Путешественник с блокнотом

anatol-sergiyonakБываюць у жыцці падзеі, па-сапраўднаму неардынарныя. Жыццё ўвогуле — рэч непрадказальная. Не заўсёды нашы планы ажыццяўляюцца. І тым не менш, мы імкнёмся штосьці планаваць, размяркоўваць і г.д. Ва ўсялякім выпадку, я жыву такім чынам, думаю, што і большасць людзей таксама. Сярод размеранасці дзён раптам узнікла нечаканасць.

Калі я на парозе сваёй хаты ўбачыў незнаёмца, быў нямала здзіўлены. А той спытаўся, ці я ёсць той, да каго ён прыехаў і, упэўніўшыся, што не памыліўся, рашуча мовіў:
— Хачу з вамі паразмаўляць.
Тут я павінен удакладніць, што мой нечаканы госць размаўляў па-беларуску, і гэтая акалічнасць яшчэ болей мяне здзівіла, а таксама настроіла на прыязны лад. Ну, пагадзіцеся, не кожны дзень да вас прыходзяць людзі, каб пагаварыць на роднай мове. І ці часта да вас у хату прыходзяць паэты? Вось і да мяне таксама нячаста, нягледзячы на тое, што і сам я чалавек творчы.
Незнаёмец, мужчына, на выгляд, гадоў каля пяцідзесяці (насамрэч, аказалася, болей), пакінуў ля плоту веласіпед, прыхапіў з сабою палявую сумачку — і мы пайшлі ў сад. Дзе ж можна яшчэ нязмушана паразмаўляць у залатым жніўні, як не на ўлонні прыроды.
І вось мы, нарэшце, пазнаёміліся. Да мяне завітаў паэт Анатоль Сергіёнак.
— Чытаю вас даўно, прынамсі, у раённай газеце, — прызнаўся Анатоль, — але нават не здагадваўся, што вы жывяце ў вёсцы. Думаў, што ў горадзе. Я ж тут часта бываю і, калі б ведаў, ужо даўно сустрэліся б.
Цікава, што я таксама чуў пра паэта Анатоля Сергіёнка. Ведаю, што ён актыўны ўдзельнік літаратурна-музычнага клуба “Выток”. Паэты і кампазітары часта выступаюць і ў бібліятэках, і ў школах, нават даводзілася мне рыхтаваць некалькі кароткіх допісаў пра тыя выступленні. Аднак жа нідзе дагэтуль мы не сустракаліся.
Яшчэ цікавей, што мы амаль землякі. Анатоль жыве ў Жарсцвяніках, колькі ж тут, калі напрамкі, з Чэрцаў! Таксама не жанаты, і мы, лічы, аднагодкі. Усяго прыблізна на два гады старэйшы, ён адчувае, аднак, сябе бадзёра і выглядае жвава. Інакш бы не вандраваў на веласіпедзе. Жыве Анатоль са старэнькаю маці, якой ужо восемдзесят. Кажа, што маюць невялікую гаспадарку, агарод, з якога і жывуць. Пенсія маці ды невялікія заробкі самога (пастаяннай працы зараз не мае) — вось і ўвесь іх сціплы бюджэт.
anatol-sergiyonak-1 anatol-sergiyonak-2Грошай усіх не заробіш, ды толькі мне падаецца, што такім людзям, як Анатоль, шмат іх і не патрэбна. Веласіпед, палявая сумачка з блакнотам — вось і ўсё. На першым месцы ў творцы — багацце ўражанняў. А ўражанні ды эмоцыі шмат грошай не патрабуюць.
— Магу размаўляць падоўгу з бярозкай пры дарозе, — прызнаецца мой суразмоўца. — А магу — з добрым чалавекам, якіх шукаю і сустракаю ў дарозе. Асабліва падабаецца весці размову з пажылымі настаўніцамі. У іх столькі жыццёвай мудрасці, і яны блізкія мне па духу.
— Па прыродзе сваёй Анатоль вельмі ўражлівы. Гэта і зразумела — інакш бы не быў паэтам. Вось і зараз адмыслова выбраўся ў Вішанькі, на Чашніччыну, каб схіліць галаву перад памяццю ахвяраў, што жывымі згарэлі ў гарніле вайны… У Анатоля генетычная памяць пра вайну яшчэ ад дзядоў.
Дзіва што падабаецца сустракацца з настаўнікамі. Анатоль Сергіёнак заўсёды сам хацеў быць педагогам, яму хораша з дзецьмі. Аднак — не суджана. У жыцці склалася так, што стаў электрыкам, на якога вучыўся ў Барысаве.
Анатоль бачыць свет непадробным і — ва ўсёй яго шматколернасці. Ён сам глядзіць на свет вачыма дзіцяці, бо можна сказаць, што гэты немалады ўжо чалавек і ёсць насамрэч дзіця. Дзіцячая душа жыве ў целе дарослага чалавека. Вы скажаце, што ўсё гэта няправільна, і ў кожным узросце павінны быць свае справы, захапленні, светапогляд… Так, гэта не норма, але толькі для простага чалавека. Для творцы ж не існуе нормы ў агульнапрынятым паняцці. Душа паэта светлая, шматгранная і заўсёды адкрытая. Яна даецца не кожнаму і — абавязкова з даважкам розных іншых жыццёвых нязручнасцяў.
Вось Анатолю, напрыклад, не дадзена асвоіць тэхніку, ну, хіба што веласіпед. У яго няма мабільнага тэлефона. Вы здзіўлены? А чаму тут здзіўляцца! Навошта яму тэлефон? Проста праяўленні сучаснай цывілізацыі яшчэ не запоўнілі той казачны свет, у якім жыве і адчувае сябе вельмі нават камфортна паэт-казачнік Анатоль Сергіёнак. Затое яму дадзена быць сапраўдным творцам — шчасце, якое наведвае далёка не кожнага.
Мы прыселі на лавачку ў садзе, пад калінаю, якая ўжо цалкам зачырванелася. Па парэчкавых кустах сноўдалі нейкія дробныя птушачкі, ласаваліся рэшткамі ягад. На жаль, птушкі ў жніўні ўжо не спяваюць. Затое соладка пахне вінаградам, якога сёлета даволі шмат. Працуюць пчолкі, чмялі і восы, запасаючыся на зіму… Ясны, цёплы, камфортны жнівеньскі поўдзень. Ну, чым не рай!
Чытаю Анатолю свой верш пра тое, што ёсць сапраўдны рай. А ў адказ творца беражліва адкрывае свой тоўсты блакнот-кніжачку ў скураной вокладцы. І я спачатку дзіўлюся роўненькаму, акуратненькаму, зусім не як у паэтаў, яго почырку. Усе вершы, паэмы, казкі свае мой госць запісвае ад рукі ў гэтую вось кніжачку. І яна амаль ужо ўся спісаная.
Спачатку дзіўлюся почырку, а потым — стылю: вобразнасці, надзвычайнай замілаванасці, далікатнасці, разнастайнасці яго паэтычных фарбаў, добраму адчуванню слова (ужо не кажу, якая ліецца-струменіць у паэта мова, бы рэчанька цячэ). Дзіўлюся яго цікаўнай дзіцячай паэтычнай душы, што пранізвае кожны вершаваны твор.
Я чуў вершы розных паэтаў. Іншыя творы часам слухаеш цярпліва, далікатна маўчыш, а сам разумееш: ані рыфмы, ані рытму, ані слова ён паэтычнага не адчувае. Аднак жа піша. Піша, чытае, прапагандуе, імкнецца надрукаваць напісанае. І не адчувае, небарака, што… ну, не паэт ён. Бо ў паэта ж і рыфмаплёта — розныя сусветы, правілы гульні, рознае светабачанне. Паэзія — не рыфма і не рытм, гэта стыль жыцця.
Слухаючы Анатоля Сергіёнка, хочацца слухаць і ведаць, што далей. Балазе і чытае ён свае вершы ды казкі хораша, пранікнёна, і героі іх запамінаюцца, як вунь той хлопчык Валошка з легенды пра Лепель. Чаму запамінаюцца? А таму што яны жывымі выходзяць з-пад пяра майстра. Хай сабе казкі-легенды Анатоль прыдумвае сам, не надта абапіраючыся на гістарычны матэрыял. Затое яны ў яго па-купалаўску вобразныя, аб’ёмныя, светлыя і жыццядайныя.
Пачытаўшы вершы, пераходзім да іншага. Прачынаецца журналісцкі інстынкт, і я імкнуся распытаць у чалавека шмат пра што, каб пабачыць, чым ён жыве, чым дыхае ў рэальным, не паэтычным жыцці.
— Адкуль так добра ведаеце мову?
— Дык я ж у беларускай школе вучыўся.
Аказваецца, Анатоль сваю беларускую сутнасць знайшоў у беларускамоўнай Поўсвіжскай школе. Адзін з нямногіх, як быццам іншыя не ў такой школе вучыліся. Нарадзіўся ж наш паэт у лепельскай “глыбінцы”, у вёсцы Замошша, але неўзабаве сям’я пераехала ў Жарсцвянікі.
— Ці спрабавалі дзесьці друкавацца? Ці ведаеце каго са знакамітых паэтаў з Мінска? Мажліва, вам з вашым талентам трэба ўступаць у Саюз пісьменнікаў.
— Не, са сталіцы нікога не ведаю. Ды і не думаў я пра Саюз, і не імкнуўся туды. Пішу з дзяцінства — вось і ўсё.
Адны імкнуцца падвысіць свой творчы статус з дапамогай розных творчых саюзаў. Іншыя — проста пішуць, кожнаму — сваё. А ў каго лепей атрымліваецца, ведае Бог.
Раннія творы Анатоля Сергіёнка ўсе згарэлі пад час пажару. Вельмі шкада. Ды і хто ведае, ці захаваюцца для нашчадкаў астатнія, што ў скураным нататніку? Пытанне складанае і амаль рытарычнае. У наш час распаўсюджанага самвыдата вельмі лёгка бывае выдаць за паэзію бяздарнае рыфмаплёцтва. Аднак разам з тым многія таленты так і застаюцца невядомымі па прычыне ўсё той жа фінансавай нішчымніцы. Нездарма кажуць, што таленту трэба дапамагаць, а бяздарнасць праб’ецца сама. Думаецца, дзеці і падлеткі, якія слухаюць зараз паэтычныя казкі і вершы Анатоля Сергіёнка з вуснаў самога аўтара, з задавальненнем пагарталі б і яго кнігі, багата ілюстраваныя, зробленыя ў добрым паліграфічным выкананні. Аднак… Пакуль што паэт-вандроўнік возіць свае творы на веласіпедзе ў скураным нататніку — наўпрост да люзей.
Размаўлялі каля дзвюх гадзін. Час праляцеў непрыкметна. Мой сціплы госць сеў на веласіпед і, націснуўшы на педалі, павёз свой паэтычны свет дадому. Шчаслівы — ён вяртаецца да маці…
На душы засталося светлае і крыху шчымлівае пачуццё. Бываюць жа ў жыцці нечаканыя і прыемныя сустрэчы!
Уладзімір МІХНО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>