«Туристский бренд г. Лепеля»

maxresdefaultЛепельшчына, непаўторны блакітнавокі край… Яе незвычайную прыгажосць і хараство ўслаўляюць у сваіх творах кампазітары і паэты, а непаўторныя краявіды становяцца сюжэтамі карцін вядомых мастакоў. Сёлета ж, напярэдадні святкавання 580-гадовага юбілею горада ў нашым раёне праводзіцца конкурс “Турысцкі брэнд горада Лепеля”.

Больш падрабязна аб гэтым мерапрыемстве пойдзе размова ў інтэрв’ю з начальнікам аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Аленай Барадзейкай.
— Алена Іванаўна, скажыце, калі ласка, якія мэты і задачы конкурсу?
— Конкурс праводзіцца з мэтай вызначыць лепшы, арыгінальны і якасна выкананы эскіз турысцкага брэнда горада Лепеля. Разам з тым мерапрыемства садзейнічае патрыятычнаму выхаванню, фарміраванню грамадзянскай пазіцыі і любові да малой радзімы, а таксама стварэнню адзінай статэгіі паляпшэння турыстычнай прывабнасці і патэнцыялу г.Лепеля.
Арганізуючы гэта мерапрыемства, мы ставім перад сабой задачы стварыць спрыяльныя ўмовы для рэалізацыі ідэй і творчага патэнцыялу жыхароў г.Лепеля, прыцягнуць мясцовую моладзь да актыўнага ўдзелу ў грамадскім жыцці і сфарміраваць станоўчы імідж г.Лепеля як турыстычнай, гістарычнай і культурнай дэстынацыі.
— Пазнаёмце, калі ласка, з умовамі і парадкам правядзення конкурсу?
— У мерапрыемстве маюць магчымасць прыняць удзел як асобныя грамадзяне, так і аўтарскія калектывы ва ўзросце ад 14 да 31 года, якія аформілі ва ўстаноўленым парадку заяўку на ўдзел у конкурсе. Колькасць прадстаўленых работ, выкананых адным аўтарам або адным аўтарскім калектывам, не абмяжоўваецца.
Конкурсныя матэрыялы павінны ўтрымліваць традыцыйныя віды прадукцыі мясцовых прадпрыемстваў, памяць аб унікальных гістарычных фактах у летапісе раёна, традыцыйныя для мясцовасці рамёствы, а таксама гісторыка-культурную спадчыну Лепельшчыны. Матэрыялы, прадстаўленыя на конкурс, могуць аб’ядноўваць таксама ўнікальныя традыцыйныя, культурныя мерапрыемствы, мясцовыя легенды, паданні, павер’і г.д.
Аўтар уступае арганізатару сваё аўтарскае права, уключаючы ўсе маёмасныя правы.
— Які ж тэрмін прадастаўлення конкурсных работ?
— Работы патрэбна прадаставіць не пазней чацвёртага верасня бягучага года па адрасе: 211174, г.Лепель, вул.Ленінская, д.6, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Лепельскага раённага выканаўчага камітэта або па электроннай пошце ideologi-lepel@yandex.by з адзнакай “Конкурс”.
— Якія дакументы патрэбны для ўдзелу ў мерапрыемстве?
— Прэтэндэнты на ўдзел у конкурсе накіроўваюць пісьмовую заяўку і вопіс прадстаўленых дакументаў. Праект уключае ў сябе цітульны ліст, эскізы лагатыпу і слогана, выкананыя ў любой тэхніцы, у тым ліку і тэхніцы камп’ютарнай графікі, на паперы або іншай аснове (фармат А4-А3), тлумачальную запіску ў свабоднай форме з тэкставым апісаннем, абгрунтаваннем ідэі турысцкага лагатыпу і слогана, варыянтамі брэндзіравання, а таксама копію пашпарта аўтара.
Не дапускаецца выкарыстанне брэндаў, лагатыпаў, слоганаў і запатантаваных знакаў, якія ўжо існуюць.
— Алена Іванаўна, якім чынам вызначаецца пераможца конкурсу?
— Па выніках мерапрыемства камісіяй вызначаюцца пераможца і ўладальнік прыза сімпатый гледачоў. Пераможца конкурсу ўзнагароджваецца дыпломам і каштоўным падарункам. Удзельніку конкурсу, чыя работа ў сацыяльнай сетцы “Вконтакте” набрала найбольшую колькасць галасоў інтэрнэт-аўдыторыі, прысвойваецца прыз сімпатый гледачоў. Гэты ўдзельнік узнагароджваецца дыпломам і каштоўным падарункам. Узнагароджанне пераможцаў адбываецца ва ўрачыстай абстаноўцы.
Шчыра запрашаем творчых і ініцыятыўных жыхароў раёна, якія жадаюць падзяліцца з намі сваімі яркімі цікавымі ідэямі, прыняць удзел у мерапрыемстве. Кожная з конкурсных работ стане каштоўным укладам у развіццё турыстычнага і культурнага патэнцыялу Лепельшчыны.
Інтэрв’ю правяла Святлана ВАЗНЯК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>