Фотоснимок раскрывает тайну

ksyandzo%d1%9e-most-1940-yyaЗ Анатолем Прокшам сустрэўся не выпадкова. Аднойчы ён увайшоў у кабінет рэдакцыі і запытаўся:
— Хачу расказаць пра гісторыю гэтага будынка. Я ўнук чалавека, які яго ўзводзіў.
Для мяне гэта навіна стала цікавай, бо раней у нас былі недакладныя звесткі пра яўрэйскую сям’ю, якая калісьці жыла ў гэтым доме. Так нам сталі знаёмы імёны Моўшы Шэндэравіча Кабалкіна і Эдуарда Паўлавіча Філяндмужа — кампаньёнаў, якія на выкупленым пляцы ў цэнтры Лепеля збудавалі новы цагляны дом.
Анатоль Станіслававіч з’яўляецца сынам дачкі Эдуарда Філяндмужа Ядзвігі. Бацьку ён не памятае, бо таго арыштаваў НКУС яшчэ да нараджэння сына і расстраляў. У 1950-х гадах юнак пасля заканчэння школы паступіў у вышэйшую навучальную ўстанову Ленінграда, па размеркаванні быў накіраваны ў Растоў-на-Доне, там і застаўся. Аднак сваю радзіму мужчына не забывае. Калі дазваляе здароўе, а яму ўжо 80 гадоў, імкнецца наведаць родны Лепель.
Аднойчы я атрымаў ад Анатоля Станіслававіча электроннае паведамленне, у якім быў сканіраваны чорна-белы фотаздымак, што суправаджаўся наступным тлумачэннем: “Это дымит в костёле дизельная электростанция. Мост — продолжение ул. Интернациональной. Построен немцами взамен взорванного (сейчас понтонный)”. Таксама суразмоўца ўказваў, што фота было зроблена ў 1940-х гадах.
img_4065Атрыманая інфармацыя наводзіла на роздум і патрабавала праверкі.
У першую чаргу трэба было вызначыць, адкуль, з якога канкрэтна пункта быў зроблены здымак. Шукаць давялося нядоўга. Такім пунктам магла быць толькі бетонная пляцоўка плаціны Лепельскай гідраэлектрастанцыі на левым беразе ракі, з яе на сваю камеру зрабіў некалькі здымкаў, параўнаў і пераканаўся ў гэтым.
Доказам можа служыць той факт, што будаўніцтва ГЭС было распачата якраз у 1940-я гады. У першую чаргу былі залітыя бетонныя канструкцыі.
Аднак краявід з таго часу значна змяніўся. На старым фотаздымку рака Ула, якая выцякае з возера Лепельскае, дробная, нешырокая, абапал яе — высокія берагі. Аднак не будзем забываць, што ў пачатку 1950-х гадоў з увядзеннем у строй гідраэлектрастанцыі ўзровень вады ў возеры і рацэ да плаціны падняўся на тры метры, берагі схаваліся пад вадой.
Па-другое, берагі Улы з таго часу зараслі дрэвамі, кустамі, якія высаджваліся як для ўмацавання берагавой лініі, так і для азелянення Лепеля. Ліпы, вербы, дубы, бярозы закрываюць зараз сцены велічнага касцёла святога Казіміра, крайнія дамы вуліц Дзяржынскага, Герцэна, якія выходзяць на бераг возера і закрываюць набярэжную вуліцы Пушкінскай.
Захаваліся звесткі, што пасля адабрання ў вернікаў будынка лепельскага касцёла і арышту ксяндза ў 1939 годзе з будынка былі знятыя званы, а званіцы, дзве вежы на фасаднай сцяне, былі разбураны. Храм спачатку выкарыстоўваўся як склад, а потым, у 1940-х — пачатку 50-х гадоў выкарыстоўваўся як дызельная электрастанцыя. Там былі ўстаноўлены рухавікі і генератары, якія забяспечвалі гарадскія ўстановы электраэнергіяй. Якраз гэтыя дызелі і дыміліся на старым фота.
А што ж гэта за пабудовы з левага боку? Перад нізкімі аднапавярховымі хацінамі выдзяляецца дыхтоўны дом на высокім падмурку. Прыгледзеўшыся, заўважыў нешта знаёмае. Так і ёсць! Гэта дом №1 па вуліцы Дзяржынскага! Будынак вялікі, раздзелены на некалькі кватэр. Жыхарка адной з іх Раіса Антонаўна ўспамінае:
— Я пасялілася тут у 1969 годзе. Тарцовая сцяна, якая выходзіць на бераг возера, была, як і на фотаздымку, драўлянай. Дзесьці праз пяць гадоў суседка, якая з сям’ёй у чатыры чалавекі тулілася ў пакойчыку плошчай 16 квадратных метраў, вырашыла сваё кватэрнае пытанне шляхам узвядзення прыбудовы з белай цэглы.
Такім чынам высветлілася сітуацыя з другім будынкам. Яшчэ крыху лявей на фота выдзяляецца двухпавярховы дом з высокім дахам. З бетоннага выступу гідраэлектрастанцыі яго не бачна. Далейшы краявід берага закрыты густымі кронамі дрэваў. Можа аказацца, што гэты дом за 60 гадоў і не захаваўся, разбураны або разабраны. Аднак усё ж надзея цепліцца ў душы.
З двара дома №1 па вуліцы Дзяржынскага зноў аглядаю наваколле, штораз параўноўваючы з фотаздымкам. Як шмат змянілася! Выраслі дрэвы, узведзены жылыя дамы і гаспадарчыя пабудовы. Аднак, звярнуўшы ўвагу на форму даху, а потым на прапорцыі сцен, пазнаў іх. Гэта ж дом №10 па вуліцы Ленінская, які знаходзіцца побач з будынкам рэдакцыі! У двух пад’ездах там размешчана восем кватэр, жывуць ужо некалькі пакаленняў сем’яў.
Такім чынам, даследуючы фотаздымак і пабудовы далей, раблю для сябе новае адкрыццё: высокі дом пад чатырохскатным дахам у левым верхнім кутку фота — будынак рэдакцыі газеты “Лепельскі край”! Да 1962 года раённая газета мела назву “Калгасная праўда”.
Дакладна вядома, што пад час вызвалення Лепеля ў 1944-м годзе савецкая авіяцыя бамбіла нешматлікі нямецкі гарнізон. Адна бомба трапіла ў будынак рэдакцыі газеты. Цагляныя сцены амаль метровай таўшчыні, складзеныя ў 1915 годзе, вытрымалі, а вось дах і перакрыцці, дзверы, вокны былі знішчаны, засталася толькі каробка. На фотаздымку ж бачна, што ўжо ў канцы 1940-х гадоў, як мінімум, дах быў адноўлены.
Што датычыць моста, то ў кнізе “Памяць. Лепельскі раён” на старонцы №187 чытаю: “У сувязі з пагрозай захопу мастоў праціўнікам воіны 169-га асобнага сапёрнага батальёна (камандзір батальёна маёр Л. Н. Афанасьеў), які дзейнічаў у якасці атрада загароджвання, па загадзе начальніка Лепельскага гарнізона генерал-маёра Б. Р. Церпілоўскага ў ноч на трэцяга ліпеня 1941 года спалілі і ўзарвалі ўсе масты, калі на іх з’явіліся галаўныя танкі нямецкіх часцей 3-й танкавай групы Гота, прыпынілі іх наступленне”. Так, акупанты, якім, несумненна, патрэбна была транспартная артэрыя, аднавілі мост або збудавалі новы. Дарога магла ісці ад сучаснай вуліцы Інтэрнацыянальная, затым па мосце мінала выток Улы, рушыла да Пятроўскіх могілак і далей — вуліцай Віцебская праз Зялёнку ішла да сучаснага кальца. У 1940-я — 1950-я гады там было скрыжаванне. Адна дарога вяла на Бароўку і далей на Віцебск, а другая — на Шаркоўку, Вацлавова, Сарочына і далей — у бок Полацка. Трасы на сучасным знаходжанні аўтадарогі Мінск — Віцебск не было. Яна з’явілася пазней, таму дарога праз Лепель была адзіным шляхам, які для магчымасці руху аўтамабільнай і танкавай тэхнікі трэба было рамантаваць і падтрымліваць у належным стане.
Не аднойчы мясцовыя жыхары распавядалі, як у час значнага здрабнення возера і ракі з вады выглядалі рэшткі бетонных паляў. Адны людзі казалі, што гэта ўсё, што засталося ад моста, пабудаванага акупантамі. Іншыя ж даводзілі іншую версію: нібыта ў 1980-я — 1990-я гады планавалася будаваць мост праз Улу замест ГЭСаўскага, які ўжо станавіўся аварыйным. Нават палі ў дно забілі, але ў далейшым рашэнне памянялі і збудавалі цяперашні новы мост ад вуліцы Ульянка. Прызнацца, колькі ні ўглядаўся, ні разу не бачыў паляў, якія б высоўваліся з вады.
Атрыманы ад Анатоля Прокша фотаздымак я раздрукаваў, і сёння ён займае важнае месца ў маёй асабістай, пакуль што невялічкай, краязнаўчай калекцыі.
Васіль МАТЫРКА.
Фота з архіва Анатоля
ПРОКША і аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>