сябе найбольш блізкія заняткі, па душы.
Яшчэ калі была ў дзіцячым садзе вельмі любіла танцаваць, уяўляла сябе балерынай. Даведаўшыся, што такога танцавальнага накірунку ў нашым горадзе няма, пачала наведваць заняткі па харэаграфіі ў дзіцячай школе мастацтваў — пяць гадоў аддала абранай справе. Акрамя гэтага, займалася па класе скрыпкі. Аднак зразумела, што трэба спыніцца на чымсьці адным.
Скончыла дзіцячую школу мастацтваў па класе скрыпкі ў выдатнага выкладчыка Валянціны Дзігілевай. Вучні Валянціны Генадзьеўны заўсёды выступаюць на розных канцэртах. Яна выхоўвае сапраўдных аматараў музыкі, далучае іх да музычнай культуры і эстэтычнай адукацыі. Так кажуць многія бацькі, чые дзеці займаліся ў Валянціны Генадзьеўны.
Зразумела, што і Ульяна — не выключэнне. Яна настолькі палюбіла гэты музычны інструмент, што і зараз з ім не развітваецца. Канешне, вучоба патрабуе шмат часу, а вучыцца дзяўчына ўжо на трэцім курсе Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. Зусім новая сфера дзейнасці, складаныя прадметы, заняткі да змяркання… Але маладая лепяльчанка і там паспявае знайсці час для музыкі. На першым курсе нават уваходзіла ў музычны ансамбль пры ўніверсітэце. Выступала разам з калектывам на ўсіх мерапрыемствах і канцэртах, якія праходзілі ў навучальнай установе.
Многія лічаць, што галоўнае — паступіць, а там можна і тэмп скінуць у вучобе. Аднак гэта не так. У дзяцей, якія вучыліся ў школе “на выдатна”, пачуццё адказнасці застаецца на ўсё жыццё. Яно іх не пакідае ні пры якіх абставінах, нават калі ўжо, здаецца, дасягнулі сваёй мэты. Такія людзі ставяць сабе высокую планку. Як кажа Ульяна, чым больш маеш заняткаў, тым лепей плануеш свой час і ўсюды паспяваеш.
Зараз дзяўчынка наведвае секцыю па аэробіцы пры ўніверсітэце — добрая магчымасць крыху адпачыць пасля вучэбнага дня ды яшчэ і падтрымліваць фізічную форму.
ulyanaУ школьныя гады ёй удавалася паспяхова вучыцца ў сярэдняй школе і дзіцячай школе мастацтваў. Акрамя гэтага, пяць гадоў яна наведвала клуб “Ра” раённага цэнтра дзяцей і моладзі, дзе таксама трэба было шмат пазнаваць, шукаць адказы на складаныя пытанні. На шматлікіх прыкладах упэўніваюся, што заняткі ў клубе не перашкаджаюць вучобе, а толькі дапамагаюць правільна працаваць з вялікім аб’ёмам інфармацыі і канцэнтраваць увагу на галоўным. Трэнер-педагог Віктар Радзько стварыў аўтарскую методыку трэніровак, якая даказала сваю эфектыўнасць і стабільна дае высокія вынікі.
Калі Ульяна Касцюковіч вучылася ў сярэдняй школе №1, актыўна ўдзельнічала ў грамадскім жыцці ўстановы адукацыі. Кажучы пра школьныя першасныя арганізацыі РК ГА “БРСМ”, зноў нельга яе не адзначыць. Дзякуючы такім дзецям моладзевы рух нястомна рухаецца наперад. Колькі сябе дзяўчынка памятае, заўсёды ўдзельнічала ў розных конкурсах і праектах, абараняла гонар школы.
Свядома выбрала прафесію прыкладна ў пятым класе, але людзьмі ў белых халатах Ульяна захаплялася яшчэ раней.
— Урач або правізар для мяне заўсёды былі складанымі, адказнымі і высакароднымі прафесіямі. Медыцынскія работнікі заўсёды прысутнічаюць у нашым жыцці.
Пачала актыўна займацца прадметамі, па якіх пазней трэба было здаваць цэнтралізаванае тэсціраванне. Выбраўшы хіміка-біялагічны профіль, яна мэтанакіравана ішла да сваёй мары. Удзельнічала ў алімпіядах не толькі па біялогіі і хіміі, а і па беларускай мове. У дзясятым класе нават трэба было выбіраць, па якім прадмеце прадставіць школу на абласным узроўні. Спынілася, канечне, на хіміі, бо гэтаму прадмету больш за ўсё аддавала вольнага часу.
Практычнае заданне на разумовых спаборніцтвах было не з лёгкіх, як цяпер яго памятае. Трапілася задача на рэакцыю тытравання. Як патлумачыла дзяўчына, трэба было змерыць аб’ём і разлічыць канцэнтрацыю кіслаты ў растворы. У выніку атрымала дыплом трэцяй ступені на абласным этапе алімпіяды.
Нават у свабодную хвілінку не расставалася з падручнікамі. Хоць адну задачу, але рашала кожны дзень. Ведала, што ёй гэта трэба, каб у будучым займацца любімай справай.
Здаецца, мэты дасягнула: вучыцца там, куды хацела патрапіць. Аднак цяпер пастаўлены новыя мэты, якіх зноў трэба дасягаць.
— Што лічыш галоўным у будучай прафесіі?
— Самае галоўнае — умець выкарыстоўваць атрыманыя раней веды на практыцы, а таксама ўмець выслухаць пацыента і імкнуцца яму дапамагчы.
— Ці змяніліся погляды на будучую прафесію, як стала студэнткай? Калі б вярнула час назад, магчыма б выбрала іншую спецыяльнасць?
— Не, з часам яшчэ больш упэўнілася ў правільным выбары прафесіі. Калі паступала, была магчымасць выбару: фармацэўтычны факультэт ці лячэбны. Штосьці падказала, што фармацэўтычны бліжэй да душы.
Ульяна мае не толькі вялікі прафесійны патэнцыял, яна жыццярадасная, актыўная, пазітыўная і душэўная дзяўчына. Разам з вучобай ва ўніверсітэце спалучае валанцёрскую дзейнасць. Сёлета працавала на ІІ Еўрапейскіх гульнях у Мінску.
Многія студэнты паленаваліся б яшчэ займацца валанцёрствам. Аднак Ульяне сумна нічога не рабіць. Цікавей працаваць і пазнаваць новае.
Еўрапейскія гульні па складанасці арганізацыі параўнальныя з Алімпіядай, таму для ўдзелу запрашалася моладзь адказная і ініцыятыўная. А яшчэ, каб прыняць удзел у гэтым мерапрыемстве, трэба было на месяц раней здаваць сесію. Навучанне праходзіла як непасрэдна на семінарах і трэнінгах, так і ў анлайн-рэжыме. Да кожнага напрамку дзейнасці прад’яўляліся пэўныя патрабаванні, па якіх і праходзіла падрыхтоўка. Аднак асноўны крытэрый — гэта жаданне працаваць. Вядома, веданне англійскай мовы віталася.
— Мне вельмі хацелася паўдзельнічаць у такім мерапрыемстве і быць часткай маштабнага свята. Прайшла падрыхтоўчыя курсы, дзе нас навучалі і распавядалі, што валанцёры павінны рабіць. Складанага нічога не было. Вельмі хацелася падцягнуць веды па англійскай мове, таму што было шмат гасцей з іншых краін. Я працавала па накірунку “Сэрвісы для гледачоў”. Наша каманда забяспечвала камфортнае знаходжанне гледачоў і спартсменаў на аб’ектах, давала неабходную інфармацыю, аказвала ім іншую дапамогу ў выпадку неабходнасці. Таксама ўдзельнічала ў цырымоніі “Полымя міру” — рабіла разам з іншымі ўдзельнікамі падтанцоўку пры выступленні артыстаў. Мне Еўрапейскія гульні запомняцца на ўсё жыццё.
— Што для сябе пачарпнула з гэтага вялікага свята?
— Я ўжо не баюся пачаць размову з чалавекам з іншай краіны, хоць мая англійская мова і не дасканалая. Толькі практыкуючы, мы можам удасканальваць свае веды. Давялося паразмаўляць і з палякамі. Шмат гадоў наведвала лагер у Польшчы, дзе таксама з часам вывучыла крыху мову гэтай краіны. І калі да мяне звярнуўся госць з Польшчы, я пачала з ім гутарыць. У чалавека засталіся добрыя ўражанні пра Беларусь.
— Твае пажаданні будучым выпускнікам школ…
— У першую чаргу павінна быць мэта. Трэба самому разумець, чаго ты жадаеш у гэтым жыцці. І выбар, канечне, павінен быць не бацькоў і настаўнікаў, а самога вучня. І абавязкова — вялікая праца.
Не пужае Ульяну вучоба і зараз, хоць часам і шмат трэба папрацаваць. Разумее, што набытыя веды спатрэбяцца ў будучай прафесіі. А яна хоча стаць сапраўдным прафесіяналам сваёй справы жыцця.
Наталля
ХРАПАВІЦКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>