Лепельчанин Карим Гайсёнок получил сто баллов на централизованном тестировании

karim2
ЦТ. Гэтыя дзве літары прыводзяць многіх старшакласнікаў у жах. Бацькі палохаюць, настаўнікі пераконваюць кінуць усе сілы на падрыхтоўку, асабліва калі выпускнік накіраваны на паступленне ў ВНУ. Не дзіва, што многія пачынаюць рыхтавацца да галоўнага экзамену за некалькі гадоў да выпуску са школы.

Камусьці ўдаецца атрымаць добры бал, камусьці — не, аднак з году ў год абавязкова знаходзяцца хлопцы і дзяўчаты, якія здаюць экзамены проста бліскуча, набраўшы максімальныя 100 балаў. У чым жа сакрэт іх поспеху?
У людзей, якія сцвярджаюць, што не хваляваліся на ЦТ, напэўна, жалезныя нервы. Аднак як кажа мой суразмоўца Карым Гайсёнак, выпускнік дзяржаўнай установы адукацыі “Лепельская сярэдняя школа №1”, ён быў спакойны, бо ў аўдыторыі знаходзіліся знаёмыя і аднакласнікі. У гэты час прыходзіць разуменне, што ты не адзін і ўсе праз гэта праходзяць.
Бабуля і дзядуля Карыма — паважаныя людзі ў нашым горадзе, шматлікія лепяльчане ўдзячныя ім за дапамогу. Не адно жыццё выратавалі яны за перыяд прафесійнай дзейнасці. Абодва — урачы з вялікай літары. Нават ад сваіх бацькоў чула ў іх адрас толькі самыя лепшыя словы. Бабуля Валянціна Андрэеўна Мілая працавала загадчыцай дзіцячага аддзялення Лепельскай ЦРБ, потым — артапедам у Лепельскай абласной дзіцячай бальніцы медыцынскай рэабілітацыі для дзяцей з захворваннямі апорна-рухальнага апарата, дзе дарыла шчасце матулям, дапамагаючы ў выздараўленні іх дзяцей. Дзядуля Леанард Фёдаравіч Гайсёнак працаваў 17 гадоў галоўным урачом Лепельскай ЦРБ, пазней — загадчыкам аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі. Аднак на гэтым дынастыя медыкаў не скончылася, па іх слядах пайшла дачка Наталля — маці Карыма. Пэўны час працавала раённым педыятрам, цяпер рупіцца ў дзяржаўнай установе “Лепельскі ваенны санаторый”.
— Напэўна, у сям’і медыкаў заўсёды размаўляюць толькі пра хваробы і медыцынскія выпадкі…
— Не, ніколі ў доме не чуў размоў на гэтыя тэмы. У сям’ю ніколі не прыносілі праблемы з работы. Лічу, што так і павінна быць.
А вось у дзяцінстве памятаю, як да бабулі і дзядулі прыходзілі знаёмыя, каб параіцца, прасілі дапамагчы. І яны ніколі не адмаўлялі. Ганаруся сваімі роднымі.
Яшчэ не ведаючы, куды паступіў малады чалавек, падумалася: “Ён проста павінен прадоўжыць дынастыю медыкаў, тым больш такіх вядомых і паважаных”. Так і атрымалася, Карым будзе вучыцца ў Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэце на лячэбным факультэце.
Дзяцінства прайшло ў доме бабулі і дзядулі. Прасторны двор, куры на падворку, заўсёды свежая гародніна і садавіна. На вуліцы мала было дзяцей, таму больш праводзіў час з кніжкай у руках. Аднак не толькі па гэтай прычыне любіў чытаць. Побач размешчана дзіцячая бібліятэка. Як туды не зазірнуць?!
Калі адкрываў кнігу, то забываў пра час. Мог прачытаць яе за два дні. Захапляўся “Гары Потар” англійскай пісьменніцы Джоан Роулінг, фэнтэзі “Ведьмак” польскага пісьменніка Анджэя Сапкоўскага. Апошні з прачытаных твораў — “Боская камедыя” Дантэ Аліг’еры.
А вось у дзясятым і адзінаццатым класах на любімыя кніжкі часу не было. Больш — падручнікі і дадатковая літаратура па прадметах. З узростам крыху змяніліся і погляды ў чытальніцкім плане — пацягнула на псіхалагічную літаратуру. Магчыма, гэта і добра. Будучы ўрач павінен добра ведаць псіхалогію чалавека і мець падыход да кожнага. Трэба ж не толькі дапамагчы, а часам і проста супакоіць, настроіць на пазітыў. Як кажуць спецыялісты, гэта ўжо палова шляху да выздараўлення.
Размаўляючы з Карымам, адчуваю ўпэўненасць у сваіх сілах, спакой. Штосьці падказвае, што з яго выйшаў бы добры хірург. Пазней даведалася, што з задавальненнем займаўся б гэтай справай.
У чацвёртым класе зацікавіўся гульнёй у шахматы, пачаў наведваць заняткі па інтарэсах у цэнтры дзяцей і моладзі, кіраўніком якога быў Віктар Радзько. А па вечарах адточваў сваё майстэрства ў партыях з дзядулем, які таксама добра ўмеў гуляць.
Прыкладна ў адзінаццаць гадоў зацікавіўся спортам, а менавіта веславаннем на байдарках, куды прывёў брат Аляксандр. За час заняткаў нават атрымаў спартыўны разрад. Карым — кандыдат у майстры спорту. Так здарылася, што там і знайшоў сабе сяброў.
— Што падабаецца ў гэтым відзе спорту?
— Больш за ўсё, напэўна, захапляюць спакой вады, цішыня і прыгожая прырода. Ёсць магчымасць заплыць у такія месцы, дзе няма пляжаў, людзей. Толькі ты і прырода. Можна паразважаць на розныя тэмы, пабыць сам з сабою. І зараз у вольную часіну не забываю любімы занятак.
— Даводзілася “куляцца” з байдаркі?
— Так, у першы ж дзень сеў у байдарку — і адразу трапіў у ваду. Аднак, на шчасце, гэта было летам, таму стрэсу не адчуў.
Карым спрабаваў займацца маляваннем, але вельмі хутка зразумеў, што гэта не яго справа жыцця. Нават у школе на чарчэнні яму дапамагаў аднакласнік.
У школу Карым ішоў ужо добра падрыхтаваным — умеў чытаць і пісаць. Бабуля з дзядулем, а таксама маці паклапаціліся, каб сын і ўнук добра вучыўся. Нават не памятае, як усяму навучыўся, бо лёгка давалася. Тры класы вучыўся ў сярэдняй школе №3, а потым перайшоў у СШ №1. Класны кіраўнік Марыя Асоўская так арганізавала дзейнасць, што хлопчык адчуў адразу падтрымку ад настаўніка і аднакласнікаў. Як кажуць, “хутка ўліўся”. У пятым класе кіраўніком стала Марына Ключнікава, якая ўмее знайсці падыход да кожнага вучня. Памятае, як пабывалі ў Маскве на экскурсіі.
Толькі добрыя словы кажа Карым пра сваіх настаўнікаў:
— Мне вельмі пашанцавала з педагогамі. Дзякуючы ім для мяне вучоба была цікавай. У даступнай форме кожны імкнуўся данесці нам патрэбную інфармацыю. Да любога настаўніка можна было звярнуцца з просьбай, пытаннем.
У дзяцінстве, як і ўсе хлопчыкі, Карым хацеў быць касманаўтам.
У падлеткавым узросце пра будучую прафесію зусім не думаў, толькі разумеў, які бліжэй профіль. Фізіка і матэматыка даваліся лёгка, таму спачатку нават хацеў выбраць гэты накірунак.
Карым атрымаў 100 балаў па біялогіі, дзякуючы выдатнаму настаўніку Алене Сільвановіч, якая навучыла карыстацца канспектам, у даступнай форме давала патрэбную інфармацыю і ведала, як зацікавіць вучня сваім прадметам.
Трэба сказаць, што і па іншых прадметах у Карыма амаль такія ж паказчыкі: па беларускай мове — 99, па хіміі — 96.
Вялікае жаданне атрымаць высокі бал у сертыфікаце давала сілы займацца летам, калі ўсе дзеці адпачываюць з сябрамі на возеры, за камп’ютарамі. А вось сёлета не мог дачакацца, калі ўступная кампанія скончыцца, каб ужо пабавіць час з сябрамі на ўлонні прыроды, пасядзець з гітарай каля рэчкі ці проста ў парку. Уяўляю сабе, які быў задаволены Карым, калі даведаўся, што паступіў.
Можа цяпер пасядзець і ў камп’ютарнай гульні “Вядзьмак”, і паслухаць музыку. Слухае песні розныя, у залежнасці ад настрою.
Вялікую падтрымку сыну аказвае і маці Наталля Леанардаўна, пазітыўная і зычлівая жанчына. Асабліва любіць Карым, калі яна гатуе мяса “па-французску”.
Даводзіцца і дапамагаць па гаспадарцы, бо жывуць у сваім доме. Капаць бульбу — менавіта яго абавязак. А калі трэба, хлопец можа і прапалоць, хоць вельмі не любіць гэтую справу.
Дарэчы, нядаўна Карым навучыўся граць на гітары за тыдзень. Сястра Марына пачала наведваць заняткі ў цэнтры дзяцей і моладзі па гэтым музычным інструменце. Вырашыў паспрабаваць, а, магчыма, і даказаць сабе, што і гэта можа зрабіць. І атрымалася.
Здзівіла, што хлопец сам сабраў камп’ютар.
— А навошта пераплачваць грошы, калі можна зрабіць гэта самому…
— А адкуль гэтыя веды атрымаў?
— Сам паглядзеў відэа і зразумеў, што магу гэта зрабіць.
Калі Карым паведаміў родным, што жадае быць урачом, маці прапанавала падумаць, разумеючы гэту справу “знутры”. А вось бабуля адразу задаволена паведаміла, што бачыць унука менавіта ў гэтай прафесіі.
У планах у хлопца — пазнаваць новае, стаць добрым урачом. Наперадзе — новы этап жыцця.
Як адзначаюць вопытныя педагогі, для добрай падрыхтоўкі да ЦТ мала адоранасці дзіцяці, на першы план выходзіць працавітасць. Лепшыя вынікі часцей паказвае той, хто шмат займаецца. І гэта, лічу, справядліва.
Наталля
ХРАПАВІЦКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>