Чыстыя крыніцы

Невялічкая купель, у сцюдзёным улонні якой можна знайсці паратунак нават у самую-самую гарачыню. Тамара Васільеўна кажа, што вада тут не замярзае і ўзімку. Сам крынічны струменьчык клапатліва схаваны ў невялікі ставочак, дакладней,  трубачку. А далей — буданчык з усімі атрыбутамі хрысціянскай веры — крыжам, абразочкам, распяццем і г.д.

І вернікі тут папрацавалі, і проста вяскоўцы, асаблі­ва старэйшына вёскі Іван Блажко. Тамара Васільеўна звяртае маю ўвагу на ружовы камень, які, кажа, раптам нядаўна праявіўся на дне купелі.

— Вось бы такімі камянямі вакол усёй купелі абкласці, — марыць старшыня.

Слухаючы яе, бачу чалавека нераўнадушнага і пачынаю разумець, чаму ў Валосавічах так прыгожа.

Нават і не думаў, што ў гэтай вёсцы на лысым узвышшы, а менавіта такой яна выглядае з шашэйкі Лепель — Барысаў, такая прыгожая прырода. Лясы складаюць значную частку тэрыторыі сельсавета. З дваццаці чатырох вёсак большасць лясныя, чаго не скажаш пра цэнтральную. Але ж хараство не толькі ў лесе. Магутныя дрэвы, відаць, яшчэ з дасавецкага часу, зрабілі Новыя Валосавічы вёскаю з адметным тварам. Вось копанка, што захавалася з панскіх часоў, плаваюць дзікія качкі, у люстраную ваду глядзяцца дрэвы. Хіба ж бы гэты рукатворны цуд захаваўся, калі б да яго ўвесь час не прыкладалі рукі мясцовы люд і ўлады — чысцілі, акультурвалі. Тамара Васільеўна кажа, што тут, зноў жа, немалая заслуга Івана Блажко. А вось азярко, аказваецца, таксама рукатворнае. На тым яго баку беластволыя прыгажуні-бярозы какетліва зазіраюць у ваду, а на гэтым мякка рассцілаецца вярба. Між двух дрэў зроблена гушкалка, з якой ныраюць у возера.

У Валосавіцкім сельсавеце смела можна развіваць турызм. Нездарма гэтымі мясцінамі ўжо зацікавілася кіраўнік міжнароднага агратурыстычнага праекта на Лепельшчыне Вольга Маханенка. Па тэрыторыі сельсавета пралягае частка турыстычнага маршруту “Край жоўтых гарлачыкаў і сівых валуноў”. Старшыня кажа, што Вольга Мікалаеўна абяцала дапамагчы і з абуладкаваннем крынічнай купелі.

Прыгажосць стварае не толькі прырода, але і чалавек. Я ў гэтым упэўніўся, наведаўшы валосавіцкі край. Найперш уразіў выгляд цэнтральнай вясковай вуліцы ў Новых Валосавічах. Акуратная, абкошаная, расфарбаваны ў вясёлыя колеры плот, які паставілі ў пазамінулым годзе, прыдае вуліцы і зусім дыхтоўны выгляд.

— Як паставіліся жыхары да новай агароджы, запытаўся ў старшыні, чакаючы станоўчага адказу.

— А ведаеце, па-рознаму, — нечакана зазначыла Тамара Васільеўна. — Некаторыя паздымалі пралёты, каб спрытней было заязджаць на агароды, ды так на месца і не паставілі. А мы тыя пралёты проста забралі, каб захаваць, бо так і паламацца могуць. Даводзіцца рабіць “выхаваўчыя захады” да некаторых нерадзі­вых гаспадароў.

І, наадварот, іншы прыклад. Завіталі мы на сядзібу да былой прадаўшчыцы, цяпер пенсіянеркі Ганны Клундук. Акуратненькі, абабіты сайдынгам домік літаральна патанае ў кветках. І агарод дагле­джаны, і двор. Вось вам і прыклад, як па-рознаму ставяцца людзі да зямлі, на якой жывуць.

Яшчэ прыклад. У Весялове спрабавалі не толькі акультурыць, пачысціць, але і пашырыць плошчу, навадніць возера. Справа ў тым, што вёсцы не шанцуе з вадою. На некаторых вуліцах, як ні старалі­ся, да яе так і не дакапалі­ся. Відаць, глыбока тут грунтовыя воды. А возера штучнае, утворанае ў рэчышчы, што бяжыць у большую раку Байну. Людзі сабралі грошы, пачалася праца. Але, відаць, надта скрывілі рэчышча, і рачулка, стаўшы вясною паўнаводнаю, разбурыла амаль усё зробленае. Аднак, паказальны сам факт згуртавання людзей для добрай справы.

Водаправоды ў Новых і Старых Валосавічах, у Грыгаравічах, дзе была колькі часу таму абноўлена старая свідравіна. Праўда, ёсць невялікая праблема з павышаным утрыманнем жалеза ў ва­дзе. З вадою Кастрыца, Слядневічы (усяго тры чалавекі жывуць і два дачныя домікі). Акрамя таго, на тэрыторыі сельсавета восемдзесят пяць студняў, з якіх пяцьдзясят дзве грамадскія — гэтыя ўсе перададзены на баланс жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Сёлета восем студняў абуладкоўвалі, дзесьці падладзілі-пафарбавалі, дзесьці памянямі “жураўля”.

Заехалі мы і на тэрыторыю школы ў Новых Валосавічах, якая прыемна ўразіла не толькі чысцінёю, але і багатай фанта­зіяй дызайнераў, што яе афармлялі. Вось дэкаратыўная студня з вядзерцам, у якой вады не зачэрпнеш, затое можна пашукаць… папараць-кветку. Кветка, праўда, па паданні, зацвітае раз у год, на Купалле, а папараць добра сябе адчувае пад крышкаю студні. Вось Бураціна, які хоча вучыцца, трымае ў руках азбуку, вунь Баба-Яга, альтанка з жураўлём. Пастараўся мясцовы настаўнік працы. Квецень на клумбах. Цікавая кветка цвіце пышнымі ружовымі шапкамі.

— Няўжо кітайская ружа? — пытаюся ў Тамары Васільеўны. — Гэта ж хатняя кветка.

— Ды не, — усміхаецца, — звычайная гартэнзія, проста яе адмыслова палі­валі марганцоўкаю, каб паружавела.

— Казалі, тут, у Валосаві­чах, “мядзведжы кут”. А помнік мядзве­дзю не збіраецеся ўзводзіць? У Баброве, напрыклад, мараць аб помніку бабру.

— А ён ужо стаіць, — паказвае старшыня на мя­дзведзяня, якое таксама знайшло прытулак на школьнай тэрыторыі.

Школа двухпавярховая, вучняў, на жаль, мала. Крыху болей за паўсотні. Праўда, сёлета збіраюцца сюды вазіць грыгаравіцкіх, дзе застаецца пачатковая школа. Аўтобус школьны будзе заходзіць і ў Грыгаравічы, і ў Ляхавічы. Кут і сапраўды мя­дзведжы. Лясныя вёскі, шэсць з якіх ужо без жыхароў. Аддаленасць ад райцэнтра стварае пэўныя праблемы з працаю. Многія, кажа Тамара Васільеўна, уладкоўваюцца апекунамі. Маладыя часцей падаюцца ў горад. Тым не меней, і нараджаюцца людзі, і жэняцца ў гэтым краі чыстых крыніц. Сёлета нарадзілася пяць дзяцей, за год у сельсавеце зарэгістравалі два шлюбы. Годна выглядае, дарэчы, і сам будынак сельвыканкама, які быў рэканструяваны тры гады таму. На што было выдзелена дзвесце мільёнаў рублёў. Тут утульная зала для ўрачыстасцяў, цэнтралізаванае ацяпленне і г.д. Тэрыторыя дагледжана, кветкі на клумбах. Пра­вільна Тамара Хацкевіч лічыць, што мясцовыя ўлады павінны падаваць прыклад дбайнасці і гаспадарлівасці. Рэканструкцыя вядзецца і ў былым дзіцячым садку, у памяшканні якога размясціліся клуб, бібліятэка, комплексны прыёмны  і апорны пункты. Неўзабаве сюды пераедзе з Весялова і ўрачэбная амбулаторыя. Яшчэ і плошчы свабодныя застануцца. Вялікі і прасторны быў у свой час дзіцячы садок. Ёсць у новых Валосавічах і свой пост МНС, пошта, аптэка, лясніцтва, дзе нядаўна адбыўся рамонт.

Пацікавіўся, хто ж у вёсцы старанна абкошвае вуліцы, а таксама большасць плошчаў каля адміністрацыйных будынкаў. Ну, са службовымі будынкамі ўсё зразумела, хто гаспадар, той і парадак наводзіць. А так, аказваецца, пры сельвыканкаме яшчэ чатыры гады таму створаны КУП “Аграпамочнік” па аказанні розных паслуг насельніцтву. Напрыклад, нарыхтоўваць дровы ён паспявае не толькі жыхарам мясцовым, але і па просьбах у Поўсвіжы, Зялёным Востраве і г.д. Маюць трактар МТЗ з прычэпам, бензакасілку і нават зернеўборачны камбайн “Дон-1500”. Старэнькі камбайн, але працуе. І ў жыхароў сельсавета, якія вырошчваюць збожжавыя, паменела праблем, не трэба пільнаваць ды пера­хопліваць калгас­ныя ­кам­­­­бай­­­ны, як тое было раней. Заплаціў – і спі спакойна. Пры КУПе ёсць і касец, які наводзіць парадак на вуліцы ды каля будынкаў. А яшчэ сельскагаспадарчы кааператыў збірае па вёсках малако, у тым ліку і па некаторых вёсках “Лепельскага” – Поўсвіжы, Зялёным Востраве, Паддуб’і, Забалацці. Зімою “Аграпамочнік” чысціць ад снега вуліцы ў вёсках.

— А чаму гэта не робяць дарожнікі? – пытаюся ў старшыні.

— Мы адмовіліся ад іх паслугаў. Дарагавата. Ды і сваім трэба даць зарабіць. Чапляем да трактарка коўш. І па меры неабходнасці ён аб’язджае ўсе вясковыя вуліцы. Балазе, зімою яны ўсе асветлены. Улетку, відавочна, такой неабходнасці няма.

На жаль, зэканоміш не на ўсім. Напрыклад, як зэканоміць на падсыпцы дарог, пясок на якія трэба вазіць з кар’ераў аж з-пад Бароўкі. Рамантаваць жа дарогі трэба, і спакваля рамантуюць. Летась падсыпалі дарогу па Новых Валосавічах – да клуба і па вуліцы Маладзёжнай. Сёлета чакаюць рамонту дарогі ў Весялове і Заглінніках. Выдзеленыя грошы на ўпарадкаванне дарог, васямнаццаць мільёнаў рублёў, асвойваюцца хутка. Дарагі атрымліваецца пясочак. Асфальтаваных дарог па сельсавеце не так многа – вось цэнтральная вуліца ў Новых Валосавічах, а таксама ў Грыгаравічах, Ляхавічах, Весялове, часткова – пад’езд да Таронкавіч. Астатняе – гравійка. А яшчэ ж трэба і да могілак дарогі палічыць. Сямнаццаць могілак на тэрыторыі сельсавета. Чацвёрты пад’езд абслугоўвае ДРБУ-202 – у Кастрыцы, Калінаўцы, Новых Валосавічах і Грыгаравічах. Там усё нармальна. Па астатніх жа пытанні ёсць. І асабліва востра стаіць пытанне з пад’ездам да могілак у Касцюкоўшчыне. У сельсавеце ведаюць гэту праблему і думаюць над яе вырашэннем.

Навесці ж парадак на саміх могілках, зноў жа, дапамагае КУП “Аграпамочнік”. Пілавалі аварыйныя дрэвы ў Кастрыцы і Кавалевічах, Весялове і Новых Валосавічах, Ліпках і Лутчыне. Ды што там могілкі. Аварыйных дрэў хапае і па вёсках, і тут з імі справіцца куды цяжэй – каб і электраправады не зачапіць, і дахі не праламіць. Даводзіцца звяртацца да лепельскіх камунальнікаў, якія маюць спецыяльныя прыстасаванні для такой працы. І смецце з могілак таксама вывозяць на ўласным трактарку на міні-палігон, што створаны непадалёку.

Даглядаюць у Валосавіцкім сельсавеце і помнікі ды памятныя месцы – брацкую магілу ў Новых Валосавічах, у Старых – магілу партызанкі Каці Ганчарэнка, стэлу “Маці ў жалобе” ў Грыгаравічах, у Ляхавічах – месца правядзення першага з’езда партызанскай брыгады Лабанка, магілу воіна-інтэрнацыяналіста Аляксандра Аўгусціновіча. Гэтай вясною да ўсіх дабавіўся яшчэ і мемарыяльны знак у памяць пра чатырнаццаць загінулых партызан брыгады “Чэкіст” – на могілках у Новых Валосавічах.

Жывучы, мы нясем адказнасць за зямлю, на якой нарадзіліся. Калі мы гэта ўсвядомім – у нас будзе ўсё: і чыстыя крыніцы, і сінявокія азёры, і пракаветныя дрэвы, і бойкія дарогі, і вуліцы, за якія не сорамна, і свяшчэннія магілы, да якіх прыйдзем пакланіцца. Будзе, бо мы тут гаспадары і нам тут жыць.

Уладзімір МІХНО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>