Происхождение улиц

n-14Як змянялася гісторыя Лепеля, можна прасачыць не толькі па падзеях, што адбываліся ў горадзе. Разам з гістарычнай эпохай змяняліся і назвы вуліц. Першыя звесткі пра тое, як называліся вуліцы ў Лепелі, можна атрымаць з “Карты горада “Новы Лепель”. Дакумент, які датуецца другой паловай ХVІ стагоддзя, выявіў у літоўскім архіве гісторык Валянцін Голубеў. Копія карты ў выглядзе вялікага банера размешчана на сцяне аднаго з касцёльных будынкаў пры ўваходзе ў гарадскі парк.
Унікальным з’яўляецца тое, што планіроўка Лепеля застаецца нязменнай з ХVІ стагоддзя. Горад быў падзелены на квадраты чатырма вуліцамі, што ішлі з поўначы на поўдзень. Па вызначэнні Валянціна Голубева тагачасная вуліца Касцёльная — цяпер Інтэрнацыянальная, Рынкавая носіць назву Максіма Горкага, а Новая — Лабанка. З усходу на захад іх перасякалі вуліцы Крывая, Віленская, Выганская, цяпер, хутчэй за ўсё, гэта вуліцы Валадарскага, Карла Маркса і Савецкая.
Найбольш масавае перайменаванне старых назваў вуліц горада прыйшлося на пачатак ХХ стагоддзя, пасля падзей Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі. У лістападзе 1918 года былі перайменаваны чатыры вуліцы: Дваранская — у Пралетарскую (цяпер вул. Данукалава), Чашніцкая — у Савецкую, Прудовая стала Валадарскага, а Азёрная — Урыцкага.
У 1932 годзе быў падрыхтаваны маштабны праект па перайменаванні і зацвярджэнні гарадскіх назваў, якія ўжо існуюць. Усяго ў спіс унесена 27 асноўных вуліц і плошчаў Лепеля. З іх новую назву атрымалі сямнаццаць. Напрыклад, Георгіеўская Слабада, якая размяшчалася недалёка ад Георгіеўскіх могілак, стала Мельнічным завулкам, а Эсенская Слабада пераўтварылася ў Лясны завулак. Былая Загуменская вуліца атрымала назву Войкава, Гогалеўская — К. Маркса, Пушкінская перайменавана ў Ленінскую, а Пяцінскі завулак стаў вуліцай Камсамольскай. Прыгарадныя хутары Бялянка і Бяленца былі аб’яднаныя агульнай назвай — пасёлак Зарэва.
Атрымала новае найменне і Нова-Базарная плошча, якая стала плошчай Будзённага. Сёння гэта тэрыторыя, прылеглая да ўнівермага і рынку. Былая Базарная плошча, дзе размяшчаецца гарадскі парк, была перайменавана ў плошчу Чырвоных партызанаў. У новай назве ўвекавечылі памяць пра чатырнаццаць чырвоных партызанаў, расстраляных немцамі ў сакавіку 1918 года на тэрыторыі старога базару.
Валерый ТУХТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>