Пусть родной Лепель растет и процветает!

dsc_0253Не спыняюцца работы па навядзенні парадку на зямлі і ў Лепелі. На вуліцах і ў парку шчыруюць калектывы арганізацый і прадпрыемстваў, робяць усё магчымае, каб раённая сталіца выглядала чыстай і дагледжанай.

dsc_0258  Вось і на гэтым тыдні па ініцыятыве старшыні райвыканкама Міхаіла Кісялевіча да 75-годдзя Вялікай Перамогі ў гарадскім парку высаджана 75 маладых ліп. Старыя аварыйныя дрэвы, што стваралі небяспеку, былі спілаваны. На іх месцы з’явіліся новыя, якія праз некалькі гадоў будуць абараняць прахожых ад спёкі ў летні дзень. У парку не сціхаюць дзіцячыя галасы нават у пахмурнае надвор’е, таму абноўленыя дрэвы тут будуць вельмі дарэчы.
З самага ранку пачала кіпець праца. Работнікі дзяржаўнай установы “Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Лепельскага раёна” на чале з дырэктарам Наталляй Івановай, узброіўшыся інструментам, рушылі ў самае маляўнічае месца нашага горада — парк. У добрым настроі ўзяліся за працу. А папрацаваць трэба было нямала. Для таго, каб выкапаць 75 лунак, патрэбна шмат часу. Аднак у дружным, зладжаным калектыве вялікая праца заўсёды кіпіць. Асабліва гэта важна ў Год малой радзімы.
Ад працы работнікаў сацыяльнай службы залежыць жыццё многіх лепяльчан, якім патрэбны дапамога і падтрымка. Яны ўмеюць выслухаць, падбадзёрыць у цяжкую хвіліну, падарыць упэўненасць людзям, што яны не пакінуты сам-насам са сваімі праблемамі. Разам з тым яны ад душы працуюць на карысць роднага краю.
Парк у любым горадзе лічыцца цэнтрам здаровага ладу жыцця і вячэрніх прагулак. Спецыялістамі даказана, што дзякуючы насаджэнням зніжаецца ўзровень шуму. І гэта на самой справе так: у парку амаль не чуваць гулу аўтамабіляў.
Як адзначыла Наталля Іванова, пасадка дрэваў — вельмі важная справа. Дзякуючы зеляніне, у нашым горадзе — чыстае паветра і прыгожыя вуліцы.
* * *
dsc_0260На абуладкаванні прылеглай тэрыторыі да ясляў-сада №4 г. Лепеля таксама кіпіць праца. Уздоўж установы размешчаны дзесяць прыгожых лавак, вырабленых у ААТ “Лепельскі рамонтна-механічны завод”. Якасныя канструкцыі многія лепяльчане ўжо бачылі ў шматлікіх месцах Лепеля. Хутка тут будзе сапраўдная зона адпачынку для дзяцей і іх бацькоў.
Многія прахожыя звяртаюць увагу на парапет для бяспекі выхаванцаў установы адукацыі, які аддзяляе дзіцячы сад ад праезнай часткі. Вельмі патрэбная рэч, бо часам цяжка заўважыць, як хутка можа дзіця выбегчы на дарогу. Канструкцыя ўстаноўлена на сродкі аддзела па адукацыі райвыканкама.
На тэрыторыі ясляў-сада №4 плённа папрацавалі на разбіўцы газону, пасадцы дрэваў, устаноўцы лавак работнікі гаспадарчай групы гэтай і іншых устаноў. Адчуваецца сапраўдная сяброўская ўзаемавыручка. Зусім нядаўна была абуладкавана належным чынам тэрыторыя ясляў-сада №6, дзе таксама папрацавалі работнікі розных устаноў адукацыі. 18 туй і 25 канадскіх клёнаў ужо прыжыліся і набіраюць моц.
dsc_0262У бліжэйшы час будзе пасеяна газонная трава і ўстаноўлены дэкаратыўны мосцік. Тут жа размешчана металічная канструкцыя банера. Праведзены дэмантаж старых бардзюраў, а таксама старога пашкоджанага асфальтавага пакрыцця. Хутка з’явяцца новыя прыгожыя бардзюры і тратуарная плітка.
На тэрыторыі ясляў-сада таксама размесціцца інфармацыйны стэнд — вельмі важная рэч для бацькоў, дзе будзе змешчана меню на бягучы дзень, нагадана пра бяспеку на дарогах і дома, размешчана цікавая інфармацыя і аб’явы.
Працягам важнай работы па добраўпарадкаванні стала і пасадка кампенсацыйных маладых бярозак ад установы адукацыі да перакрыжавання вуліц Калініна і Інтэрнацыянальная. Усяго пасаджана 25 саджанцаў. Сама жыву ў гэтым мікрараёне і заўсёды захапляюся, як уздоўж праезнай часткі растуць стройныя белыя дрэўцы, якія ствараюць невялічкі бярозавы гай. Вясной многія дзяўчаты любяць фатаграфавацца ля іх.
— Ад свайго імя, а таксама работнікаў ясляў-сада, выхаванцаў і іх бацькоў хочацца выказаць вялікую падзяку прадстаўнікам мясцовай улады, аддзелу па адукацыі райвыканкама за тое, што тэрыторыя ля нашай установы значна папрыгажэла, — кажа загадчыца ясляў-сада №4 г. Лепеля Раіса Навуменка.
Заўважыла, як змянілася і сама тэрыторыя ўстановы дашкольнай адукацыі. Тут размешчаны альтанкі, у якіх дзеткі могуць адпачыць у спякотны дзень. За заробленыя грошы ўстанова закупіла піламатэрыялы ў ДЛГУ “Лепельскі лясгас”, а рабочы па комплексным абслугоўванні будынкаў і збудаванняў Сяргей Дзерваед сам зрабіў альтанку. Над стварэннем даху на ёй папрацаваў адзін з бацькоў Міхаіл Шляжко. Летась аддзелам па адукацыі райвыканкама была набыта яркая горка для дзяцей. Нават ідучы дадому, выхаванцы бягуць да яе, каб яшчэ раз пазабаўляцца. Бацька аднаго з выхаванцаў Артур Быкаў дапамог набыць фарбу, каб абнавіць усе гульнявыя элементы на тэрыторыі.
Памятаю, як раней тут раслі вялікія дрэвы. Некаторыя бацькі былі не задаволены, што іх ліквідавалі, бо ў спёку пад дрэвамі заўсёды была прахалода.
Як адзначыла Раіса Сяргееўна, дрэвам каля пяцідзесяці гадоў, з часам яны сталі аварыйнымі. І перш чым іх спілаваць, быў праведзены комплекс спецыяльных мерапрыемстваў.
Часам мы не задумваемся над такімі пытаннямі, як бяспека дзяцей. Ва ўстановах адукацыі за работу ў гэтым накірунку адказваюць загадчык і работнікі ўстановы. Аднак калі сабе ўявіць, як пад павевам вялікага ветру аварыйнае дрэва ўпадзе…
А калі казаць пра спёку, то на тэрыторыі сада цяпер шмат альтанак. Акрамя гэтага, у пясочніцах устанаўліваюцца вялікія спецыяльныя парасоны.
Яшчэ раз хочацца нагадаць лепяльчанам, што далучыцца да навядзення парадку на зямлі і ўнесці свой уклад у агульную справу можа кожны. Для гэтага дастаткова прыбраць каля свайго дома, на тэрыторыі арганізацыі і прадпрыемства. У гэтым і заключаецца асабісты ўклад у добраўпарадкаванне роднага горада і ўсёй краіны ў цэлым.
Парадак на вуліцах і зялёных тэрыторыях пачынаецца перш за ўсё з чысціні думак. І тут кожны павінен сам зрабіць выбар — быць абыякавым да свайго дома альбо любіць і берагчы яго.
Н. ВЕСЯЛОЎСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>